Куды горш было, што дзеці не давалі нічога рабіць.
Хопіць, бацьку, ты за ўсё жыццё нацярпеўса і намаяўса аж па самыя годзі! — яшчэ раз растлумачыў сын, калі аднойчы Лаўрэн, узяўшы шчотку, паспрабаваў прыбраць памяшканне.— Кіра сама справіцца, не трэ мне яе псаваць!
Ён паспрабаваў бараніцца:
— Ці ж гэто работа, Ула-адзік?!
Сын быў няўмольны:
Кінь! Дома ў нас хто падмятаў — мацерын быў гэто клопат, а не твой! Дома ты ані разу не ўзяў веніка ў рукі — памятаеш? Успомні ты, успомні, як было!.. Хай і мая жонка лішні раз зварухнецца, а ты сабе адпачывай, я ўжэ мінулы раз табе сказаў і паўтараць не люблю! Зрэшты, сам бачыш, якое ў горадзе падмятанне!
Усё ж такі...
Не дуры сабе, бацьку, галавы — нічого з маладой бабай не зробіцца, і карона з галавы не спадзе, калі шчоткай махне сюды-туды! Для гэтаго ёй нават нагінацца не трэ, як нашай маме над венікам,— бачыш, якія чаранкі для шчотак у гарадах тут прыдумалі? На паўтары метры! А лепш хай бярэцца за пыласос — для чаго такія грошы ў яго ўбухалі! Але ты пыласоса не бяры нават у рукі, бо шчэ ўключыш не туды і замыканне мне зробіш!..
2
У той дзень Уладзікава сям'я, як звычайна, з самай раніцы разы-шлася. Адразу пасля абеду Лаўрэн напусціў сабе ў ванну гарачай вады, залез у яе ды старанна памыўся. Выцершыся вялізным, як прасцірадла, і валахатым ручніком, сеў у мяккае крэсла ля тэлевізара астываць. Азіраючыся, каторы раз узяўся ацэньваць учэпістым вокам практычнага мужыка ўсё, што перад сабой бачыў. Ён ведаў аж за-надта вартасць чалавечай працы і яшчэ раз парадаваўся за сваіх сыноў.
«Ты толькі глядзі, як, халера на яго, здорава тут у іх усё прыду-мана. Мэбля — бы з дыхтоўнага дзерава. Нават і не паверыш, што — са спрасаванай саломкі, пакрытай карычневым лакам ці палітурай. А што ты будзеш рабіць, калі разрасліса гэтак гарады? У кожную кватэру падай ды — не быле-што. Дзе ж усім таго загранічнаго дзера-ва — той карэльскай бярозы набрацца. I во — знайшлі галавастыя інжынеры простае выйсце. Шчэ як файно блішчыць, і ні халеры да яе не прыстае — змахнуў потым звычайнай анучкай пылок ды зноў маеш той самы бляск. I блішчыць як — хоць ты бяры брытву ды галіса над ёй, бы перад люстэркам! А паркет?»
Падчас баёў у Германіі Лаўрэн у замку нейкага фон-барона бачыў такую менавіта камбінацыю з шашачак у елачку. Валяліся яны тады на такой падлозе з нябожчыкам Васілём Шпаком ды прыкідвалі — а колькі ж пайшло дубу на яе, заразу, колькі ж патрачана працы, якая ж яна павінна быць дарагая! Васіль казаў: і ў памешчыка з яго вёскі, у пана Вішпінга, падлога дакладна гэткая самая — Васіль добра разглядзеў, калі пану двайныя рамы падганяў.
«I во, бачыш ты, цяпер — абодва мае хлопцы падлогу паркетную маюць ды нават сабе з-за гэтаго ў вус не дуюць. Нявесткі мажуць яе кожны месяц якойсьці жоўтай гуталінай, шчэ націраюць добро і тады — хоць ты коўзайса.
А святла колькі!
Мала ім лямпачак пад столлю ва ўсіх пакоях, калідорах, ваннай ды туалеце, дак яшчэ дзеці завялі сабе высокую, бы мухамор, штуко-віну на белым, як для панскага сабачкі, павадку — нясі яе, куды ўздумаецца, і стаў. За ланцужок пацягнуў і — лямпачка загарыцца, а другі раз тузані — згасне: як бы яна была разумная ды ведала, калі і што ёй рабіць! Называецца, нібы для смеху,— таршэр. I файная, зараза,— вачэй не адарваць.
Эх, каб такое святло колішнім бабам, як бы яны пралі, што б навычаўплялі на кроснах, якія вышыўкі павышывалі б, якіх на прутках навязалі б світраў і кофт!
А там зноў краны з гарачай і халоднай вадой — пускай яе сабе, колькі твая душа пажадае і калі спатрэбіцца, альбо і просто — уздумаецца...
З Нінкай калісьці грэлі ў суботнія вечары па вядру вады ў свіных саганах, затым перакульвалі ў балейку ды лезлі ў яе. Пагвэдзаеш, пагвэдзаеш зверху, бывало, цело, і лічыласа ўжэ, што ты памыўса. На ўсю вёску адзін бацько Кавальцоваго Макара пабудаваў сабе лазню — стары Кавалец з сям'ёй выягджаў да Расеі ў бежанство і на такія будыніны там наглядзеўса. Але Макар скардзіўса, што з халернай лазняй мітрэнгі надто ж много. Таму стары Кавалец і паліў у ёй адно перад калядамі, вялікаднем, сёмухай, Новым рокам ды яшчэ — перад сынавым вяселлем.
Ва Уладзікавай ванне цела да таго распарвае, што потым сябе адчуваеш, халера на яго, бытто наново на свет нарадзіўса. I от, ты скажы, нідзе цяпер, здаецца, не робіш, ніколі не пылішса і не пацееш гэтак — бо няма дзе, каб нават і моцно захацеў! — а болей чатырох дзён не вытрымліваеш — бы магнітам ужэ цягне залезці зноў у тую белую яміну з гарачай вадой. Ужэ нават сабе, халера на яго, і не ўяўляеш, як без ёмкаго карыта з эмалевымі сценкамі столькі гадоў існаваў ды лічыў сябе нармальным чалавекам».