Выбрать главу

А бераставіцкі Бэрка, у якога Лаўрэн браў напракат станок для дахоўкі на хату? Калі немец застрэліў на вуліцы яго Сулю, Бэрка з ворчыка сцягнуў пастронак, завязаў пятлю, закінуў на бэльку канец, зачапіў яго за гак, на якім у мінулым гойдаліся дзіцячыя калыскі, ды павесіўся.

У польскім войску салдат не выцерпеў здзеку афіцэра і кінуўся на штык...

Усе выпадкі яму цяпер здаліся цалкам натуральнымі, а не дзікімі, яны здаліся яму лагічнымі і нават разумнымі — Лаўрэн аж здзівіўся, як раней не заўважаў гэтага.

Перад яго вачыма паўстала зінгераўская брытва, прывезеная яшчэ з польскага войска. Ляжыць на падаконніку ў велькай хаце. Пазаўчора, перад іхнім прыездам, добра навастрыў. Пацягнуць толькі яшчэ пару разоў аб пасачак — агонь!

ЧАСТКА ДРУГАЯ

БІЯЛАГІЧНАЯ ЗАГАДКА

Існуе многа таямніц.

Для мяне, напрыклад, незразумела, як у бяздонні неабсяжнага Сусвету, з халоднага вакууму і зорнай плазмы паўстала такое багатае на формы, утульнае для жыцця, мілае ды роднае нашае прыстанішча — планета Зямля.

Незразумелая і таямніца старэння.

Біёлагі зводзяць яе да клетачных працэсаў. Аднак жа ніхто не можа ўявіць сабе клеткі — нават уласнай. Рукі, шыю, жывот — калі ласка, заўважаем. Сэрца, ныркі, вантробу, страўнік ці зубы — можна адчуць. А яшчэ калі забаляць — так адчуваем, што і месца сабе не знаходзім.

А клетка?

Кожны з нас старэе іначай. Адзін — «ад жывата». Чамусьці, па пэўным часе, нагвалт расце менавіта гэтая, а не іншая частка твайго цела; глядзіш, праз некалькі гадоў смешна падпіраюць яе ўжо тонкія ножкі, хоць харчуешся гэтаксама, а нават мо і лепш. Іншы старэе «ад носа»: менавіта гэты орган набірае адпаведны кшталт ды робіцца бурачковым ці порыстым, як перлон. Пра такога гавораць: «чалавек сваё выпіў». Яшчэ ў іншага расце падгарле. Ніжэй шчок у такога ягамосця раптам з'яўляюцца два мяшочкі непатрэбнай скуры. А яшчэ ў іншых пакрываецца сетачкай маршчын шыя, выпадаюць валасы, гніюць ды рассыпаюцца зубы, высыхаюць і робяцца як патычкі рукі ды горбяцца плечы, а вочы губляюць бляск, і тыя самыя клеткі цела пераўтвараюцца ў студзень.

Але найбольшая таямніца ў гэтым працэсе — не фізіялагічная, а — духоўная.

Неверагоднае дзіва адбываецца са здольнасцю да мыслення і фантазіі, праяў арыгінальнасці і таго, што называем — розумам. Побач са здзяцінелымі пяцідзесяцігодкамі, якія блытаюць імёны ўлас-ных сыноў, а не толькі — унукаў, наша планета напоўнена і геніяль-нымі старымі, што кіруюць цэлымі народамі, пішуць выдатныя кніжкі, з ліпавых пнёў ці граніту высякаюць таленавітыя скульптуры, малююць — яшчэ як!— палотны ды паміраюць са скіпетрамі, долата-мі, з пяром, пэндзлікам у руках. Наперакор усялякай логіцы, на здзіўленне ўсім нам, талент у такіх людзей не толькі не слабне — якраз такія дзівакі тады і дасягаюць свайго «зорнага часу». Людзьмі гэтымі ганарацца потым суайчыннікі. Ім ставяць помнікі, твораць пра іх легенды, а іхнія імены змяшчаюць у хрэстаматыях.

Бо над усім, відаць, не ўзрост мае ўплыў на такую актыўнасць, а — жывучасць. Але тады яна мала будзе залежаць ад гадоў, калі і чалавек гэтую жывучасць стане падтрымліваць, ставячы свайму целу і галаве ўсё новыя патрабаванні. Менавіта таму, мабыць, і хрэста-матыйныя целы са зморшчанымі, як высушаныя грушы, ці з распух-лымі, як порхаўка, тварамі, са ўздутымі жыватамі, тонкімі ножкамі ды з клеткамі, бы перастаялы жур, які гаспадыня збіраецца даўно вываліць на сметнік,— і захоўваюць надзвычайную вітальнасць, хоць іхнія ногі, рукі, вочы і сэрцы даўно пачалі разбурацца, выйшлі з пад-парадкавання, а ў мазгах засталіся актыўнымі толькі кволенькія ачажкі.

«Усё адбываецца, відаць, таму, што талент ды працаздольнасць — не толькі вынік актыўнасці клетак і мозгу чалавека, як лічым часамі мы, вульгарныя матэрыялісты»,— вычытаў я ў нейкай вельмі ж вучонай кніжцы.

Для сябе справу тлумачу яшчэ іначай.

Здольнасць тварыць ды існаваць не па шаблону, мне здаецца, запраграміравана ў кожным чалавеку самой прыродай, як — колер вачэй, таўшчыня валасінак на барадзе ці контуры чэрапа і носа. Гэтая ўласцівасць існуе аўтаномна і не залежыць ад таго — галодны ты ці стары. Але праяўляцца яна потым можа толькі пад варункам — калі статус пажылых людзей высокі.

Продкі мае не набудавалі для сябе палацаў, не накапілі мільёнаў, не спазналі раскошы — ні ў адным пакаленні, як можна асягнуць чалавечай памяццю! — затое да старых адносіліся з пашанай. Намер пасадзіць «дзеда з бабай» на печ у нас быў непапулярны. Яго высмейвалі нават у прыпеўках.