Уладзік выпісваў мінскага і маскоўскага «фізкультурніка» ды яшчэ — «За рулём»; там Лаўрэн не знаходзіў нічога для сябе цікавага, таму не браў нават у рукі.
Нявестцы паштарка прыносіла часопісы «Тавары поштай», «Мода польска», «Кабета і жыце» ды яшчэ адзін — тоўсты, як добрая кніжка; у ім апісвалі пра выкапаныя чаропкі і косці, пра стрэлы і пікі, пра муры, растворы ды камяні, і чытаць пра ўсё гэта нудзіўся таксама.
Затое Лаўрэн памалу за тры месяцы павадзіўся вылузваць для сябе навіны тут з вітрын.
3
Выняў акуляры ён і ўзяўся прыглядацца праз шкло да сваёй любімай газеты — «Труд».
Адразу кінулася ў вочы інфармацыя аб новым палёце касманаўтаў. На гэты раз з нашымі пашыбаваў у неба кубінец Арнальда. Лаўрэн за яго парадаваўся — пісалі, што з неба хлапцу яго Гавана здалася, вельмі прыгожай.
Ах, як кубінцу спадабаўся родны горад.
На другой старонцы Лаўрэн вычытаў, што на Украіне цяпер ужо цікавяцца не вагой буракоў, а выхадам цукру з гектара бурачнага палетка. Па тры, па чатыры, па пяць тон у некаторых калгасах яго атрымліваюць.
«I правільна ўкраінцы робяць, бо для чаго садзяць бурак і потым з ім гэтак цацкаюцца? Для гэтаго самаго — цукру! Іншы палетак дасць табе прорву карэнняў ды кожны вялізны — бы той свіны саган, а то і большы, а што з яго? Жмых адзін!» — уздыхнуў Лаўрэн з палёгкай ад людской здагадлівасці.
Грамыка зноў выступаў на Асамблеі ААН і ўгаворваў амерыканцаў супроць вадароду. Але тыя — як сталі калісьці на сваім, так і — ні з месца.
«Што зробіш — буржуі. Нябось, каб амэрыканцаў тых у апошнюю вайну добра падсмаліў чырвоны певень, каб і іх прыпякло, каб і іхнія сем'і папагаладалі, наеліся страху, пакармілі вошай, атрымалі такую прорву пахаронак...»
У Сімферопалі здарыўся вялізны пажар у больніцы. Ішла якраз аперацыя над чалавекам і ўспыхнулі палаты. На ратунак хворым кінулі курсантаў з нейкага вучылішча.
«Малайцы, хлопцы, пастараліся — усіх, дзякуй богаві, выратавалі. Але скажы ты, велькія пажары былі калісь — зразумело, бо покуль яго ўбачылі, покуль пажарнікаў пабудзілі, покуль прывалаклі коньмі тыя бочкі з вадой, покуль развярнулі шлангі!.. Але ж як пажары ўхітраюцца цяпер выбухаць і разгарацца, што за халера? Столькі чырвоных машын завялі, спецыяльнай службы столькі трымаюць, а яна начаку ўвесь час?!.»
На Волзе зноў няма куды падзець памідораў...
«I валжане, выходзіць, гэткія самыя гаспадары, бы нашы. I яны потым есці будуць — балгарскія ды польскія. Як нашыя цяпер яблыкамі свіней ды кароў кормяць ледзь не ва ўсіх прынёманскіх вёсках, а потым калейкі машын пачнуць завозіць у магазіны фрукты загранічныя».
У раздзеле «Прырода» апісвалася, як птушкі ў мурашніку «купаюцца». Такі звычайны сабе дрозд спікіруе на капец і кіпцюрыкамі руйнуе мурашыныя церамочкі. Мурашы ўверх дружна пускаюць сваю кіслату з жыватоў, а хітраму дразду гэтага і трэба. Птушка пер'е распушыць ды ў воблаку кіслаты з боку на бок сабе здаволена перакульваецца — мінут з пятнаццаць купанку такую прымае і як не крэкча ад здавальнення.
«От, глядзі, і ў такой малечы свая хітрасць — і яна выгоды сваёй шукае!»
Пад Белгарадам у адным калгасе брыгадзіру Аляксееву стукнула восемдзесят. У яго аж трынаццаць дзяцей, дваццать чатыры ўнукі, дванаццаць ужо праўнукаў бегае, а з жонкай яшчэ моцныя — працуюць абое. Маюць добры садок і вялізны дом з верандай. I во — стаіць сабе сівы зух на фатаграфіі на паўгазеты, трымае новенькага ровара за руль ды здаволена ўсміхаецца. З аднаго, з другога боку ды за ім на лавачках выстраілася ўся фамілія Аляксеевых. Народу — бы з цэлай вёскі хто спецыяльна назганяў...
Гэты артыкул Лаўрэна крапуў найбсльш. Крануў за жывое і прымусіў задумацца.
Хлопцы яго скончылі ў Гродне вучобу, і бацька дамовіўся ў праўленні, што абодвух возьмуць на работу ў калгас. Ніна так і накінулася: «А што ім тут рабіць, ты падумаў? Унь дочкі Хвядоры Касавокай папрыягджаюць да бацькі і цэлае лето сіненькім мячыкам іграюць на выгане, як Вішпінгавы паненкі, а тваім дзецям тут у гнаі капацца? Хай і яны сваго шчасця пашукаюць, мазалёў хопіць маіх і тваіх!»
«Дурная баба, нібы бывае лёгкае шчасце! Ну, Мікалай, зразумела, паступіў на важную службу, і там без яго на моры не могуць абысціса. А што выйгралі Уладзік з Паўлам тут, у гэтым цесным горадзе? Цяпер на вёсцы е тыя самыя «Ікарусы» ды магазіны з таварамі. Праўда, у Зялёнай Даліне мо не з такім форсам тавар запакоўваюць, але ж і там поўно таго самаго масла, цукру і каўбасы. Асфальт, хоць і наздраваты, але пракладзены і там да кожнай фермы. Тыя самыя клюмбы з ружамі нават ля самога кароўніка — мы ж з Нінай іх разбівалі ды зверху навальвалі чарназёму пад клюмбы. А грошай у людзей на вёсцы яшчэ нават болей. Апранаюцца там мо і не так модно, але напэўно багацей. Кватэры спецыялістам сталі выдаваць з такімі самымі выгодамі, а маладых, хто толькі хоча ды не лянуецца, вечарамі сюды прывозяць на аўтобусах на канцэрты. Пуцёвак на Каўказ, у Венгрыю, Чэхаславакію скалькім людзям сваім калгас падарыў! Нядарам гарадскія цяпер пруцца кожны тыдзень у вёску. Фунт танных цукерачак прывязе, абладуецца торбамі з харчамі ды назад валачэцца, як на тую паншчыну. Вядомо, работа там пыльная, рабіць яе цяжэй — абы з рук там нічога не збудзеш, бо праца твая ў цэлай вёскі на віду, але ж для чаго тады і на свеце жыць?