Ну, Ігар, мы чакаем, што нам скажаш! — падагнаў малога бацька.
Сын перастаў пускаць у кефір бурбалкі і нарэшце заявіў:
А ў заапарку стаяў новы трактар!
О-о, дак вы нават паспелі дайсці туды?!— узрадаваўся бацька.
Вы — што?! — Кіра ўся аж устрапянулася.— А пантэра, што бегае?!
Не бойса, яе даўно злавілі і міліцыя адбой дала! — супакоіў Уладзік.
Хібо што...
Значыць, у звярынцы былі?
Ат, плёнталіса, плёнталіса па парку дый забрылі — ці доўга нам? — удакладніў Лаўрэн, ужо асмялелы, што паход іхні сыну спадабаўся.— Білет мне адно дзесяць капеек каштуе, малому — зусім без грошай... Шкада, хлеба не набралі зубрам...
Хвалю! Вельмі, тату, добра зрабілі! Малому надто карысно! I, кажаш, сын, трактара там бачыў?
Ага. Чырвонага.
Для гэтага, пляменнічак, і ў заапарк не трэба было хадзіць! — пасмяяўся Павел.
Жонка яго была бяздзетная, і ён братавым малым уміляўся, бы сваім.
Але ты, Уладзік, глянь адно, не быў бы то хлопец — першым чынам — што яму ў вочы ўпало, га? Тэхніка!
О-о! Ён у мяне ўжэ даўно ўсе маркі машын разлічвае! Дый не толькі хлопец гэтым цікавіцца! Учора, разумееш, раскалупаў памідор відэльцам і крычыць да Кіры: «Мама-а, ты казала, у ім вітамін многа, а дзе яны?!» Ха-ха-ха-ха! Гэты народзец такое заўважае ўсё-о! Калі ашчэ рабіў на гарадскім маршруце, любіў за імі назіраць. Адарвуцца ад мамаў ды цікуюць праз шкло да цябе ў шафёрку! На прыпынку націскаеш кнопачкі, каб паадчыняць людзям дзверы, а гэтыя з зайздрасцю сочаць за тваімі рукамі ды кантрольныя агеньчыкі вачанятамі аж пажыраюць. У кожнага на вуме адно — дапусцілі б туды яго!.. Ну, ну, кажы нам, што ў заапарку шчэ было, Ігар? — павёў допыт ужо надта горды бацька.
— Шчэ малпа курыла.
Во хуліганка, што ўздумала!
А потым прыйшоў дзядзя і курыць папяросу ёй не даў.
Забраў курыва?
Ага.
I правільна дзядзя зрабіў — нельга ёй курыць.
Ага. У цёцяў ад курэння вусы вырастаюць.
Правільна! Во, як ты сам добра ўсё ведаеш! Ну, і далей што там было?
Тоўстая цёця.
— Тоўстая?
— Угу.
I што ж яна рабіла?
Крычала вельмі на дзядзю.
Ы-ы-ых, крычала?
Ага. I венікам біла.
Адразу — венікам?
Ага! Так — па галаве! Дзядзя руку наставіў, а яна яму па руцэ — бум-м!
Ну-у?! А за што?
Бо малпе курыць даваў. А дзед наш цёцю абнімаў, бо ўжэ будзе з той цёцяй жаніцца.
Каб пад акном у Маркевічаў выбухнула нават бомба, уражанне, мабыць, было б не меншае. Толькі на тварыку адной Святланкі адмалявалася радаснае здзіўленне. Яна шчаслівымі вачыма зірнула на дзеда. Затое ў дарослых ад жаху павыцягваліся твары, і ўсім адразу адняло мову.
Адчуваючы, што дарослым зрабіў якуюсьці непрыемнасць, хлопчык захацеў паправіцца:
У той цёці грошай много... I адзенне... I качкі на рэчцы ў яе плаваюць...
Вінаваты Лаўрэн пастараўся сыноў супакоіць:
Выпадкова напаткаў там Соньку Касілу з Масалян. Вы яе, хлопцы, павінны добро ведаць — што за стэльмахам Нічыпарам была замужам. Цяпер у звярынцы прыбірае ў клетках. От, пагаварылі з ёю пра жызню пару хвіляў, вёскі нашыя ўспомнілі, даўніну, пра мужыка мне расказала — як хавала яго...
Доўга я твае выбрыкі цярпець буду?— занадта строга накрычала незадаволеная Кіра на сына.— Не плёхайся ў кефіры, а хлябай, гэта табе не лужа!
Мужчыны паступова прыходзілі ў сябе.
Тут много нашых служыць у горадзе,— асцярожна, яшчэ з недаверам растлумачыў Уладзік.
Зноў мінавала хвіліна цягучага маўчання. Асмнлелы хлопчык пацікавіўся:
Тата, малако робіць карова. А кефір ад якога звера робіцца, ад каня?
I такое пытанне малога пестуна ў сям'і сярэдняга Маркевіча выклікала звычайна бурлівае захапленне. Потым яго перадавалі сваякам і знаёмым. Цяпер жа на Ігаравы словы ніхто не адрэагаваў. Мужчыны ўсё яшчэ былі ўстрывожаныя навіной, бо ўбачылі ў ёй якісьці выклік сабе і пагрозу. Абодва зараз вырашалі — верыць таму, што сказаў бацька, ці не верыць, магло такое быць ці — не.
Адна Кіра заставалася гэтаксама непарушнай у сваёй злосці:
Не балбачы за сталом, а — еш!
Ну, бацьку, ведаеш — крыўдуй на мяне не крыўдуй, а я табе скажу чыстую праўду: у твае гады думаць пра жаніцьбу — пазнавато крыху! — на ўсялякі выпадак заявіў Павел.
Уладзік падхапіў:
У семдзесят пяць гадоў? Нават перад людзьмі смешно! Гэто з'егджаны каленчаты вал адшліфаваў на станку, уставіў туды само пад машыну, і аўтобус зноў будзе егдзіць — ніхто табе нават і слова не скажа, ніхто і не заўважыць!