Выбрать главу

Слыш, а як вы пантэру тую злавілі — гэто ж не кошка?!

Багі-іру? О-о, і задала ж яна нам амбарасу! Нават з міліцыяй кожны куточак у заапарку абшарылі, і — ніц! Далі аб'яву па радзіву, па цілівізару, то лепш бы яе і не давалі! О-ой, людко-ове, як пачалі, як пачалі-і адусюль званіць і дакладуваць, а ўсё — няпраўда! Бо ўбачыць хто дзе ката ці сабаку і бярэцца нам круціць — ціліфонаў цяпер поўно! А пад вечар учора наш дырэктар гутарыць па ціліфоне з адным такім круцільшчыкам. Вядзе гутарку, вядзе, але штосьці яго цюкнуло кінуць вокам у акно. Кінуў ды вачам сваім не даў веры! Падумай — каля самюткай прахадной будкі з-за мосціка вусатая мысачка выглядувае! Ну, паказалі мы для Багіры клетку — адразу і пайшла ў яе.

— Сама-а?

Вядомо! А чаго ж ты дзівішса? Выгадаваны ў няволі драпежны звер, Лаўрэне, жыць на свабодзе не можа нават і мінуты — у клетку ад свабоды ўцякае адразу.

— Што ты ка-ажаш?!

— Дальбо, праўда!

Лаўрэну нагадаліся ўцёкі з турмы рэцыдывістаў, і яго вельмі ўразіла падабенства выпадкаў.

У 19З9 годзе, адразу пасля ўз'яднання, мужыкі з панскімі парабкамі падзялілі Вішпінгаў маёнтак. Адзін парабак панскіх надзелаў браць не захацеў, як яго ні ўгаворвалі. З памешчыкам на Захад уцёк і потым, казалі, у яго лёкаем служыў...

Успомніўшы цяпер даўняе, Лаўрэн і ў гэтым выпадку ўбачыў падабенства. Толькі ў чым яно выяўлялася, вытлумачыць сабе не мог. Ужо праразалася думка, што ў гэтую хвіліну цьмяна і неакрэслена брадзіла, ужо цьмяную тую нітачку, здавалася, лавіў, а яна ўсё не паддавалася — хоць ты што хочаш рабі.

Жыццёвая складанасць чалавека надта ашаламіла. Ён аж пашкадаваў, што няма побач ні Васіля Шпака, ні Міхася Касцевіча — тыя ўсё разважылі б, напэўна. Маячыла адна Сонька Касіла — яе слухаў. Сказанае масалянкай, як і ў маладосці, адкладвалася ў ім ды вырастала ў вялікае, прыемнае і хвалюючае ўражанне — поўнае цікавасці і таямніцы.

Зямлячка спахапілася:

О-ой, чаго ж мы тут, дурныя, з табой тырчым на віду, ах, бо-ожа! Давай пойдзем сабе па дарожцы так унь туды ды пагутарым, як прыстало людзям сталым. Там перашкаджаць не павінен нам ніхто. Пагутарыць маем аб чым — столькі не бачыліса!

I яны патупалі ўздоўж высокіх таполяў, дзе і праўда не было ні аднаго чалавека.

5

Размова дарослых Ігару здалася надта сумнай, нецікавай, ён безупынна вырываўся.

Ты не круціса, як верабей у веніку! — накрычаў на малога дзед.— Не дзыгай так, верталёце, і не тузай мяне, а файненько сабе ідзі, зважліво!

Ох, і праўда дзыгае! Ён у цябе, бачу, верталёт, і шчэ які! — палесціла кабета земляку, з любоўю азіраючы хлопчыка, яшчэ і пагладзіла па галоўцы.

— Такі ўзрост.

Акурат такі, ага.

Ну, то гавары, гавары, я слухаю! I не думай, я ўсё-ўсё чую! Не звяртаймо на малого ўвагі! Гэтаго галэпуса са сваіх рук не выпушчу, ты не трывожса!

Глядзі-і ж, не выпускай, Лаўрэнку, бо потым бяды мы з табой не абярэмса!

Няма абавы — моцно трымаю.

I зноў яна затараторыла. А Лаўрэн, не выпускаючы ўнука, тупаў побач памалу, лавіў кожнае яе слова ды ўважліва зямлячку разглядаў.

Пад выцвілымі брывамі Соньчыны вочы былі яшчэ поўныя агню і жывасці. Таўставатая шыя нават цямнела ад загару, а ў жорсткіх шэрых валасах пацешна тырчалі дзве пластмасавыя прыколкі, якія Лаўрэнава ўнучка называла «бананамі». Але і скрозь паўнату ды разбухлыя з гадамі шчокі, нос перад ім паступова паўставала тая самая масалянка, з якой ён выкаблучваў полькі, танга, факстроты, вальсы ды абэркі.

Танцорка з яе была нястомная і ведала ў гэтым смак.

Лаўрэн раптам успомніў дні, як перад ім адкрылася калісьці чароўнасць падбалочанай, заўсёды беднай наднёманскай альшынкі, што ўжо абяцала незямную раскошу. На памяць прыйшло гарачае дыханне чэрвеньскіх вечароў і пошчак салаўя:

Сала пёк, сала пёк,

Кап, кап, кап —

Цюр-р-р-р!..

Выразна ўспомнілася, як у тыя месячныя ночы пад металёвы пошум альховага лісця сядзелі яны, абняўшыся, над рэчкай, глядзелі ў ваду і міжволі сумняваліся — а ці не пасяліўся месяц з зорамі на дне Нёмана. Выразна нагадаўся на Соньцы пах той кужэльнай чысціні з ільнянога палатна і нават халадок яе аголеных рук — белых і маладых. На танцах абое былі такія зухі, а калі выходзілі ў альшынку, яе раптам агортвала нявінная нясмеласць, ад чаго гэтаксама нясмелым рабіўся і ён.

Успомніў цяпер усё тое, і нутро яго — ад пят да макаўкі галавы! — прашыў голад па жаночым целе.

Лаўрэн зусім па-свойску паклаў свабодцую руку на Соньчыны крутыя плечы і даўняй памяццю сваіх мускулаў адзначыў нават са здзіўленнем — плечы яе дакладна на той самай вышыні, што былі многа-многа гадоў таму. Яму раптам захацелася зліцца з ёю, удыхнуць пах яе цела, тады ўзяць яе грудзі ды ўзважыць у далонях. Ён адчуў да яе пазывы не меншыя, як у маладыя гады. Даўно Лаўрэну не было так добра.