Выбрать главу

Лаўрэн пацвердзіў.

Тут і нагнала іх абвешаная пакункамі ды пакуначкамі, як навагодняя ёлка цацкамі, суседка.

Як бачыце — паспела сама! — перахапіла малога.— Бо хоць драпежніка раніцой, кажуць, усё ж такі злавілі і ў заапарк вярнулі, але мне чамусьці за малога ўсё роўна страшна — з ім справіцца не так проста! Вялікае вам дзякуй, суседзе, за клопат!

— Не было ніякаго клопату. От, усё адно ішоў сюды па свайго галэпуса.

Але маці пра яго ўжо забылася. Малы прыстаў да яе з навіной:

— Мама, а Коля Крэнь — фігу выхавацельніцы паказаў!

Маладзіца — бытта і не чула.

Ты, сынок, усё ў абед з'еў?

Мамка-а, а бессаромны Коля Крэнь фігу Ніне Уладзіміраўне настаўляў!

— Ты, Вадзічак, скажы мне, ці ўсё...

— Ма-амка, ма-ам! А Коля Крэнь з нашай групы, калі мы зайшлі ў парк да фантана і пачалі караблікі пускаць...

Не дуры мне галавы са сваім Крэнем! Пляваць я на яго хацела! Што ў цябе каторы раз пытаюся, аглух? Чаму такі неслух?! Якая дысцыпліна ў цябе? Чаго вас вучаць у тым садзіку? За што дыпломы выхавацелькам вашым выдалі? Чаму не падпарадкоўваешся мне? Чаму? Будзеш слухацца?

Бу-уду.

Ну?

Ма-амка, а Коля Крэнь, калі мы зайшлі, то ён...

А-а, ты зноў за тое самае?! Мае словы табе — на вецер? Што мама скажа, ты не слухаеш? Ты, хуліган, гэтак сваю маці паважаеш? На табе за такія паводзіны, на, на, на, атрымлівай! Шчэ і бацьку скажу, дабавіць!

Ад крыўды Вадзік зароў на ўсю вуліцу.

А цяпер скажы — у абед усё з'еў, што далі?

Ы-ы-ы-ы-ы!..

Гавары! З'еў ці зноў ім пакінуў, каб выхавацелькі за твае харчы сабе дачы будавалі і на курорты ездзілі? Кажы мне зараз жа, бо атрымаеш шчэ і не так!

Суседка павяла малога дамоў, пакінуўшы дзеда з унукам адных.

«Цэлы дзень малое трымало ў памяці і нясло табе гэтую самую Крэневу фігу, каб ты, родная маці, пацвердзіла, што рабіць так нельга! Тваё слова было б тут — бы тая пячатка на іншым дакуменце. А што зрабіла ты? Муштруеш малога, як у польскім войску капрал салдата: «Стой! Ідзі! Гавары! Маўчы!» Э-эх, сапсавала малому ўсю песню! Шчэ, пэўне, й вучаная!» — падумаў Лаўрэн са шкадаваннем, ківаючы галавой.

Забіраючы ўнука з дзіцячага садзіка, ён цяпер меў з-за чаго ківаць галавой не адзін раз. Асабліва калі малых вялі дамоў маладыя бацькі. Іншае дзіця і пра тое, і пра гэта пыталася, а бацька тупаў, як балван, і з выразам панурай абыякавасці на твары маўчаў, бы закляты. I не заедзеш такому ў вуха, не звернеш увагу: «Прыслухайса, дурню, да сваго наследніка, яму ж на чалавека вырасці трэ!»

Затое, калі такому гіцлю трапіць сябар, бацьку ўжэ бытта падмянілі. Забывае адразу пра дзіця. Пачынае выхваляцца на ўсю вуліцу — дзе колькі ўчора выпіў, каму што сказаў, калі вярнуўся дамоў, як не спадабалася жонцы, як баба яго «пілавала», як «уламваў» яе, расол потым жлукціў, як пахмяляўся раніцой...

Вадзікава маці — проста заслепленая самка. Зрэшты, ці толькі яна?

Лаўрэн нагадаў, як некалі прыязджалі на канікулы сыны з ГПТУ ды адразу пачыналіся нелады і ў яго.

Ён, напрыклад, пытаўся:

«Ну, хлопцы, як вучоба ідзе?»

Ніна ўжо на яго кідалася, як той ястраб ка курыцу: «Не перашкаджай, хай пад'ядуць!»

Ён і адступаў — пад'есці, вядома, хлопцам трэба перш за ўсё, бо па сабе ведаў — покуль не насыцішся, нічога і ў галаву не лезе.

Але, выбраўшы момант, калі яны мыліся ды мянялі бялізну, зноў вярнуўся да свайго:

«Сыны, як там у вас заняткі праходзяць? Чаму паспелі навучыцца за гэты час? Што новаго ў горадзе? Мост за Каложай пачалі ўжэ будаваць?»

Кабета хоць і засцілала хлопцам ложак у бакоўцы ды ўзбівала падушкі, але была напагатове:

«Няўжэ ў цябе сумлення ані крыху няма? Чаго прыстаеш, як смала? Адыдзі са сваімі мастамі? Думаеш, ім цікаво пра твае масты? З'егдзі ды сам паўзірайса, ці будуюць! От, знайшоў з-за чаго прыставаць да іх!»

У наступны дзень Лаўрэн сыноў будзіў:

«Хлопцы, хопіць вылежувацца, як пан Вішпінг! Паднімайцеса! Паснедаем, пагаворым ды — на работу!»

«Не слухайце яго, дзеткі, не слухайце! Спіце, спіце сабе, калі паспаць можно,— набірайцеса сілы, бо за жызню сваю шчэ наробіцеса! — выскоквала абураная жонка з кухні ды венікам перла мужыка з бакоўкі на двор.— Што з цябе за бацько, родным дзецям не спрыяеш! Пацешыцца сваёй хатай нават ім не дасі!»

Затое яна дазваляла цешыцца, і — во...

«Ну, Ніна — вясковая цёмная баба. Але ж Вадзікава маці, напэўно, магла б і разумнейшай быць!»

— Дзе-еду, маро-озанага хацу!

«Няўжэ — усе жанчыны аднолькавыя? А што думаеш, мабыць, адна на адку нечым падобныя. Нядарам людзі ж і гаворку склалі: баба — е баба, нічого з ёй не папішаш. На вёсцы іхнюю бязглуздую ўпартасць і засляпленне дзецьмі ўраўнаважваюць, вядомо, мужыкі, а ў гарадах? Тут розныя школы прыдумалі, дзе і павінны такому вучыць перш за ўсё. Нашто ж яны інстытуты свае потым канчаюць? «...Каб выхавацелькі дачы за твае харчы будавалі!..» Такое сказаць на гэтых дзяўчатак! Яны ж так стараюццо, бедныя, за дзецьмі ўхаджуваючы! Ты сама якіясьці шахер-махеры робіш, то не звальвай на каго! Дый што ты лупцоўкай ад малога даб'ешса?!.»