Спачатку Лаўрэн напускаў вады ў ванну беражліва — вядро-два. Заўважыла ўнучка, здзівілася:
«Чаго ты, дзеду, яе шкаду-уеш?!»
«А нашто лішнюю марнаваць?» — вельмі разгубіўся ён перад дзіцем.
«Дзе-ед, ты праўда вады-ы шкаду-уеш? Ой, умо-ора! Усім-усім раскажу — і тату, і мамцы!..»
Цяпер рабіў, як яны.
«Свой тэлефон — у калідоры. Трэбо на вёску пазваніць, альбо ў музей на работу, ці яму — на аўтабазу, і — звані. А халадзільнік?
Вядомо, у склепе бульбу ды бочкі з капустай, гуркамі і памідорамі трымаць лепей, але ж — астатняе?
I гэтая белая шафа табе заўша пад бокам. Калі захацеў, расхілі адно дзверы ды бяры, што душа твая прагне,— халодненькае, аж з расінкамі, свежае...»
Лаўрэн адразу палюбіў і тэлевізар. Як толькі хто прыедзе ў Маскву, Мінск ці нават — у Варшаву, як толькі пускаюць новы завод альбо канал'які-небудзь, тунель — так і дзівіся сабе на яго. Яшчэ прыглядайся, як зараз неспакойна на свеце і людзі цёнгле гінуць — то тут, то там, бытта мала крыві пралілі ў апошнюю вайну.
Толькі туалет і цяпер выклікаў у Лаўрэна няёмкасць. Не мог чалавек прызвычаіцца рабіць тое дома — хоць ты гвалт крычы. Але ж і без гэтага не абыдзешся. Таму карыстацца туалетам стараўся, калі ўсе спалі альбо — выходзілі з дому, а для вартавання часу меў дастат-кова.
Грошы яны з Нінай сыну давалі на голыя сцены, абсталяванне Уладзік набыў сам.
Лаўрэн зараз падумаў:
«Такое абсталяванне, напэўно, каштуе купу гатоўкі!» Праз старэй-шую ўнучку ён стараўся не раз даведацца, колькі яго сын з нявесткай зарабляюць. Але ж Света, хоць у школу і пайшла, а ў грашовых справах яшчэ зусім не разбіралася, таму нічога ад яе і не дабіўся.
Сын у той дзень быў у далёкім рэйсе. Кіра мела вечарам праф-саюзны сход. Нявестка папрасіла схадзіць у дзіцячы садок па пяцігадовага Ігара і да вечара з унукам пагуляць. Лаўрэн сябе да гэтага рыхтаваў — на сэрцы ў яго ад даручэння разлівалася цёплая і гордая хваля.
3
Астыўшы, Лаўрэн адчыніў фортку ды закурыў. Курыў ён мала — устанавіў сабе норму ў чатыры цыгарэціны на дзень і покуль што цвёрда яе трымаўся.
Пускаючы дым на двор, Лаўрэн спыніў вочы на сцяне супроць-леглага дома, шчодра залітага сонцам. Здалося яму гэтага мала, і ён нязграбна лёг на паркеце ды пастараўся разглядзець над будынкамі яшчэ і неба.
Прыглядаўся доўга, уважліва.
Па залаціста-радасных і касаватых праменнях, па высокай нябескай сіняве з белай смугою Лаўрэн адразу вызначыў — цяпер самы разгар бабінага лета.
Лаўрэн усім сваім нутром раптам адчуў пах вывернутай плугамі сыраватай зямлі і абвялага, прыцярушанага пяском бульбяніску. Убачыў, як уздоўж Нёмана, які блішчыць на сонцы, каля кустоў і пералескаў, што на вачах мянялі афарбоўку ды рабіліся больш празрыстымі, шавеляцца палі ад згорбленых над барознамі капачоў. Яшчэ выразна ўбачыў хлопчыкаў, якія з галавешкамі лётаюць ля вогнішчаў, пакідаючы за сабой хвалістыя стужкі дыму з іскрамі. На ўсіх бабах бялелі хусцінкі — бытта жанчыны выйшлі не бульбу дакопваць, а высыпалі ўсе, як адна, на гадавое свята ці з вялікай ахвотай вывалілі цэлай вёскай сена рабіць.
Яшчэ выразна ўбачыў, як пераганяюць пад навесы на зіму камбайны, а чырвоныя волаты мажна і паволі сунуцца праз вёску. Людзі застылі ад жаху ля сваіх дамоў: жалезныя страшыдлы вось-вось рассунуць у бакі вясковыя вуліцы ды змятуць платы з калодзежамі, агародчыкамі, мальвамі і вяргінямі, таму нядарам так ірвуцца з ланцугоў і шалеюць сабакі, а куры, перапалохана кудахтаючы, паўзляталі аж на ганкі і грушы.
У зялёнадалінцаў цяпер галоўны клопат: ці не рассохліся бочкі на капусту і гуркі, дзе ўзяць на зіму апалу, у якой вопратцы спатыкаць сцюжу і маразы, ці дастаткова шчыльныя хлеўчыкі, дзе стаяць парсюкі ды каровы. А калгаснае начальства падлічвае — ці хопіць да вясны корму для быдла.
Яму ўспомніліся і бытта хвастанулі па твары словы п'янаватага Паўла: «Табе будзе карцець даведацца, ці вырасла паабапал Верацейкі атава!..» Захацелася агрызнуцца: «Дурню яловы, а табе гэтаго не адведаць, і ты не радуйса!»
Душу Лаўрэна зноў апякла крыўда на сыноў.
Страшэнна захацелася апынуцца зараз на вёсцы, паўвіхацца за каровамі альбо ссумаваўшымі па рабоце рукамі сціснуць матыку ды грэбацца і грэбацца ў вывернутай плугам баразне да ламаты ў спіне і гэтаксама поўнымі ноздрамі ўдыхаць пах свежай зямлі і бульбы, а шпарамі босых ног адчуваць яе сыры і прыемны халадок.