Але Лаўрэн ёй гаварыць не даў:
Ведаеш, шчэ, як малому, цягне наесціса, каб аж бурчэло ў вантробе, груш-дзічак! Гнілак, вядомо! Пакладзеш, бывало, у сено на пару дзён і — гатово! Вінно-салодкія, сакавітыя, шурпаценькія, а еш — сколькі душа жадае!
У горадзе гнілак, дурныя, чамусьці брыдзяцца.
...Бонды нашай паеў бы. А над усё, ведаеш, чаго хочацца? Кіслай капусты. Стравы.
?!
Ну, ну, самай звычайнай капусты, якую ў нас варылі ў кожнай хаце! У іх чамусьці тут толькі прэснае гатуюць — дзень у дзень, у будзень і ў свято. Я нават хадзіў у сталоўку — адную, другую, трэцюю, але — без толку. Папросіш, то дзеўчына на цябе, бы на страшыдло, вытарашчыць вочы. А мне часамі хочацца — хоць ты вазьмі ды заплач!
Яна зірнула на земляка, бы на дурня.
Ах, Лаўрэн, Лаўрэн, якая з цябе булавешка і ёлупень, хоць і бывалы мужчына! Ты ж не тое прасіў! У гарадах цяперашніх страву гэтую называюць не капустай, а — шчы!
Да ну-у?! — сумеўся чалавек.
Дальбух, праўда! I як гэто ты так?!.
— Ладно, цяпер будзеш ведаць ужэ! Але я не магу надзівіцца, як ты файно выглядаеш! Разрабіўса ў такого мажнаго мужчыну як! Ты шчэ, Лаўрэн, доўго пажывеш! Відаць, вельмі-такі добро дзеці з табой абыходзяцца тут, вельмі табе спрыяюць!
Лаўрэн ужо зазлаваў:
Галодным павінны марыць мяне, ці што? У багадзельнях — і то даглядаюць чужыя нянечкі, а то — свае!
— I не кажы ніц! Паслухай лепш. Памятаеш Пранцысю з Востраво, якое за Індурай? Ну, тая самая, што са мной ды з тваёй Нінкай служыла ў гродзенскіх паноў. Мужык памёр, і, бедная, засталася на хутары адная-адзіношанькая. Пароласа на вучастку сваім ды прыкармлівала сабак — тых, што гаспадары пакідалі, перабраўшыса ў горад. Дак сыны дурную ўгаварылі прадаць хату ім на машыну таксамо, бы твае, ды перавязлі мацеру сюды. Нявесткі адразу і пачалі да яе прыдзірацца; а то гаворыць не па-іхняму, а то кепско пахне, а то ў іхнюю гутарку лезе, а то малітвы пры дзецях гаворыць, а то не на тую дзірку ў туалеце сядзе!.. Пранцыся цярпела-цярпела, покуль змагла. А тады выскачыла з дому ды — на аўтобусную! Прыехала ў Востраво, упала ў сваю крапіву пад плотам і давай выць. Выла дзень, выла два, нічого ў рот не браўшы, покуль людзі не паклікалі Дзеншчыкава[23]. Той зжаліўса над беднай, купіў ёй за трыста рублёў халупу, і цяпер жыве там ды калгасную кантору прыбірае. Я гасціла нядаўно ў яе. Частавала мяне сваім хлебам! У газавай духоўцы пячэ!.. А сма-ачны, духмя-аны — як з хлебнай печы, не адрозніць! Каб ты бачыў, якая цяпер Пранцыся здаволеная, вясёлая! Зноў да яе мо з сем пакінутых сабак збегласа. Казала, былі дохлыя і згаладнелыя — мыло ў яе нават усё паелі. Цяпер і ад каўбасы мысы вернуць, падлы. Гладкія — бы паршукі кормныя! Пранцыся прызнавалася — палажыла дзве сотні на ўнучку, а цяпер ужэ палучку збірае і кладзе на сваю кароўку — жыць без каровы ке можа!..
Лаўрэн не паспеў на гэта нічога сяброўцы адказаць, бо ля клеткі з белымі мядзведзямі раптам пачуўся плач дзіцяці. Там грозна закрычаў дырэктар:
Чыё тут малое блытаецца, дзе яго маці?
Сонька з Лаўрэнам спыніліся як укопаныя. Абое зірнулі адзін на аднаго з недаўменнем. А дырэктар крычаў:
Хто пусціў такога падшыванца да драпежных звяроў? З глузду ён з'ехаў ці яму не церпіцца дзіця страціць? А куды падзявалася нашая Касіла, чаму не трымаецца сваго рабочага месца, што ў нас за анархія такая?
Сонька ўстрапянулася:
Бо-ожа літасці-івы, ах, людко-ове, што ж мы з табой нарабі-ілі?! Лаўрэ-эн, ці не твой унук гэто аж туды запёр? — закрычала ўжо зусім сіпла.— Во-о-ой, Барыс Ляксандравіч, бягу-у! Адно на хвіліну, Барыс Ляксандравіч, адышла — земляка спаткала!
Толькі цяпер устрапянуўся і Лаўрэн — Ігара няма!
Што за ліха, куды ж хлопчык падзеўся? Як жа так, гэтага верталёта толькі што трымаў за руку! Моцна трымаў, бо галэпус усё намагаўся вырвацца і турзаўся ва ўсе бакі. Як жа Ігар умудрыўся выслізгнуць і калі?
Ад страху Лаўрэн амярцвеў, не ведаючы, што і рабіць.
Заплаканага хлопчыка неўзабаве прынесла прысмірнелая, вінаватая Сонька, прыгаворваючы:
А во, во, Ігарочак, супакойса ўжэ. I дзед твой цябе во чакае — да свае мамуські зара пойдзеш! Сціхні, дурненькі, не будзь такім плаксуном! Не хліпай ужэ, будзе! Ну, паплакаў і — хопіць!..
БОЙКІ УНУК, I ШТО З ГЭТАГА ВЫЙШЛА
1
Калі дзед з малым прывалакліся з горада, дома засталі гасцей. Да іх завітаў Павел, а з рэйса вярнуўся сам гаспадар. Мужчыны сядзелі перад распячатанай бутэлькай «Сталічнай». Кіра падавала на стол закусь.
23
Дзеншчыкаў П. В. (1918-1980), Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня калгаса «Авангард» Гродзенскага раена.