Усё тое было для іх — так, смешачкі.
Ніна з сяброўкай працаваць умелі — ух, як сябе паказалі! Як вы-кладвалі душы на полі і цягнулі з сябе жылы, як надрывалі свае пупы!
Яны дабіліся ўраджаю цукровых буракоў спачатку па чатырыста, потым па пяцьсот, а нарэшце — шэсцьсот цэнтнераў з гектара, бытта зялёнадалінскія палі ляжалі сярод украінскага чарназёму. Пра іхнія рэкорды пісалі газеты. Перадавалі не раз, не два і не тры — па радыё. Баб расхвальвалі на сходках. Паказвалі па тэлевізары. Вазілі потым яшчэ ў Мінск і нават — аж у самую Маскву, на Усесаюзную выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі.
Божа ты мой, чаго ім тады ні дарылі — і граматы, распісаныя золатам, і адрэзы драпу, крэпдэшыну, і залатыя гадзіннікі, і транзістары, і пральныя машыны, і дываны!..
Бабы цешыліся, як тыя дзяўчынкі. Бо і цешыцца было з-за чаго! Бабамі ганарыліся дзеці і сваякі, вяскоўцы і начальнікі — калгасныя, раённыя, абласныя...
А скончылася ўсё гэтае вяселле — унь чым.
Адной раніцы палетак абпырскалі вадкасцю, каб забіць пустазел-ле. Цяпер трэба было сцерагчыся і дзён пяць-шэсць на поле — носа на высоўваць. Але — дзе там. Пасля полудня бабы ўжо рупліва, бы тыя казуркі з карычневымі крыльцамі, поркаліся паміж радкоў, не надта давяраючы гэтым самым хімікатам.
А неўзабаве і пачалося.
Нінка з жонкай вясковага п'яніцы Алёшкі-Рубдваццаць раптам перасталі есці. Абедзве паступова схуднелі ды пачалі скардзіцца — галава і жывот баліць, слабасць ды мляўкасць разліваецца па целе і ніякая ежа ў рот не лезе. Сваю жонку Лаўрэн ад жывата пачаў адварам палыну паіць — не дапамагло, ежу ўсю назад вярнула.
Праз пару тыдняў аслепла адна, затым — другая...
Перапалоханы старшыня адпусціў ім сваю «Волгу», абвазіў па лепшых бальніцах, урачах. Сем'ям хворых праўленне прырэзала яшчэ сотак. Выдзеліла тысячу рублёў адной і другой дапамогі, споўніла ўсе іхнія жаданні і — усё дарэмна.
Маладзейшая напарніца паступова вылізалася. Працуе унь і цяпер летам на бураках звеннявой, а ўзіму і вясной — даяркай; нават з выгляду цяпер такая самая. Лаўрэнавай жа кабеце не дапамаглі ні прафесары, ні замежныя лекі, ні мужавы старанні, ні спачуванні дзяцей. З найлепшай бальніцы знатную на ўвесь абшар буракаводку давялося забіраць ледзь жывой.
Страх, як тады яе разабрала. З мажнай сакавітай бабы — бойкай і рухавай — засталіся знямоглыя мошчы, а высахла ў гаплючок. Але і ў такім стане перажывала не за сябе.
Пару тыдняў, бедная, папастагнала яшчэ дома. Папамэнчылася, а пасля слабенькім-слабенькім галаском ды чамусьці надта спакойна і без ніякага шкадавання, што развітваецца з мужам, нават і без ценю страху, што адпраўляецца на той свет, аб'явіла:
«Усё, Лаўрэне, паміраю я. Трымаласа, трымаласа, але больш — не магу. Ваюй цяпер тут сам, а я — аджыла сваё. Толькі за дзяцьмі ж глядзі тут. Найбольш — за тым, што ва Уладзівастоку. Гэтыя — амаль дома, на віду абодва, а наш Колік, бедны,— на чужбіне. Таму даста-ецца найгорш... Як ён там... Так мне яго... Так я яго і... Лаўрэн, таксамо і старэйшых не можаш кідаць — усіх шкадуй, і жанок іхніх таксамо...»
Аддыхаўшыся:
«У сінім сундуку адрэзы на касцюмы ляжаць — нівесткам раздай... А што прызапашана ў жоўтым скрутку на дне куфра — унучачцы, калі крыху падрасце... Ашчэ Колікавай Іне, як толькі родзіць, пашлі дзіцячае прыданае, мо там яго не купяць адразу... Унь яно, у цэлафані ляжыць навідоку, за мамінай іконай... Яна павінна на днях у радзільню пайсці ўжэ... Я ўсё чакала ціліграмы, сны чакала... Але не прысніласа, бо, мусі, было ашчэ зарано...»
Затым сказала, у што яе адзець да труны, якія абуць тапачкі, каго на памінкі паклікаць, куды народ запрасіць, чым частаваць і чым абабіць труну. Тады ўзглянула на яго.
«Нічога, ты шчэ моцны... Ты шчэ зможаш...» — кінула, бытта ўздыхнула. I — амін, згасла Нінка.
I во — ляжыць тут у сваім вечным доме, замураваная, ужо аж два гады. А зямля там, углыбіні, відаць, халодная-халодная, бы зімой. Напэўно.
6
Там унь, каля дарогі, кожны год яны з Нінай садзілі капусту. Ну ж і кусцілася яна — пудовыя качаны выганяла; за адну такую галоўку ў Гродне на Сенным рынку — аж дваццаць грошай выкладвалі! Ад быдла загоны з капустай агарадзіў жэрдкамі. Слупы ўкапаў моцныя ды такія ж надзейныя папрыбіваў папярок балясіны...
I ты глядзі, цяпер ад усяго — ані слядочка. Куды яно ўсё тое падзявалася?
Восенню 19З9 года са Шпаком Васілём яны, нядаўна мабілізава-ныя да польскага войска, уцяклі ад нямецкай перадавой лініі. Гро-дзеншчыну ўжо вызвалілі першыя Саветы. Але якія гэтыя самыя Саветы, уцекачы яшчэ не ведалі. Адны палохалі, што польскіх салдат чырвонаармейцы адразу хапаюць ды пруць у Сібір на шахты, а іншыя запэўнівалі — усё гэта мана. На ўсялякі выпадак абодва землякі ад самай Малкіні прабіраліся да гэтых могілак альбо ноччу, альбо лесам ды хмызнякамі.