А Мянькоўскі Зміцер са строю ўцякаў больш з азарту і цяпер трапіў у сітуацыю, якой ніхто яму не зайздросціў. Бо ў «павятовым»[28] гарадку тады што цікавага можна было знайсці, маючы пры гэтым зусім пустую кішэню? У магазінах, вядома, усяго навалам і каля кінатэатраў рух, але вочы бачаць, а на зуб не возьмеш! Нават не сходзіш на Гувера: публічныя дзеўкі пасля працавітай ночы ўсё яшчэ адсыпаліся, а вулачку вартавалі днём паліцыянты — у гэтую пару ні адна прастытутка не мела права паказваць там і носа.
Некалькі разоў Зміцер заглянуў у абшчыну баптыстаў. Паслухаў, як там прэсвітэр чытае Біблію,— ад яго Лаўрэн пасля і даведаўся пра Каіна і Авеля,— паслухаў, як абшчыннікі спяваюць псалмы, а струнны аркестр ім падыгрывае. Але неўзабаве і баптысты, і горад, і бадзянне Крапаку абрыдлі, бы горкая рэдзька, а дзень без заняткаў — годам здаўся.
На пятыя суткі мянькоўскі гуляка перад сыценькім «плютановым» стаў на калені ды ўзмаліўся:
«Пане паручніку, пакарайце мяне як-небудзь іначай — хоць на губу пашліце! Не магу бо.тыті: бадзяцца без мэты! Лепш для звярынца пні карчаваць стану і камяні варочаць ды на гарбе валачы, чым гэтак цэлы дзень блытацца па горадзе, бы г... у палонцы!»
«А-а, прыпякло?!.»
Пад рогат салдат афіцэр заявіў:
«Ну, калі да цябе гэта дайшло, ты яшчэ чалавек не кончаны — мо шчэ і выйдзе нешта з цябе! Далучыся, афэрма, да калоны! I не прымушай мяне зазлаваць другі раз!»
«Так ест, пане паручніку!» — з усіх ног кінуўся ў строй шчаслівы штрафнік.
«Плютановы» ад гулякі не адставаў:
«Запявай «Спекуліста»!»
Калона ўзяла ногу, і Зміцер вясёлым тэнарам зацягнуў:
Ты мо-я дзев-чы-ыно,
Ты мо-е ко-ха-не,
Дай мі тысёнц зло-отых
На слюб-ыэ ўбра-не!
Дзев-чына му да-ала,
Жол-неж — спэкуліс-та —
Вса-дзіл до кешэ-эня
I так со-бе свіс-та-а.
«Плютон» дружна падхапіў:
Фі-у, фі-у, фі-і-у,
Фі-у, фі-у, фі-у-у
I праўда, Крапак больш ад «плютона» — ні на крок, а Фіялкоўскі стаў для яго богам.
Той валацуга пакарання такога быў варты. Але па якой прычыне найгоршую кару прыдумалі родныя дзеці яму? Цяжка было прадбачыць, што з яго пераезду атрымаецца?
3
На хвіліну Лаўрэнаву ўвагу прыцягнуў падворак.
Да пад'езда якраз падкаціла малочнага колеру «Волга». Дырэк-тараў шафёр — малады хлапец у адной паласатай кашулі і пад гальштукам — стаў цягаць наверх вялізныя пакункі.
Неўзабаве з'явілася расфуфыраная Вадзікава маці ды палезла ў «Волгу»...
У гэты момант Кіра нервова залямантавала на малую:
Доўга так будзем сядзець? Ну, вернецца з рэйса бацька, ён жа цябе за гэта...
Праз хвіліку зноў:
— Пішы, чаго на бакі азіраешся? У сшытак, у сшытак глядзі, а не ў акно!
Ужэ гляджу, мамачка!
Чаму літары крывыя?
Я, мамачка, дыхнула.
Ну і што?
Калі дыхаю, яны ў мяне крывяцца.
Не дыхай, як пішаш!
Больш не буду, мамачка.
I на палі не залазь!
Больш не буду, мамачка...
«Не, здаецца, біць малую цяпер не стане!» — з палёгкай уздыхнуў Лаўрэн. Не могучы дараваць ёй «камянёў», з нявесткі зларадна пацешыўся.
Буркнуў сабе пад нос:
Так табе і трэ, вышчарка! Шчэ дзеда ў прыклад унукам паставіла б, а ты?..
Нарэшце Лілія Уладзіміраўна з сумкай у «Волзе» ўладкавалася. Шафёр ляснуў дзверцамі, і машына памчала — неўзабаве знікла з падворка.
— «Падбірае камяні»! — перадражніў Лаўрэн з горыччу яе скаргу нявестцы ды паківаў галавой.
Да пад'езда дзеці навалаклі валуноў — бы добрыя качаны капусты. Валуны дзень валяліся, валяліся другі, і нікому ў галаву не прыходзіла адкінуць іх з дарогі. Білі ўсе аб іх ногі ды паміналі чорта.
Лаўрэн пазвалакваў камянюкі за дом і зваліў у крушню пад кусты бэзу, каб і відаць не было іх.
«Паням такім, бачыш, не спадабаласа. Ну ж і дурніцы, як вас на сабе зямля носіць! Ледзьве што якое — адразу бяжы ды мый рукі, бытта ты іх цёнгле ў шмаравідле гвэдзаеш ці ў гноі трымаеш. Валачы пад кран і фрукты, ягады!.. Ну, яблыкі, грушы і нават шчэ слівы — зразумела, на іх пясок можа быць і мухі свае сляды пакідаюць. Але ж, бабы ўрэдныя, што з тае ягады ці маліны, калі яна ўжэ ў гарачай вадзе памокне, як яе пасля ў рот браць? Мая Нінка такую выкінула б курам!
Панавучваліса, падлы, ад немцаў. Тыя па дзесяць разоў на дзень любілі мыцца. Усё правільно немцы рабілі? На спражках у іх было ў кожнаго выбіто над арлом са свастыкай «з намі бог», а паглядзелі б вы, пстрычкі чортавыя, што гэтыя набожнікі паказныя з людзьмі вычаўплялі — з такімі спражкамі мэнчылі, здзекваліса з народа і на расстрэл вадзілі!