Але ў памяшканні — прасторным, светлым і ладным — хмурны ды нечым незадаволены мужчына, які сядзеў над машынкай і друкаваў, не вельмі захацеў удавацца ў размову. Не паднімаючы вачэй, Лаўрэна моўчкі выслухаў, хвіліну падумаў. Тады падараваў сваю кніжку, паказаўшы, дзе ў ёй пра горад прачытаць. Бомкнуў штосьці незразумелае яшчэ, каб адчапіцца, і зноў уталопіўся ў сваю машынку ды пачаў клёпаць.
Што рабіць?
Томік у жоўценькім каленкоры Лаўрэн піхнуў сабе ў кішэню, але выходзіць не спяшаўся. Падумаў — сюды во і Колік прыходзіў са сваім пісаннем. Тут яму, мабыць, і параілі «пайсці ў жыццё». Цікава, ці не гэты яму раіў...
Цалкам асвойтаўшыся ў памяшканні, прыглядзеўся да чалавека больш уважліва.
Дзесьці мужчыну ўжо бачыў. I — напэўна. Прыкмеціў па валасах, якія, бы ў Паўла з Уладзікам, распадаліся на два крылы. Толькі за хлопцаў, мабыць, крыху старэйшы і больш лабасты — як тачыла ў гэтага лоб. Але дзе чалавека мог спаткаць, успомніць зараз Лаўрэн не здолеў аніяк, таму пачаў покуль што разглядацца. Яму вельмі захаце-лася пахваліцца: а мой меншы аж ва Уладзівасток адправіўся і там караблі водзіць. Ад'язджаючы далёка, цэлы стос сваіх спісаных папераў мне пакінуў...
I тут раптам ён бытта спатыкнуўся.
Пад партрэтам, што вісеў на сцяне, як магнітам прыцягнулі да сябе ўвагу вялікія літары:
Эй, старонка мілая,
Дзён тваіх паэт я...
Дрэўца ты пахілае,
Песня педапетая...
Ад слоў гэтых на Лаўрэна павеяла нечым сваім і родным. Чалавек узняў вочы на партрэт і з прыемным здзіўленнем пазнаў на ім Касцевіча. Міша ўзіраўся на яго са сцяны як жывы, ды, здавалася, уражаны сустрэчай быў не менш. Бытта казаў вельмі здзіўлена:
«Марке-евіч, каб цябе люндра свіснула, каб цябе, няўжэ гэто ты-ы тут?! Адку-уль?»
Хвіліну Лаўрэн разглядваў партрэт.
Просценькая рамка. Голая папера — без шкла. А на ўсім гэтым — да болю знаёмы доўгі нос, хударлявыя шчокі, высокі, з залысінамі лоб і ўпалыя вочы. Бо апошнія гады надта многа курыў, таму схуднеў і адгэтуль — упаласць вачэй. Раней, вядома, быў Касцевіч як памідорчык...
Пакінуты на адзіноце Лаўрэн у спакойным і прасторным памяшканні смялеў усё больш. Ён доўта глядзеў на партрэт, а перад вачыма так і паплылі ўспаміны з войска.
Пад канец іхняй службы паны намерыліся абодвум беларусам нашыць па адной лычцы і наладзілі экзамены на «эрудыцыю», як паны называлі.
Бацюшка з экзаменацыйнай камісіі спытаўся, які хлеб лепшы — чорны ці белы.
«Чорны!» — рубануў яму Лаўрэн. «Чаму?»
«Белы мы бачым толькі на каляды і вялікдзень, а без чорнаго і дня не можам пражыць!»
«Молодец!» — кінуў па-руску поп ды штосьці чыркануў у паперку, задаволена ўсміхаючыся ў бараду.
Тады ў Касцевіча спытаўся ўжо ветэрынар:
«А ты, голубе, скажы мне, якое мяса лепшае — смажанае ці — гатаванае?»
Міхась не задумваўся таксама:
«Смажанае, пане доктар!»
«Так мяркуеш?»
«Напэўна!»
«Твае матывы?»
«Пры смажэнні, пане доктар, дабаўляюць яшчэ да мяса на патэльню прыкрасу. А пры гатаванні, наадварот,— забіраюць з яго сокі! У маёй Баброўні пра адну хітрую бабулю казалі так: «Кума, дазволь мне засмажыць рыбу ў тваім аляю, а я табе дазволю згатаваць мяса ў маёй капусце!»
Абодвум экзаменатарам адказы вельмі спадабаліся.
Лаўрэн і Міхась маглі стаць «старшымі шараговымі»[29], калі б потым штаб іхнія кандыдатуры не адхіліў. З паліцыі Скідэля прыйшла на абодвух характарыстыка. У ёй гаварылася: «Постэрунак паліцыі панствовэй пасвядчае, што Лаўрэн Маркевіч, сын Яфіма, і Міхал Касцевіч, сын Юзэфа, да ўрада другой Рэчы Паспалітай не лаяльныя, і паліцыя на гэта мае дастаткова фактаў».
Лаўрэна аж разрывала — так хацелася пра ўсё колішняе расказаць, як і пахваліцца чалавеку за машынкай: унь, з тым худым беларусам, што ў вас глядзіць з партрэта на сцяне — Міхасём Васільком[30],— служылі разам у польскім войску, а яго пляменнік, празваны на вёсцы мянушкай «Панімаеш», але ўвогуле файны хлопец — разумны, сумленны — працаваў доўга участковым у Зялёнай Даліне. Яшчэ хацелася чалавека запэўніць — на гэтым партрэце Міхась да таго падобны, што бытта жывы глядзіць з яго. Ці толькі пра гэта карцела сказаць.
Касцевічы ў нямецка-рускую вайну выязджалі ў бежанства аж за Тамбоў. У горадзе Казлове[31] Міхась хадзіў у гімназію ды закахаўся. I не ў каго-небудзь, а — у дачку важнага рускага чыноўніка, Валю Румянцаву.
30
Касцевіч Міхаіл Восіпавіч, псеўданім — Міхась Васілёк, 1905-1960 гг.— папулярны паэт былой Заходняй Беларусі з в. Баброўня Скідэльскага сельсавета Гродзенскага раёна.