Не ведаю, мамачка.
Я таксама — не ведаю! Што загадаеш мне з табой рабіць, скажы?
Не ведаю, мамачка.
Заўтра зноў мне такое выкінеш?
Больш не буду, мамачка.
I заўтра сэрца ў мяне разрывацца будзе на часткі, цябе пад школай выглядаючы?
Больш не буду, мамачка.
Каторы раз так кажаш!
Я больш не буду, мамачка...
Не пазнаць дзіцяці. З бойкай, дасціпнай і мілай дзяўчынкі, толькі пайшла ў школу, зрабілася бесталковай ды лжывай — ні аднаму яе слову нельга было верыць, ні аднаму.
Прычыну Лаўрэн бачыў па-свойму.
«Вясковыя дзеці, бывало, як толькі вылупіласа каторае на свет з пялюшак ды сяк-так навучыласа хадзіць, так адразу і мусіла брацца за работу, каб недарам хлеб есці — даглядало малых, пасло гусей ці куранят, збірало каласкі альбо нясло бацьку ежу на поле ці балота. Такое потым і ўрокі само зрабіць магло, і даверыцца было яму можно — іншая справа, часу Павел, Уладзік ды нават Мікалай ніколі амаль не мелі. А гэтых цёнгле водзяць за ручку, апякаюць ды трасуцца над імі, сюсюкаюць. Аж дзьмуюць на іх заўсёды, у тры горлы ўпіхваюць ды шчэ ўбіваюць у галаву, што яны — пупы зямлі. I во, біса ты з ім цяпер, бабо, калі сама давяла да гэтаго сваё дзіця.
А са мной як абышліса?
«Пераягджай, бацьку, у горад да нас, бо табе на вёсцы ніхто ні вады, ні лякарства не падасць, калі захварэеш, затое ў нас — мецімеш усё!»
Пераехаў, і што? Злітаваліса ракі над жабай — вочы ёй выкалупалі!»
Пасля сваркі на кватэры сярэдняга сына каторы дзень панаваў напружаны спакой. Вечарам Уладзік жонку яшчэ тоўк, і з-за сінякоў пад вачыма давялося ёй браць нечарговы адпачынак — хавацца ад людзей. Не ўзнімаючы твару, нявестка сноўдалася па кватэры, вадзіла ў садзік ды забірала малога, а са свёкрам не размаўляла — за стол клікаць падсылала ўнука ці ўнучку.
I Лаўрэн моўчкі абедаў.
Гэтак жа без слова снедаў ды вячэраў, не адчуваючы ў ежы аніякага ні смаку, ні жадання да яе.
Потым, стараючыся не трапіць нявестцы на вочы, сядзеў гадзінамі ля пад'езда на лавачцы ці во, як зараз, тырчаў у зале каля тэлевізара ды пускаў праз фортку дым.
Яму аж не верылася, што больш нельга хадзіць па ўнука. Вельмі сумаваў па ім. За яго пытаннямі Лаўрэн адчуваў кволы чалавечы парастак, які вымушаны развівацца на голым гарадскім асфальце, сярод сумных ды панылых муроў, і як мог стараўся ўнука падправіць.
«Дзеду, а тата казаў, у нядзелю па грыбы ў лес паедзем. Праўда?»
«Паедзем, чаму не».
«А хто туды грыбы для нас навязе?»
«Самі з зямлі вылупяцца».
«Гы?! Проста — так?»
«Ну, просто. Асабліво пасля цёплаго дожджыку, дзе добрая грыбніца, часамі іх столькі навыпірае за адну ноч — і малых, і велькіх, што хоць ты касой касі!»
«А-а!..» — не мог надзівіцца малы.
«Дзед, во шчэ адзін лісток з дзерава падае! А чаму-у яны сталі падаць? То віселі, віселі, а то — ву-унь горбы нападалі!»
«Бо восень. Калі твой татко быў такім, як ты, я загадку яму загадваў:
Маленькі Ягорка
Упаў у вазёрко,
Ваду не ўзмутнуў,
А сам — патануў!
Што гэто, па-твойму?»
«Лепш ты кажы — што?»
«Падумай! Ну, не ведаеш?»
«Эка!»
«Лісток, вядомо, упаў у лужыну і там ляжыць».
«А чаму-у ён па-адаў?!»
«Хутко ўсенькія гэтак паеыплюцца — да аднаго, і галіны ўсю зіму голыя стаяцімуць».
«А як лісты на дзеравы пачэпяцца зноў?»
«Вясной новыя з'явяцца на іх. Зялёненькія. Во, глядзі, павырастаюць з гэтых пупышак, бы вузялкі!»
«Я-ак?»
«Ад сонца павыцягуваюцца!»
«Са-амі?»
«Але. А ты не верыш? О-о, цяпло, унучак, сілу велькую мае! Нават і зімой кінь на слабы агонь голы бярозавы дубчык — хоць сабе і ценькі, бы павуцінка, а на ім ураз павырастаюць зялёныя лісточкі з пупышак!»
«Чаму?»
«Так ужэ е».
«Але чаму-у, дзед, га-а?»
«Чаму, чаму! Казаць табе ўсяго — няма толку. Цяпер гэтаго і не зразумееш, бо ты шчэ — аршын з шапкай. Падрасцеш — і ў школе пра ўсё даведаешса, альбо ў войску, калі да яго служыць цябе забяруць!»
«Дзед, а павуціна — жонка павука, праўда?»
«Што ты выдумаў!»
«А-а, ужэ ведаю — яго цёця!»
«Якая цё-оця! Шчэ мо скажаш — яго назвіско! Дзівак-чалавек! Гэто — ценькія вяровачкі, імі павук мух ловіць ды і сам па іх бегае!».
«А як ло-овіць імі?»
«Муха ў сетачку з павуцінкі ўплёнтаецца на ляту, а ён адразу яе і сцапае!»
«ЬІ-ы-ых, як воўк — зубамі?»
«Лапкамі»
«А на чым стаіць?»
«Як гэто — стаіць?»