Выбрать главу

А во — адымалі бязлітасна ў яго і гэта.

Няўмольны лёс ударыў пад дых другі раз.

2

У нядзелю зноў стыла празрыстая цішыня, і дзень гэтаксама пачынаўся з вялікай ахвотай. Ціхай радасцю на траве іскрылі мільярды расінак. Чырлікалі ва-ўсю бадзёрыя жаўрукі. Пышна квітнелі купчастыя ліпы, бзынчалі ды цягуча гулі пчолы. П'яніў перастаялы язмін, а за хутарам раскошна буялі, аж захлыналіся сваімі сокамі буракі. Але ў Лаўрэна штыкеціны, якія ён узяўся прыбіваць, валіліся з рук, пальцы не хацелі трымаць малатка і цвікоў. Патрэбна была толькі зачэпка, каб занятак кінуў.

Зачэпка неўзабаве знайшлася.

Каля плота стаяла доўгая лава са шрамамі старых парэзаў. Лаўрэн выпадкова зыркнуў на яе і ўбачыў пакінутыя ўнучкай гліняныя чаропкі з пяском, вянок з валошак ды ліст лопуху. Паклаўшы на слуп малаток і цвікі, ён апусціўся на лаву і са скупой расчуленасцю дакрануўся да Святланчыных цацак.

Да падвялага ўжо лопуху чорнай ніткай былі прышытыя адмысловым узорам жоўценькія пялёсткі курынай слепаты. Лаўрэн з умільнай цікавасцю прыгледзеўся да «вышывання» і толькі цяпер успомніў, як Святланка яму снілася сёння. Успомніў выразна, бытта ўсё адбывалася наяве.

Снілася яму, што ўнучцы яшчэ два з паловай годзікі і яна прыстала да Нінкі: «Баба-а, ляцець хацу!»

«Ляце-ець?!»

«Ага!»

«Што ты, малое, выдумало, ах бо-ожа! I як жа ты ляцець думаеш, скажы мне?»

«А во!» — замахала ручкамі.

«Для гэтага ж, унучанька, крыллі патрэбны — птушкі імі толькі робяць так — фыр! фыр! фыр! А ў нас з табой крылляў — няма!»

«А-ай, хацу-у!»

«Ну, і куды ж ты паляцела б?»

«На лямпу!»

«Да му-ухаў сядзеш?»

«Да му-ухаў!»

«...?!.»

«I баба сядзе на лямпу, і Света, і дзе-ед!..»

З любоўю і гонарам, выпрамляючы лопух, Лаўрэн сам да сябе праказаў услых:

Такой дурненькай была ашчэ ж зусім нядаўно, і — ты глядзі, прыроду ўжэ падпраўляе!..

Але зараду хапіла ненадоўга.

Ён абыякава пакарміў курэй ды парсюка. Пакаштаваўшы без ніякай ахвоты сам нейкай калбытухі, палазіўшы да нудоты па садку, Лаўрэн у гародчыку абцёр аб траву ступакі, абмытыя халоднай расой, усунуў іх у кірзавыя боты і, не разумеючы яшчэ нават, куды ды чаго нясуць яго ногі, патупаў па дарожцы.

Непрыкметна для сябе хутка апынуўся каля ладнага будыначка, дзе на першым паверсе памяшчаўся сельсавет, а на другім — праўленне калгаса.

3

Ля сельсавецкага плота тырчала грузавічка з засохлай граззю на бартах, але яе кабіна была ўся заклееная прыгожанькімі артыстачкамі. Ля сваёй машыны стаяў Франак ды хваліўся барадатаму і худому дзецюку новай куртачкай:

Праўда, Юрка, люксовая?

У-ух, фірма!

I ты маеш хэнць на такую?

О-о, шчэ пыта-аеш!

Дудкі! Хадзі сабе, як дрыцкін, у сваіх лахманах, а я цяпер у такой ведаеш што вытвараць буду?

Франак малайцавата закружыўся ў танцы, заспяваў:

Не бэндэн сень жэ-эніл,

Не бэндэн сень спе-ешыл,

Бэндэн сень умі-ізгал,

I дзевчэнта це-шы-ыл!

Барада ў высокага хлапца расла аж з шыі. Была яна густая і ўраджайная, з рыжых валасінак, а твар — у рабацінні.

Вочы ў худога адразу загарэліся.

Прадай, Шмігельскі!

Табе?

Прадай!

А фі-фі не хо-хо?

Слу-ухай, будзь чалавекам, Фра-анак! Хоць лішняя капейка кішэню не муляе, але адразу кладу сотню!

Зубасты рот Франака бліснуў на сонцы белізной:

Пацалуй мяне дзісь, а я цябе — заўтра, добро?

Файныя грошы кладу, падумай!

Ні за якія капіталы!

Шчэ чырвонец набаўлю! Сто дзесяць рублёў будзе — як лёду!

Не старайса!

Падажджы, падажджы, прыйдзе коза да воза!..

— Скажы хоць, дзе дастаў?

Франак хітравата міргнуў:

А-а, зраўнацца хочаш? Толькі на могілках усе роўныя!

Прызнавайса, Шмігельскі!

Учора браты з Гродна прывязлі!

Бачу — нетутэйшая!

I сын пана Вішпінга такой не насіў, праўда?

Люкс! Бо — імпарт!

Ага, фінская, думаеш? Зірні на штамп: «Мадэ ін Бераставіца». О'кэй? Ха-ха-ха-ха!

Фасоніста пахаджваючы перад раздражнёным напарнікам, праспяваў зноў:

Сікора сень озребіла —

За мястэм на хвасце!

Породзіла тшыста дзядув

I баб едэ-эна-асце-е!..

Пляменнік толькі цяпер убачыў сваяка.

А вы куды паўзеце?

Лаўрэн сябе адчуў вельмі вінавата — бытта сцапалі яго на злачынстве.

На выган мне, Франак...

Хлапец з недаўменнем хвіліну на яго талопіўся.

— Цяпе-ер на вы-ыган?

Да Нёмана...

Успомніўшы пра намаганні старшыні — абсталяваць на дзядзька-вым хутары каранцін для раёна,— Франак вельмі перапалохаўся: