Прыгнечаны крыўдай Лаўрэн усё гэта слухаў і ў душы перад сабой апраўдваўся:
«Важдаюса з недагрызкамі? Што ты вярзеш, бабо дурная, пабойса ж бога! У гэтым двары — не хто-небудзь, а нават былы савецкі маёр кожную раніцу апранае лыжны касцюм з начосам ды не саромеецца збіраць па кватэрах харчавыя адпадкі! Потым дабро гэтае адстаўнік ладуе ў кузаў спецыяльнай машыны і вязе за горад на Індурскую свінаферму — маёру адно дапамагаю!
На лесвіцы выпало пару плітак. Не замацуй іх адразу, людзі нагамі павыбіваюць і астатнія — ураз павыкалупваюць. З будоўлі набраў у слоік раствору ды ўмацаваў пліткі на ноч, каб цэмент да раніцы схапіў іх настолькі, што ніхто нагой выбіць ужэ не здолеў бы. Раствор паклаў акуратна, пліткі дапасаваў адна да адной, бо кепско што-небудзь зрабіць не мог. Для цябе ж, булавешка, для тваіх жа дзяцей зрабіў, каб не спатыкаліса шчэ слабенькімі нагамі, каб не падалі і не разбівалі насы! Праўда, не заўважыў і наслядзіў. Ну і што? Напэцкаў крыху. От, велькая пані! Не гною ж за нагамі навалок свёкар твой — узяла б ды выцерла б альбо мне падсказала б, калі ўсяго так ужэ брыдзішса!
А са святлом?
Не выключы вам лямпачкі, так і будзе гарэць да полудня. Гэто, па-твойму, парадак? I чаму яна павінна чакаць, покуль дворнік убачыць, чаму табе і мне не зрабіць?!
Што песню з Ігарам развучыў? Хіба ж яе можно непрыстойнай назваць? Што ты трэліш, бабо?!.»
Ідучы аднойчы з дзетсада, хлопчык пацікавіўся:
Дзеду, а ў які ты дзіцячы садзік хадзіў, у мамін?
Я, унучак, калі малым быў, пра іх і не чуў.
А адкуль ты пра ўсё-ўсё ведаеш?
Гм... З Зялёнай Даліны сваёй.
I вершыкі ў цябе адтуль е?
I вершыкі.
То прачытай з галавы мне іх!
Лаўрэн доўга сіліў сваю памяць і нарэшце ўспомніў з далёкага дзяцінства ды «прачытаў». А гэты жэўжык адразу і запамятаў. Пасля да вечара, покуль маці яго не абсекла, лётаў па падворку і на ўвесь голас спяваў:
Дылю, дылю, скрыпачка,
Упала баба з прыпечка,
Дзед яе за вухо —
А ўставай, псяюхо!
«Усім было так смешно! Усе радуваліся за малого! Парадуваласа б і ты, маці...»
Бацьку, ты Уладзікаву жонку пашкадуй,— павучаў Павел.— Мая баба — я ўжэ казаў — ні за якія скарбы для цябе не стараласа б! Мая лепш з сабачкам цацкацца будзе, чым з жывым чалавекам! А гэтая — сам бачыш!
Кіра выбухнула зноў.
Во, во, як разумныя бабы робяць! Во, чуў, што старэйшы твой брат кажа? Усё, з сённяшняга дня стану і я так сябе паводзіць — хопіць з мяне гэтай катаргі!
Кіра, ніхто маёй Галі не адабрае, няправільна мяне разумееш, я толькі — к слову!
Не-е, няма дурных!
Сціхні, шчэ раз гавару! Не пра цябе зараз гаворым!
Накрычаўшы на жонку, Уладзік дапамог брату:
— Ты, бацьку, калі згадзіўса ў горадзе жыць, то ўжэ трымай фасон! Бо тут табе не Зялёная Даліна, не Масаляны і нават — не якая-небудзь задрыпаная Бераставіца! Аж чвэрць мільёна народу цяпер тут жыве, уяві! Кавалкам хлеба цябе не папракаў, не папракаю і папракаць не думаю. Але ж, б-бляха, нас ужэ хоць ты не кампрамітуй! Дом — кааператыўны, усе тут з грашыма. А ведаеш, якія вакол нас вядомыя людзі жывуць! I дырэктары, і начальнікі, і дактары — не тыя, у каго лечацца, а — што ўсё нешта пішуць! I такіх — аж два ў нашым доме! Жыве адзін прафесар, і нават — тры сапраўдныя генералы-адстаўнікі! Падумай як належыць сам над гэтым. Трэ нам, бацьку, пад іхнюю дудку часамі — мус, бо іначай — з горада ты хоць уцякай без аглядкі, а добро разумееш — куды бегчы нам зноў пасля Зялёнай Даліны? Няма куды!
Калі Лаўрэн даведаўся пра адстаўніка, на душы аж палягчэла адразу. Яшчэ як палягчэла. Дапамагаць маёру пачаў з вялікай радасцю і задавальненнем. Што сыну і нявестцы гэта ўсё перашкаджала? Ён жа выходзіць на падворак, калі ўсе дрыхнуць. Дрыхнулі б сабе гэтак і далей...
Лаўрэн бытта бы слухаў сыноў ды нявестку, а яго горла сціскаў горкі абруч крыўды.
«Барыня, ліхо на цябе, учарашні хлеб у вядро шпурляеш! Кідаеш туды і чарвівы яблык, замест таго, каб узяць нож ды дзірку выразаць акуратненько. У вядро шпурляеш памідор, калі толькі з'явіцца на ім карычневая плямінка! Не задумваешса нават, вучоная булавешка,— калі гэты яблык еў чарвяк, а памідор брала гніль, то ён і табе, напэўно, будзе не шкодны! А той фрукт, што ні дзіркі не мае, ні плямкі, і той яблык, што аж стрэліць табе сокам пад зубамі, можа быць адной хіміяй, і такое можаш сабе наесці, што і радавацца потым не будзеш — не дапамогуць ужэ табе ніякія лекары і больніцы!»