Выбрать главу

Ну, а жаніцца ты шчэ не надумаў?

Сколькі ўжэ няма Нінкі — гады два з гакам?

Акурат.

Пара! Вядомо, ты ёй, як і ўсе мы калісьці, жэнячыса ці выходзячы замуж, вернасць шлюбаваў, то і быў верным. Ніхто ў гэтым цябе не мае права ўпікаць — ні адзін чалавек. Але — цяпер? Калі жэнішса, толькі дурань стане цяпер вытыкаць цябе пальцам! Думаеш, адной мне гэто па вум прыйшло? Папытай каго сабе хочаш, а тое самае скажа!

А што?! — першы раз ад смерці жонкі Лаўрэн дазволіў сабе на гуллівасць.

— Я, думаеш, смехам пытаюса? Чула, табе надто добро жывецца, сыны з нявесткамі вельмі спрыяюць — ты і дагледжаны, ты і накормлены, і абагрэты, і дамашнім цяплом абласканы, але ж заўша не самастойны. Госцем покуль што жывеш!

Гэто — та-ак...

I будзеш госцем жыць, як бы табе ні спрыялі! А ўсе госці потым робяцца — сам ведаеш чым. Станеш да таго апускацца? Напэўно — не, я ж цябе з даўнаго часу ведаю. Жаніцца табе трэ, круці не круці. Але — не бяда, нявестаў цяпер — унь сколькі свабодных, адно паспявай выбіраць!

У Соньчыных словах была жалезная сялянская логіка і такі шчыры клопат аб ім, што ў душы Лаўрэна як бы нешта раптоўна перавярнулася. Ён адчуў да яе ўдзячнасць, убачыўшы — Сонька зусім-зусім не крыўдуе, што калісьці яе сватаў, аб усім дамовіўся, а ўзяў другую. I малайчына, што не трымае зла, бо не ўсе тыя вянчаюцца, што любяцца ды кахаюцца.

Не так просто, падруга,— уздыхнуў ён.

I я ведаю, што — не!

Тады — чаму пытаеш?

Але ж табе мусово жаніцца!

Мусово, кажаш?

Напэўно!

У дзве солі не макаюць.

О-о, не-е, Лаўрэне, тут — не пра тыя дзве солі! Каб ты жанаты быў і шукаў сабе каханку, тады можно было б і гэтак сказаць, а як жа! Ты ж зара — адзін!

— Што праўда то праўда — адзін. А кавалерская жызня ў мае гады — не жызня. Але хто яго ведае, што мне цяпер рабіць, калі так усё перавярнуласа. Не то жаніцца, не то раіцца, не то плакацца — бы ў нас казалі ў такім выпадку. Хвіліну абое маўчалі.

Ладно, там будзе відаць. Покуль неяк жыву, як жывецца,— уздыхнуў.— Але, бы ты кажаш, у мяне е і жытло, я наеты, і абагрэты...

А ўсё не тое, праўда?

Праўда твая.

Бо я ведаю!

Ну, а ты за мяне пайшла б?

Толькі скажы!

I Сонька раптам уставілася ў яго блізкімі і дапытлівымі, з асцярожным і затоеным чаканнем вачыма — не па ўзросту жывымі ды свежымі.

Ён прамаўчаў, і яна праз секунду дадала як бы жартам:

Ну, то як — бярэш мяне за жонку? Бо я гатовая ісці — нават зараз!

Лаўрэну аж страшна зрабілася. Але — на хвіліну.

А што думаеш? Выкінуў тады штуку, не ажаніўса з табой калісь, то — мог бы цяпер,— сказаў ён весела ды зноў адчуў у сабе жаданні, бы некалі — да Ніны.

Зямлячка як бы адгадала, што адбываецца ў яго на душы.

Ты не думай, Лаўрэн, я шчэ надто моцная і здаровая! Шчэ нават, дальбо, зубоў — глянь! — сколькі ў роце маю сваіх! I сплю добро, і ем, і рабіць магу... Адно, як нагнусо, у вачах цямнее ўжэ. Ды шчэ перад дажджом часамі ломіць і ў спіну аддае. Але гэто — ніц не шкодзіць, цярпела ў жызні і не тое!

Цярпець мы ўмеем! 1

Я і кажу! Баба з мяне, ведаеш, шчэ нават здатная ды і гадамі не надто старая — шэсцьдзесят пяць маю скончаных адно нядаўно! Нават і грошай крыху сабрала!

— Ніц супроць цябе і не кажу.

— Але напэўно думаеш — от, няўдачніца, лезе тут са сваімі болькамі, дурыць мне галаву. Не-е, Лаўрэне, на сябе няма мне чаго казаць, у параўнанні з другімі! Як пагляджу на іншых, як прыгляджуса да другіх, то...

На хвіліну задумалася.

Чуў, з чаго мой Касіло памёр, царство яму нябеснае? Кроў у Нічыпара папсаваласа — зусім нікудышняй стала. Раптам застыла на смалу — густую і чорную!

— Ты ба-ачыш, што на чалавека зваліласа!.. Але стэльмах з яго быў, ведаеш, надто добры, хоць заўсёды ганіў сваю работу. Калісьці, шчэ за «польскім часам», зрабіў мне чатыры званчакі да воза — зносу ім не было.

О-о-ой, потым заказы ўсе так хвалілі, бо рабіў іх нарыхтык, хоць кожнаму Нічыпар гэтак ганіў! Памятаю, старэйшая дачка ад-нойчы спыталася: «Тату, нашто гэтак усім нагаворуваеце на сябе, людзі ж да вас больш з заказамі не пойдуць, і што тады рабіць будзеце?» А ён: «Пойдуць. Бачыш, Гэля, людзі добро ведаюць, што кожны майстра брэша, а толькі яго выраб гаворыць аб майстру праўду!»

У гэтым, напэўно, меў рэхт. Цяпер іншы малады — зробіць не зробіць, а ўжэ пахваліцца. Ну і што, гэто — лепш? Майстра рукі павінны славіць, а не язык!