Выбрать главу

«Дзед, ён жа імі ловіць!»

«Лапак у яго аж восем, хапае і для стаяння».

«А-а... I што робіць з мухамі?»

«Есць».

«А людзей павуцініны вяровачкі не зловяць?»

«Заслабыя на чалавека... От, каб сабраў іх адна да адной з тысячу, то і чалавека, мабыць, утрымалі б...»

«Адкуль вяровачкі бярэ?»

«На жываце ў яго — вечнае верацёнцо. Сучыць ім гэтыя ніткі і сучыць. Празрыстыя. Тонкія. Ліпкія. Якую ўзорыстую сетачку з іх сплятае, каб ты толькі ведаў!»

«Ніхто яму не рве яе?»

«Чаму не. Маёвы жук з налёту часамі прабівае, а го і птушка якая, бо гэто ж — лес, так много ўсяго поўзае і лётае!»

«I што тады робіць?»

«Адразу і адрамантуе».

«Сам?»

«А каго ж яму прасіць, падумай? Лес жа кругом! Ле-ес альбо кус-ты!.. О-о, жызня ў яго трудная. На восем бакоў свае ногі раскінуўшы, кожную хвіліну начаку будзь, бы таму салдату ў сакрэце ці на пасту стоячы. То зноў бегай па сваім хутары — то туды, то сюды. Ды цёнгле глядзі ды глядзі ва ўсе бакі. Глядзі шчэ й узад і ўперад, уверх і ўніз, каб якая птушка на ляту цябе не праглынула! Павук, унучак, хоць і маўчун, але гультаём яго не назавеш! I самастойны, бестыя, дапамогі ніадкуль не чакае і літасці ні ў каго не просіць!»

«А павукі добрыя?»

«Гм, як табе тут лепш сказаць... Гм... Баба Ніна табе ска-зала б, што — добрыя».

«А мух ядуць яны, дзеду,— ім жа баліць, калі іх лапкамі так трымае і кусае!»

«Гэто — нічого. Мух трэбо нішчыць, бо яны надто ўрэдныя. У быдла, у коней, у людзей кроў п'юць».

«А во — голы чарвяк паўзе па тартуары!»

«Дажджавік».

«Бо з дожджыкам выпаў на зямлю?»

«Не. Пасля дажджу з грунту выпаўз».

«А чаму такі тонкі?»

«Тоўсты з зямлі не выбраўса б. А гэты — бы шылам грунт прадзіраўлівае і пнецца, куды яму трэ!..»

Навучаць так Ігара не нудзіўся б Лаўрэн да апошніх сваіх дзён. Бо ўсім сваім нутром ведаў, што ніхто не адчувае так новага, як — дзеці, што няма большай прыемнасці для іх, як дабівацца гэтых навін, смакаваць іх ды пазнаваць свет, што для малых гэта не менш важнае, чым хлеб.

Аднялі і гэта.

Зрабілі яго зараз ценем, невідзімкай, нічым. Так пачалі пра яго дбаць, што не дазвалялі ўжо нават вынесці і вядра са смеццем, каб за гэты момант, покуль выйдзе на вуліцу, не зрабіў чаго-небудзь не па-іхняму, каб суседзі не вытыкалі, што старога бацьку ганяюць да бруднай работы.

Лаўрэн пакрысе як бы стаў прызвычайвацца — нічога не робячы, гадзінамі стаяць ля акна ці сядзець на лавачцы ля пад'езда ды ўзірацца ўдаль, усё нечага чакаць, чакаць і чакаць. У такія хвіліны ён не раз сам сабе казаў — людзі нядарам прыдумалі парадак, каб адны суткі святкаваць на тыдзень, а не — наадварот. Бо шэсць дзён нічога не рабіць звычайны чалавек не можа, а тут трэба бімбікі біць — усе сем. Нармальны чалавек мусіць заўсёды мець нейкі занятак, яму трэба цалкам акунуцца ў клопаты. Работа павінна чалавека безупынна хваляваць і нават — ноччу сніцца. Калі іншы жыве не так, ён — нешчаслівы.

Цягучая і занудлівая бяздзейнасць Лаўрэну была якойсьці страшэннай карай боскай.

На памяць прыходзіў выпадак з войска.

2

У іхнім 81-м стралковым палку імя караля Стэфана Баторага Зміцер Крапак — з недалёкай ад Зялёнай Даліны і беднай вёсачкі Мянькі — у час палявых заняткаў павадзіўся за горадам уцякаць з калоны. Салдат на полі вылазіць са скуры ніхто ніколі не прымушаў. Наадварот — вадзілі туды, як на курорт. Разоў пяць разбіралі карабіны ды зноў складвалі. Вызначалі адлегласць да куста ці будыніны. Вучыліся капаць акопчыкі і траншэі, складваць у ранцы свае прычандалы, каб яны не дзэнгалі. Затым, каб сонца грэла плечы, знімалі кашулі, садзіліся, як курапаткі, вакол афіцэра ды па чарзе кожны мусіў расказаць які-небудзь анекдот альбо — як першы раз спатыкаўся з дзеўкай.

Манькоўцу і гэта было кепска.

Вусаценькі, таўставаты паручнік Фіялкоўскі перад строем аблаяў салдата, але Зміцер Крапак драла даў у горад і ў наступны дзень. Фіялкоўскі наогул быў нішто чалавекам — цярплівым, дабрадушным, не крыўдлівым. Ён і не выпендрываўся, як іншыя афіцэры. Але які ўжо быў добры, а на Крапака зазлаваў.

Калі ўзвод выйшаў з казармы на занятак у панядзелак зноў, «плютановы»[25] Фіялкоўскі за Падольнай вуліцай спыніў калону ды валацугу выклікаў перад строем.

«Табе з намі не падабаецца? — спытаў.— I мне ты вельмі несімпатычны, афэрма[26], таму — марш з маіх вачэй! Знікні зараз жа! Ну?! Счэзні, згінь, афэрма! Але вечарам, калі будзем вяртацца ў казарму, быць табе каля брамы, як штык, бо іначай — трапіш пад трыбунал ды загрыміш на пяць гадоў у катаргу! А цяпер — юж цебе нема ту![27]

вернуться

25

Узводны (польск.)

вернуться

26

Разгільдзяй (польск.).

вернуться

27

Цябе ўжо тут няма! (польск.).