— Нарэ-эшце і нашыя валацу-угі з'явіліса, а мы ўжэ праз міліцыю збіраліса вас шукаць! — закрычаў узрадаваны Уладзік. Па яго голасу Лаўрэн адразу вызначыў — сын паспеў ужо добра выпіць і быў, што называюць, «вясёлы з пахмелу».
Калі ўсе павіталіся, Кіра загадала:
Мыйце рукі і вы, хутчэй!
Неўзабаве дзед з унукам вярнуліся з ваннай. Нявестка закамандавала зноў:
А цяпер — сядайце вячэраць! Света, хадзі, дачушка, і ты! — кінула ў дзіцячы пакой.
Праз хвіліну:
Ігар, табе малака ці кефіру?
Нічога не хацу, мамацка.
Мусіш!
А-ай!..
Я сказала — будзеш!
— Ігар, Ігар, слухайся яе! — накрычаў бацька.
Маці стукнула перад малым дзвюма шклянкамі:
На, сам выбірай!
Калі за сталом усе размясціліся, Уладзік з ненатуральным бляскам у вачах пацікавіўся:
Ну, мае Маркевічы — стары і малы, дзе ж вы прападалі аж столькі часу і што рабілі, выкладувайце!
Лаўрэн не назаляўся, бо добра ведаў — пытанне скіравана да Ігара. Што ж, хай Уладзік цешыцца сабе наследнікам, гэта нават добра. Яму затое вельмі не падабалася, што ў сыноў без бутэлькі не бывала аніякай размовы.
Бацьку не раз трывожыла, што ніколі не бачыў у іхніх руках кніжкі, часопіса, ні якіх-небудзь шахмат ці шашак, як у іншых, а толькі — чаркі, чаркі і чаркі. Ніякіх іншых мысляў не мелі, толькі каб выпіць. Бо тады ў абодвух адно і развязваліся языкі. Бывала, калі яшчэ дома пачынаў пра гэта бумболіць, Нінка адразу затыкала яму рот: маўляў, дарослыя, як сабе хочуць, хай гэтак сабе і жывуць, справа іхняя, а ты, стары чорт, не ў сваю — носа не сунь.
Бытта бацьку гэта не датычыла.
Аднак Лаўрэн мусіў падпарадкавацца. Паступова прызвычаіўся на ўсё глядзець і маўчаць, бы нямко, чакаючы з трывогай, што з гэтага атрымаецца, хоць змірыцца так і не змог. Праўда, у душы для сыноў знаходзіў апраўданне.
«А калі ім было заразіцца цягай да тых самых кніжак і часопісаў, шахмат? Пры панскай Польшчы нават Павел не паспеў павучыцца ніводнай зімы. Не цэлы рок пахадзілі да школы ўдвух з Уладзікам, бо Мікалай только што нарадзіўса,— за «першымі Саветамі»[24]. А немцы прыйшлі, і ўжэ ніхто нават не чуў пра тую школу. Пасля акупацыі абодва крыху паегдзілі на равэрах у сямігодку да Эйсмантаў. Але ж не дай бог, якія ў пасляваенную разруху настаўнікі былі — хіба ж яны маглі чаму дзяцей навучыць, даць чаго-небудзь святоваго, зразумець дасціпных хлопчыкаў, якіх некуды цягнуло, якім усё трэ было ведаць, бачыць ды шчэ паспрабаваць на зуб? Бедныя мае хлопцы адбывалі тады якуюсьці паншчыну, покуль не засаромеліса ды тае «вучобы» не кінулі. К таму часу пераросткамі пасталі, у школе смяяліея з іх нават малыя, у той час калі ўсюды патрабаваліся працавітыя рукі. Адно потым па тры гады пабылі ў гэтым горадзе ў вучылішчы «фэзэо», як тады школы такія называліса. Але ж чаму тут іх вучылі ў той час? Паказвалі, як разбіраць, як складваць ды рамантаваць маторы, як круціць абаранку і мяняць скаты, ды шчэ якія бываюць тыпы дарог, бензін, масла, бо нагвалт патрэбны былі ўсюды шафёры.
I во круцяць сабе тыя абаранкі — укалуваюць, як самі кажуць, па гадоў ужэ з пятнаццаць.
Пашанцавала адно самаму меншаму, Мікалаю.
Той паскрэбак мацнейшы быў у памяці — хлопцам надто памятлівым быў, а час яму спрыяў. Колька таму і дзесяцігодку файно скончыў — з медалём нават! Потым адолеў марское вучылішча і даслужыўса аж да капітана. Першы з Зялёнай Даліны, каму выпала правіць марскім караблём. I плавае па свеце недзе ў вялікай пашане. Калі меншы пры Нінцы прывёз у Зялёную Даліну сваю Іну бацькам паказуваць, то свяціўса ўвесь, бы тое сонца на небе. Блішчэлі на ім не толькі залатыя пагоны ды корцік з раменьчыкамі пры боку — уся вёска да яго гарнуласа і велічала Мікалаем Лаўрэнавічам ці — таварышам капітанам. Адны перад аднымі беглі да яго, каб хоць перакінуцца слоўцам. Але ж там і паўзірацца было на каго, і паслухаць, і пагаварыць з кім, а бацькам — з-за каго ганарыцца.
Толькі меншы, бывало, і кароў пасучы, кніжкі чытаў. А ў школу ці са школы ідучы, не выпускаў яе з рук. Часамі і мацеры што-небудзь слёзнае ды жаласлівае прачытваў. Налаўчыўса глытаць іх, жэўжык, па дарозе і ў дождж, і ў завею, і вечарам, і днём. З Нінай не маглі сына аніяк адвадзіць ад гэтай хваробы. Абое з жонкай баяліса, каб што на мазгі хлопцу не ўпало, каб не аслеп, не дай божа, з-за гэтаго ці на якую сухоту не захварэў.
Унь у якое дзело тое чытанне выліласа.
Спачатку загарэўса выдумваннем розных гісторыяў, іх нават газеты змяшчалі, па радыё іх чыталі. Тады яму параілі — каб стаць сапраўдным пісьменнікам, аднае школы і кніжак мало, трэбо жыццё добро спазнаць і людзей. Колік адправіўса ў далёкі край і там во — спазнае. Яму добро і бацькам гонар...»