Пасылаючы знаёмых шафёраў капаць яму, Лаўрэн прасіў выбраць месца, каб побач засталося і яму, дык — не паслухалі. Уціснулі яго жонку паміж іншых магіл — ленаваліся пашукаць лепшага. А гэты гунцвот, Франак Шмігельскі, шчэ выскаліўся:
«Вам, дзядзьку, зарана аб гэтым клапаціцца, бо і нас вы перажывеце! Напэўно перажывеце! Колькі ваш дзед жыў? Кажуць, дзевяносто шэсць гадоў, праўда? То вам да гэтаго шчэ — ого!»
«А сыны хіба прывязуць бацьку хаваць з вялікаго горада сюды? Чорта лысаго. I ты бачыш, усё раней ужэ было ў іх абдумано ў мяне за плячамі...»
Цэлае жыццё на гэтай зямлі прагараваў. Здароўе ёй усё аддаў, сілу на яе выклаў дарэшты. Тут пахаваны дзяды і прадзеды. Тут ляжыць Нінка, побач — родная хата. А самому давядзецца цяпер немаведама дзе косці злажыць — во дажыўся!
Лаўрэн апусціўся на лаўку, закурыў.
Выгляд магілкі з просценькім крыжам яго ацверазіў — чалавек на момант задумаўся і пачакаў, покуль напоўніцца ўспамінамі. А яны, як на тое, да яго не ішлі, хоць ён і намагаўся. Увагу прыцягнула далёкае і гэтак знаёмае чаканне сарокі. Уздрыгванне бадылікаў ля магілак напамінала, што ў густой траве зараз мітусяцца мільярды мурашак і казявак. Ад таго, што пакідае Зялёную Даліну, падмывала разгуб-ленасць. А ўся тая сіла, што сюды яго перла, некуды дзелася. Ужо смешным нават здаўся намер — бегчы скардзіцца на магілу да Ніны. Кабета яго адышла са свету назаўсёды, хоць ноччу яму ўсё яшчэ сніцца і бачыць тады яе, як наяву. Дый была яна звычайная вяско-вая баба. Дзеці маглі абдурыць і яе. Ого, яшчэ як абдурылі б і мацеру!
«Зрэшты, яна, напэўно, і слова не сказала б супроць. Факт, прамаўчала б. Бо ў адносінах з дзяцьмі паводзіла сябе якраз, бы той дурны карась з наднёманскіх старыц, якога на патэльні смажылі, а ён захапляўся — ах, як смачна пахне! Паперласа б адразу за імі, і там гэтаксамо абмывала б, абшывала б, карміла б, лячыла б ды гаіла б ім драпіны, дзьмула б на гузы, падцірала б насы і попкі, намагалася б яшчэ ўсміхацца ды нават — весяліць. I шчэ мяне прымусіла б гэтым эгаістам патураць.
Але недажыла.
Ляжыць сабе тут пад таполямі ў вечным спакоі і цішыні, гора і клопатаў не ведаючы. А ты, чалавеча, бы тая мушка з адарваным жыватом, якая яшчэ бойка бегае унь у траве, бы той знямоглы стары воўк, абкладзены з усіх бакоў пшурамі з чырвонымі стужкамі недзе ў Брузгоўскім лесе,— заставайса са сваімі болькамі, чакай і выглядвай апошняй часіны».
Лаўрэн шпурнуў акурак, уціснуў яго абцасам у пясок, плюнуў ды з роспаччу ўзняў галаву.
На старыцы, як заўсёды, віскліва заводзілі, жаласліва скардзіліся некаму кнігаўкі. З вёскі не далятаў ні адзін гук — бытта Зялёная Даліна вымерла. З партрэцікаў на крыжах, пірамідках, чыгунных трубках, з мармуровых, гранітных, цэментавых блокаў і блочкаў талопіліся на яго дзесяткі вачэй — да болю блізкіх, паважных і вясёлых, спакойных і жывых, старых і маладых, мужчын і жанок.
Аж дзіва брала, што на такім маленькім пятачку збілася так многа народу і людзі гэтыя ад цеснаты не бунтуюцца.
Наадварот.
Усе надта здаволеныя. Вясёлыя. Па-святочнаму апранутыя. Адпачытыя. Яны бытта Лаўрэна даўно-даўно чакалі ды выглядалі, таму нават узрадаваліся цяпер яго з'яўленню і віталі зараз кожны па-свойму: усмешкай, падміргваннем, ласкай,— маўляў, давай, Лаўрэн, хадзі і ты да нас: у поўнай маўклівага спакою зямлі знойдзецца месца кожнаму. А іншыя ўзіраліся такімі разумнымі, шчырымі і мудрымі ва-чыма, што забіраліся да яго ажно ў душу. Унь якія яны ўсе шчаслівыя!
Няважна, што Лаўрэнава памяць ужо не трымала іхніх імён ды прозвішчаў,— ён адчуў з імі цяпер вострую сваяцкую супольнасць. Спахапіўся: менавіта тут ён свой. Там, за нізкай каменнай агароджай, не засталося ў яго ні аднаго блізкага чалавека. Во дзе яго вёска. Во дзе яго кагал і кампанія, суседзі і сябры, сваякі і знаёмыя, сям'я і веч-ная хата, брыгада, калгас і ферма, а ён, дурань, дагэтуль і не ведаў.
Гартань зноў, як абручом, схапіла спазма.
Перакульваючы слоік з язмінам, абтрэсваючы з яго апошнія пялёсткі, Лаўрэн упаў на кароткую магілу. Плечы яго раптам хапіла сутарга, сам ён зароў — здаўлена, працяжна і страшна, як толькі плачуць мужчыны, якія ўсё раптам страцілі:
«Ух-х-ху-ху-ху-ху-гы-гы-гы-гы-ы-ы-ы!!!»
8
Крыху супакоіўшыся, Лаўрэн задумаўся: што яму цяпер рабіць, жывым лезці ў магілу? На памяць прыйшлі выпадкі, якія раней не месціліся ў галаве.
За Нёманам, у Масалянах, вярнуўшыся ў кепскім настроі з партсхода, на якім не прынялі яго ў партыю, дома даведзены сынам і дочкамі да яшчэ большай крайнасці Лаўрэнаў аднагодак — Васіль Шпак — ускочыў у хлеўчык, сарваў з калочка касу ды шарахнуў сабе па горле.