Выбрать главу

Гм, дзе...

Падумаўшы хвіліну:

Адно не памятаю ўжэ — пазычыў тады хто з бабаў яго нябожчыцы ці Нінка так пояса і не знайшла... Не, хоць страляй у мяне, а прыпомніць не магу... А каб ты ведаў, якія пацешныя малыя зубраняткі — бародкі і рожкі, як у чарцянятак, шэльмоўскія мысачкі, лахматая поўсць, і сабака туды не залезе, куды ўваб'юцца яны!

Гэта ўнуку здалося нецікавым.

Ы-ы-ых, дзе-ед, а там што, глянь!

Каля малпоўніка тоўпіўся народ — пераважна школьнікі ды дзеці з бабулямі і мамамі. Сярод квяцістага тлуму рагатаў ды корчыў з сябе блазна чырванатвары лысы мужчына. Дзеці таксама смяяліся — нерашуча, стрымана.

Дзе-ед, хачу туды-ы, ідзё-ом!..

Усё азіраючыся на вальер з зубрам і надта шкадуючы, што і дробную частку не паведаў унуку з таго, што ведае пра звера, Лаўрэн неахвотна павалокся за малым.

3

За густымі кратамі — шымпанзэ з цыгарэтай. Прысеўшы на пянёчак, малпа, бы заядлы курыльшчык, зацягвалася дымам, пацешна пускаючы яго ўверх. Ад задавальнення аж стагнала:

Ух-х-х!

Праз момант:

Ух-х-х!..

Было сапраўды смешна, і людзі аж клаліся ад рогату. На чырванатварага наляцела з венікам тоўстая пажылая кабеціна ў чорным халаце:

Ты чаго, дубовая абармоціна, да яе ўвязаўса? Чаго ты да яе прыліп, каб да цябе зараза ліпла! Што ты, галава садовая, папяросу ёй падсунуў? Што ты тут вычаўпляеш, дурань яловы? Ты хібо не ведаеш, што нікацін каня забівае?

Вялікі кабецін жывот і навесы магутных грудзей аж закалаціліся ад абурэння. Але тып не міргнуў нават і вокам. Спаткаўшыся позіркам з Лаўрэнам, мужчына пачаў не то апраўдвацца, не то з кабеты кпіць:

Толькі спакойна, бабуся! I без ніякай панікі — хвалявацца табе шкодна! Ах, якія ты паказала тут нам эмоцыі — у тэатр бы цябе, на самую лепшую сцэну, і будзеш мець там гарантаваны поспех! А цяпер уважліва слухай, бабулечка. Па-першае, я ёй даваў не папяросу, а — цыгарэтку. Гэта — розніца, бабуся, і вялікая — як хлеб і булка! Альбо — не, як дзяўчына і замужняя баба, усякла? Так, так, каго хочаш спытайся! Па-другое, я даў тваёй малпе не што-небудзь — «Арбіту» падаў, і такое, бабусенька, трэба цаніць, а не адразу — з бухты-барахты! Папаша, ты згодзен са мной? О, ён згаджаецца, бо маўчыць: маўчанне — знак згоды! I па-трэцяе, харошая мая, тоўсценькая, як кадушка ад капусты, бабулечка. Чым, скажы, вярблюд падобен на канарэйку?

Жанчына сумелася.

— Ага, не ведаеш, а на людзей кідаешся! Яшчэ і эмоцыі паказваеш — унь як наляцела! Бо вярблюд, як і канарэйка, не ўмеюць ездзіць на веласіпедзе, бабця мая! А што кажа цігрыца мужу, калі цігр вечарам вяртаецца дамоў не ў палосачку, а — у клетачку?

Цяпер жанчына залямантавала на ўсю моц:

Ах, паску-уда! Ах, брахло-о ты няшча-аснае! Насабачыўса недзе і ўжэ мне тут зубы хочаш загаварыць, каб цябе нэндза загаварыла! То я ж табе зара пакажу такую канарэйку з вярблюдамі, амоцыю з веласіпедам і матацыклам ды паласатым тыграм, такую пакажу бабуленьку, што, гіцлю паршывы, нават свету божаго больш не пабачыш! Каб ты без памяці пайшоў, зараза чортавая! Э-эх я ж цябе зара...

Старая з усяе моцы пачала свянціць мужчыну венікам — па галаве, па твары, па вушах...

Но, но-о, асцяро-ожна, што ты сабе, дзевушка, дазваля-аеш! — адступіў мужчьша, ухіляючыся.

Прыляцеў сам дырэктар — высокі і худы стары. Чалавек адразу нырнуў у клетку адбіраць у малпы пачастунак. Бабуля галасіла, не перастаючы:

Ладно, рабілі б такое малыя дзеці! А гэты ж з лысінай на цэлую галаву, людко-ове, сам даўно бацько, напэўно! Раніцой такі ж гой стараваты бутэльку слану падаў, а цяпер — во, радуйса зноў — іншы гіцаль новы фокус выкінуў! I шчэ нездаволены, што яму амоцыю паказуваю! Шчэ, кажа, мне ў ціятар ісці і за дурную прымае, бытто сама не ведаю, хто на равэрах можа егдзіць, хто не можа! Ах, людко-ве, што за паганы народ пайшоў зара, вы адно пагляньце, адкуль столькі гояў бярэцца?!. Сканання на вас няма, абармоты, каб вы сабе ногі паламалі!

Нарэшце сухі і стары чалавек сігарэту ў малпы адабраў.

Што зробіш, Соня, розныя людзі бываюць на свеце! — супакоіў тоўстую работніцу.— А табе трэ заўсёды памятаць пра гэта ды пільна сачыць, бо вакол нас — вялізны горад і народ у ім розны! Ні секунды вока з вальераў сваіх не маеш права спускаць — такая ў цябе, кабета, работа! Калі пільна да ўсяго будзеш прыглядацца, тады і лямантаваць менш давядзецца!

Выбраўшыся з клеткі, стары прыстаў да мужчыны:

Вы іншага занятку не маглі сабе знайсці, грамадзянін, ці асабістай культуры не хапіла?

Таварыш дырэктар, малпе вашай я не абы-што — «Арбіту» галантна прапанаваў, а яна з фільтрам, яе міністры кураць!