Выбрать главу

Паўлу братава параўнанне надта спадабалася. Ён дапоўніў:

Ха, падганяць на станку! Нават чатыры разы такі фокус з ім робяць! Аж чатыры! Першы раз вал шліфуюць пад допуск ноль-ноль-пяць! Затым — ноль-дваццаць пяць! Потым — ноль-пяць! I яшчэ апршні раз — ноль-семдзесят пяць!

О, і Павел тое самае скажа табе! А ты ж — не вал каленчаты! Дый чым табе, бацьку, кепско так? Ці ж мы цябе, скажы, паклаўшы руку на сэрца, да работы якой ганяем, ці мо ў цябе грошы адымаем, як іншыя? Не, бо грошай, дзякуй богу, хапае покуль што і маіх! Як у нашай вёсцы казалі, хапае і на семя і на емя, маем шчэ і вынесці. Да чаго-небудзь цябе прымушаем? Здзекуемса? Не! Так чаго табе трэбо? Жыві тут і ў вус не дуй!

I Кіра — чалавек залаты! — падказаў Павел. — Я не раз думаў: каб, барані бог, гэтак на маю жонку... Галіна мая і слухаць не хоча, каб цябе нават на адзін дзень забраць да нас, хоць кватэра — бы ў таго пана Вішпінга і, як сам ведаеш, толькі для нас дваіх ды сабакі! А гэтая твая нявестка, паглядзіш, столькі часу абмывае і прыбірае за табой! I згатуе, і накорміць, і даглядзіць, і церпіць старого чалавека!

Але ці вы ведаеце, абодва братца, што мне гэтае прыбіранне каштуе, якімі нервамі мне дастаецца, як з мяне ўсе жылы цягне? — злосна ад пліты бліснула шкельцамі акуляраў у пазалочанай аправе жонка Уладзіка.

Сыны, відаць, добра памяталі мацерыны скаргі на масалянскую саперніцу, бо аніяк не маглі супакоіцца. Лаўрэн жа не мог і слова ўставіць, толькі ўзіраўся на іх з дакорам.

Ладно, бабо, ты памаўчы — не да цябе п'юць! — асадзіў Уладзік жонку і зноў звярнуўся да бацькі.

Хамут, тату, вешаць на шыю няма чаго. Дый сам ты надто ведаеш добро, табе гаворым адно для парадку. I крыўдаваць за гэто на нас не трэ.

2

Адным словам, старому дасталося. Толькі ўнучка не пераставала глядзець на дзеда з захапленнем. А яе ўпартаму браціку ўсё не цярпелася даведацца:

Тата, а кефір ад якога звера, а? Ад каня, тата, кефір, праўда?

Малому і на гэты раз ніхто не адказаў. Адно сястра пастукала сябе кулаком па скроні ды брату кінула:

Зусім ужэ — о!

Зірнуўшы з папрокам на ўнука, Лаўрэн вінавата, як хлопчык, які нарабіў шкоды, прабурчаў:

А вы яго толькі слухайце!.. Э-эх, шчэ і вы, бачу, бы малыя! Будзеце шчэ галэпуса такого...

Ён упікнуў сыноў жаласлівымі вачыма і дрыжачым ад жалю голасам пасарамаціў:

Ці ж мне жані-іцца, хлопцы? Ці ж мне такое наўме?! I што вы сабе прыду-умалі?!. Як магло вам такое ў галаву прыйсці?!. Як вы можаце пра такое нават і... Гэто ж трэ-эбо, каб аж да такого!.. Ды я, хлопцы, нікому нават... Я ні да каго нават ніколі... Мне і мысляў такіх нават...

Гэта не дапамагло, і таму ён змоўк.

Сыны па інерцыі яшчэ пару хвілін бацьку ўгаворвалі, сцвярджалі, што ў любым выпадку жаніцца яму аніяк нельга. На Ігара даўно ніхто не звяртаў увагі. I ў хлопчыка, спешчанага празмерным захапленнем дарослых, абудзілася крыўда. У малога азвалася нават бязлітасная агрэсіўнасць, уласцівая яго ўзросту, якая часамі прабіваецца ў дзецях і так нас палохае. Пры гэтым ён фантазію меў буйную, як і жаданне звярнуць на сябе ўвагу, а быў яшчэ зусім няздольны зразумець, што можа атрымацца.

Тут Ігар і ўспомніў — уразіць іх мае чым яшчэ.

А дзед, калі падышла да нас тоўстая цёця, каля белага мядзведзя мяне пакінуў! I я ад яго пабег і пасунуў да белага мядзведзя руку — о-о, так! А белы мядзведзь мяне нюхаў! О, як носам рабіў, так!

Лаўрэн не вытрываў:

Ай, што ты там, малое, трэліш? Шчэ мо скажаш — і лізаў цябе нават!

Ігар сваёй фантазіі даў поўную волю:

I лізаў!

Во-во!

Пра-аўда! А ты не ба-ачыў, бо ўсё з той цёцяй абнімаўся! А мядзведзь мяне ўсё нюхаў, нюхаў і ліза-аў! А прыбег потым стары дзядзя і закрычаў: «Хто пусціў такога хлопчыка да звяроў, яны могуць гэтага хлопчыка з'есці! Дзе хлопчыкава мама?!» А нашу мамку называў дурною і шчэ якось!.. Тоўстая цёця потым на рукі мяне ўзяла, занесла дзеду і сказала: «Ты, хлопчык, не плач, мядзведзі цябе есці не будуць!» Але я ўсё роўна плакаў...

— Шчэ адна новасць! — сумеўся Уладзік.

А ў жонку яго бытта смальнуў пярун:

О, так я і ведала, што гэтым усё мусіць скончыцца! Я даўно пра гэта ведала! Я так і чакала чаго-небудзь такога! Сэрца маё бяду ўвесь час так і вартавала! Кожную хвіліну вартавала! — Маладзіца помсліва бразнула посудам: — Вядома, хіба ж цяпер ён табе глядзець будзе за ўнукам, калі ў галаву яго заселі амуры?!. Хіба ж яму цяпер да гэтага!.. Шчэ якая-небудзь заразная баба трапілася! Яшчэ мо з якой экземай, каростай, а ў нас жа — дзеці! Альбо — шарлатанка! I за што мне такое?! Ты тут старайся ды выкаблучвайся дзень і ноч, у будні і нядзелі, як на гарачай патэльні!.. Ты тут выкладвай усю сябе з раніцы да глыбокай ночы, цягні і цягні свае жылы, каб яму... Каб ім тут... Каб яны... I во, маеш за свае старанні... То ў пральную машыну залез, то — да звяроў, а гэтаму што?!. А яму — усё роўна!..