Выбрать главу

Так з часам у іх укаранілася ўпэўненасць, што самае важнае, самае разумнае, самае значнае і патрэбнае адбываецца толькі ў яго сям'і, у Зялёнай Даліне.

А во зараз Лаўрэн западозрыў, што Нініны выхаванцы ды пес-туны, яго родныя дзеці і наследнікі, з-за якіх у свой час пераўтва-рыўся ў якогасьці нарыхтоўшчыка, папіхайлу, замуленага вала — а з жонкай яны не мелі ні дня, ні ночы спакою,— намерыліся яго гэтак пакрыўдзіць, як не пакрыўдзіў яшчэ ніхто на свеце.

Падумаць толькі — прымушаць развітацца з родным кутком.

За ўсё жыццё з Нінай вёску ён пакідаў толькі пару разоў.

Перад самай нямецка-польскай вайной у канцы жніўня 19З9 года забіралі яго ў польскае войска. Прапусцілі цераз медкамісію. Абмундзіравалі. Выдалі карабін, амуніцыю ды нават завезлі аж пад самую Варшаву. Але немцы за гэты час паспелі ўжо сваімі танкамі здратаваць, а самалётамі размалаціць амаль усю Польшчу. Польскія салдаты разбегліся хто куды, і роўна праз пяць тыдняў Лаўрэн ужо хадзіў па сваім падворку ды наводзіў парадак.

Восенню 1944 года, калі перлі з Беларусі гітлераўцаў, другі раз да войска прызвалі Лаўрэна нашыя. Покуль у Бабруйску ў запасным палку іх абвучылі, покуль завезлі — як на тое! — таксама пад Варшаву, наступіў і Новы год. Пакаштаваў поўныя чатыры месяцы вайны — зноў дадому.

Але гэта было не тое.

Дзве тыя адлучкі з дому цяпер Лаўрэну нагадвалі паездкі «за польскім часам» на заробкі ў Брузгоўскі лес, адкуль мужыкі на стан-цыю Ласосна вазілі камлі. Сумаваць не давала работа. Аднак ён тады яшчэ — мужчына ў росквіце сілы, ідучы з бічом ля змардаванага каня, бы маленькі, сілай вывезены ад мацеры, лічыў дні і гадзіны, калі вернецца дамоў. Усё яго цела ныла ад цяжкай працы, а думкі луналі вакол роднае хаты, сям'і ды Зялёнай Даліны. I нават у найбольшыя халады ад думак гэтых рабілася адразу цяплей.

Што будзе грэць яго зноў?

5

Калі Лаўрэн нязграбна пералазіў нізкую каменную агароджу могі-лак, спазма зноў, як абцугамі, хапіла за горла, і ён уголас прастагнаў:

— Даўно пайшоў мне восьмы дзесятак! Больш я ніякі не работнік! Маё ўсё даўно мінуло! Але ж куды, Нінка, сама падумай, адрывацца мне ад сваіх каранёў?! Скажы, што твае хлопцы прыдумалі? Куды яны мяне валачы збіраюцца? Хібо абодва павар'яцелі і ўжо забыліса, што старыя дзеравы не перасаджваюць?! Яны ж не прыжываюцца нават і на добрай глебе! Ні-інка, ты ж ім адтуль хоць у сне скажы пра гэто і наківай гэтым дурням!

Лаўрэн апынуўся нарэшце на другім баку каменнай сценкі.

З партрэцікаў на крыжах, пірамідках ды блоках з натуральнага ды штучнага мармуру на Лаўрэна адразу ўталопіліся насцярожаныя вочы. Гэтых позіркаў было шмат, усе глядзелі ўчэпіста, і Лаўрэну здалося — ён выразна адчувае, як усе яны маўчаць і цікуюць за кожным яго рухам, і ён чамусьці адчуў сябе надта вінаватым. Каб не спатыкацца са шматлікімі вачыма, каб менш звяртаць іхнюю ўвагу, Лаўрэн панурыў галаву ды, стараючыся нічога не бачыць, хутчэй патупаў між могілак да запаветнага месца.

Гадоў з дзесяць таму ў іхнім калгасе пайшла пагоня за ўраджаямі цукровых буракоў, а вёску сталі завальваць мінералкай. Цукровы бурак — гіблае дзела, бо ні для сартыравання яго насення, ні для прарэджванпя, ні супроць даўганосіка, блох, матавага буракаеда, матыля ці чарвякоў вучоныя з інжынерамі так машыны і не зрабілі. Не маглі прыдумаць ці начальства слаба на іх націскала — хто іх там ведае. Усе бурачныя палеткі пасыпалі атрутай.

Нінка атруцілася. Выпадкова, вядома.

На вёсцы тады яшчэ мала хто ведаў, як сцерагчыся ад гэтай халернай хіміі. Аграномам было ўжо ўсё вядома — аж занадта. Палевікоў яны нават вучылі — чыталі ім аб гэтым з кніжак. А бура-каводам выдавалі спецыяльныя рэспіратары, бы ў вайну салдатам — процівагазы; давалі ўсім і павязкі на раты ды насы. Але ж нікога з дурных баб такое вучэнне тады не пераканала. Яны, бы тыя дзеці,— покуль само не парэжацца колькі разоў да касці ды не пабачыць кроў на іншым, высцерагацца і не падумае: не дапаможа ні твой угавор, ні вартаванне, ні наказы, ні просьбы, ні пагрозы, ні штрафы — вялікія і малыя.

Ніна тады пайшла высока. Ох, як узнялася.

Паставілі яе над бабамі брыгадзіркай. Радуючыся за свае ўраджаі, яна, а як жа, гумовыя ды жалезныя тыя прычандалы клала кожны раз у кошык ды валакла на поле — паспрабуй не вазьмі, калі аграном правярае! — але карыстацца імі і не думала. Гэтак сябе паводзіла і яе напарніца.