5
Зацяты ў сваёй крыўдзе, Лаўрэн слухаў папрокі далей, панура седзячы з апушчанай галавой, а на душы яго кіпела і кіпела:
«Ну, Кіра — гарадская выскачка. Мала што такой пстрычцы, выгадаванай на смятане ды булачках, сліна ад злосці на язык нанясе. Затузаная цяпер работай, усяго баіцца, ды і не вельмі разумная, мабыць. Прыглядзеўса і прыслухаўса да цябе аж надто, нявестачко, шчэ на гродзенскай вуліцы каля Пакроўскаго сабора, калі ты ў музеўным аўтобусе апавядала турыстам пра горад».
Сабор пабудавалі перад самай рэвалюцыяй у памяць гродзенцам, што загінулі ў руска-японскую вайну пад Мукдэнам і Порт-Артурам. Пабудавалі за грошы салдат і афіцэраў тутэйшага гарнізона — новага набору. Калі Лаўрэн служыў у панскім войску, кожную нядзелю праваслаўных салдат ганялі ў яго вялізную залу з падлогай, пакрытай метлахскай пліткай, на малебен. I Лаўрэн з Касцевічам ды Шпаком кожны тыдзень вымушаныя былі да абеду тырчаць каля мармуровай дошчачкі, дзе пра сабор падрабязна напісана.
«Заглянула б хоць раз у сабор сама, прачытала б, што стаіць на той дошчачцы, і людзям так бы гаварыла! Гэтым іх — ого як зацікавіла б. Але што зробіш, калі ты, нявестачко, якаясьці вучоная траскотка. Нават турыстаў сваіх лянуешса вывесці з аўтобуса на вуліцу, каб да сабора прыглядзеліса бліжэй, каб шчэ панюхалі муры ды мо нават памацалі пальцамі. Праз акно ім паказуваеш ды ўсё нешта сыплеш і сыплеш у свой мікрафончык. Прыезджыя пазяхаюць, дрэмлюць, адварочваюцца, зыркаюць на гадзіннічкі, бо ім нецікаво такую агітку слухаць, а ты — балабоніш сваё, бытта цябе болей не датычыць, бо твая хата з краю. Вельмі многа карысці з тваіх гэтых экскурсіяў, а як жа. От, адбываеш якуюсьці паншчыну пад прымусам.
Зрэшты, з цябе надто і не возьмеш. Добро, што хоць дзецям ты ўся, бабо, аддаешса. Іншыя не здольныя ў горадзе, напэўно, і на гэто. Але ж вы, родныя сыны, здаецца, павінны аж занадто ведаць цану кавалку хлеба ці таму, што атрымаецца праз тыдзень-другі на плітачнай падлозе, калі дзірак не замазаць адразу! Бачыш, прырода, дзякуй богу, не паскупіласа на вас! Унь якія абодва ў мяне мацакі. Як вылітыя. I русыя, бы нябожчыца Нінка. Нават з яе круглымі тварамі. У аднаго і другого валасы над ілбом рассыпаліса на аднолькавыя крылы, а крэслы аж скрыпяць пад вамі!
Не б'ецеса, бугаі чортавыя, і нават не мацюкаецеса, як іншыя. З хаты не выганяеце бацьку, што праўда — то праўда, і грошай у яго не адбіраеце. Распараныя ад гарэлкі і ў новенькіх шлеечках паверх белых маечак, як калісьці толькі паны мелі звычай насіць гэтак, культурно і нібы добразычліво павучаеце бацьку — ламаеце яму косці, выматуваеце кішкі і душу грызеце, а тады шчэ на яго раны і соль сыплеце.
Гэтыя бычкі заўша дабрадушныя, калі вып'юць. Адно ім паддайса. А хто казаў вам сваго бацьку сюды валачы? Ці мо стары бацько сам гэто вам у вушы ўвёў?!.»
Хлопцаў сваіх Лаўрэн ужо ненавідзеў. Нават успомніў, што ў нейкай кнізе напісана, як на Украіне Тарас Бульба роднага сына калісьці забіў. Сын вельмі нашкодзіў людзям, і стары казак наследніку аб'явіў: калі ты, сынок, такі выйшаў няўдалы, то памылку сваю давядзецца выпраўляць мне: я цябе спарадзіў, я цябе і парашу! Булаву выняў, па галаве яму — трах! — і гатова. За тое дзела на казака людзі кепскага слова не скажуць — яшчэ і ў кніжках яго нават славяць.
Перажыць продкам эпідэміі і галечу, прыгон і пажары, акупацыю і войны дапамагла бязмерная цярплівасць. Гэтая магутная сіла ў прынёманцаў — як цяжкая спадчына ды святы абавязак адносна сям'і, вёскі, горада. I цягавіты Лаўрэн не раз і не два праяўляў гэтую нацыянальную рысу, узнімаючы сваю сям'ю, церпячы здзек, холад і голад, а часамі працуючы дзеля адных. толькі галачак. Здавалася, запас цярпення ў ім — бязмерны. Выяўляецца, як кожная чалавечая мажлівасць, так і гэтая, мела таксама свае межы. Зараз у чалавеку было такое адчуванне, што і ён здолеў бы, здавалася, зрабіць са сваімі хлопцамі штосьці бульбаўскае.
Праўда, варожасць да сыноў адразу паменшала, калі падумаў Лаўрэн аб Ніне.
«Яна ж, булавешка, і зараз, абуўшы сваё сэрцо ў лапці, іх, напэўно, пашкадавала б,— паківаў Лаўрэн галавой.— Бо хоць, боўдзілы, жывуць у вялізным горадзе, ходзяць ды аціраюцца ля тых самых генералаў, дырэктараў, прафесараў і дактароў, якія ўсё нешта пішуць, хоць маюць ладныя кватэры, машыны, гаражы ды іншы дастатак, але ж яны абодва якіясьці і бездапаможныя, бы дзеці. Якіясьці несамастойныя, ад усяго залежныя, таму, мабыць, і нешчаслівыя. Напэўно. Што ж, вялікае шчасце балаголам быць?