Адбываючы службу ў пяхотным палку, Лаўрэну і Васілю Шпаку ўсе вушы пратрубіў, якая Валя была прыгожая і разумная. А ў год, калі нашы запусцілі спадарожніка ў космас, ездзіў нават да яе ў Мічурынск. Сваю былую гімназістачку застаў жывой-здаровай ды ўсімі паважанай настаўніцай — вернай іхняму каханню. Паклялася Румянцава замуж не выходзіць і не выходзіла. Убачанае беднага Касцевіча так уразіла, што, вярнуўшыся з-пад Тамбова, спецыяльна завітаў з навіной да Лаўрэна ў Зялёную Даліну.
Будучы партызанам, Міхась колькі разоў заходзіў да іх з Нінкай на хутар за харчамі, мяняць бялізну...
Гэтак пра ўсё карцела расказаць, што Лаўрэн ад неспакою нехалькі разоў пракашляўся, пераступіў з нагі на нагу і хмыкнуў. Але хмуры і незадаволены нечым пісьменнік па-ранейшаму зацята клёпаў на машынцы, і Лаўрэн зноў не адважыўся загаварыць. Крыху яшчэ патаптаўшыся, падзівіўся на новенькі і бліскучы паркет ды неахвотна павалокся на выхад.
Толькі на вуліцы разабраўся — кніжка беларуская.
У дакументах Лаўрэн пісаўся беларусам. За «польскім часам» у «Грамадзе» разам з іншымі вяскоўцамі дамагаўся беларускіх школ. Аднак на роднай мове чытаць яму не вельмі даводзілася. Без прызвычаення ў парку на лавачцы не змог адолець нават і пару абзацаў. Таму кніжку другі раз сунуў у кішэню курткі, прынёс дамоў і паклаў на шафу — побач з мандалінай і Мікалаевымі паперамі валялася яна там і цяпер.
Не дай бог, выхадка яго з вышынным домам, з пісьменнікам дойдзе да Кіры і Уладзіка, ото ж будзе крыку — з хаты папруць. Таму чалавек адчуў сябе зусім бездапаможным. Той прыўзняты настрой бесклапотнага турыста даўно ўжо выветрыўся з яго, як дым.
Зараз Лаўрэн каля акна цяжка ўздыхнуў ды каторы раз ад непакою пакруціў галавой, падумаўшы:
«Эх, халера, ад самого сябе не ўцячэш аніяк, ты — у свет, а доля — услед!»
Агорнуты такімі перажываннямі, ён усё тырчаў ля акна, бы той слуп, а ў суседнім пакоі гэтаксама мардавалася яго бедная ўнучка. Ён стараўся не прапусціць ні аднаго яе слова.
Ны, о, пы, ры, сы...— пералічвала малая алфавіт.
Кіра зазлавала:
Не — пы, а — пэ! Не — ны, а эн! Не — ры, а — эр! Не — сы, а эс!
Малая ўпарцілася:
А Ніна Мікалаеўна казала вучыць так!
Не выдумляй, чаго быць не магло! Вучы, як загадваю!
А нам Ніна Мікалаеўна...
Што я табе сказала?
Добра, мамачка...
Ну, шчэ раз!
Добра, мамачка! О, пы, ры... Ой, не буду больш, мамачка! О-о, а цяпер — пы-ы, цяпер — эр, сы-ы...
Зно-оў?
Я знячэўку, мамачка!..
Эс! Эс! Эс! Пэ! Пэ!
Я сама ўжо ведаю, мамачка...
Кожны раз так мне гаворыш!
Цяпер не буду, мамачка...
Паўтарай!
Паўтару, мамачка...
Лаўрэн усгюмніў — яшчэ, калі пайшоў у царкоўную школу ў сваёй Зялёнай Даліне, было яму надта незразумела, чаму абавязкова трэба казаць — эс, а не — сы. Кажуць жа — бэ, а не — эб, і нікому ад гэтага нічога кепскага не робіцца!
«Замардуе беднае дзіця цалкам!» — вельмі пашкадаваў ён унучку, зноў ківаючы галавой, ды яшчэ раз прыглядзеўся, што робіцца на падворку.
Якраз адстаўнік маёр ладаваў на машыну свой бляшаны посуд з харчовымі адыходамі. Адстаўніку з ахвотай дапамагала дружная ватага крыклівых хлопчыкаў і дзяўчатак з тых, каму было яшчэ зарана на другую змену.
Учора маёр пацікавіўся, чаму Лаўрэн больш не выходзіць дапамагаць. Ён і паскардзіўся чужому чалавеку, бы сваяку:
«Не спадабалася маім, Аляксей Аляксандравіч. Сын з нявесткай сварацца і не дазваляюць, хоць ты плач! Такое на мяне ўзнялі — аж страх!»
«Гэткія дурні?»
«I абое! Што ён, што яна — аднолькавыя!»
Маёр бытта чакаў ад суседа такога тлумачэння. Адразу прысудзіў:
«О-о, гэтыя трэгладзіты хіба зразумеюць нашага брата? Не думай, я таксама доўга са сваімі ваяваў — ой, якую вайну вёў! Калі першыя дні выходзіў на працу, узнялі вялікі гвалт таксама. А ведаеш чаго? Бытта іх кампраметую!»
«То і мяне — за гэто!»
«Ну, чуў такое? Што ў іх за філасофія — нібы праца можа ганьбіць чалавека! Хто іх такому навучыў? Чыстаплюйчыкі, беларучкі якіясьці!»
«I я таксамо, Аляксей Аляксандравіч, не раз над гэтым думаю — адкуль у іх такое?!»
«Але ты слухай! Калі ж стаў прыносіць кожны месяц па сто рэ ды класці ім на стол, яны адразу прыкусілі языкі ды пасталі шаўковымі. Грошы, бачыце, не пахнуць і не кампраметуюць! І ты трымай цвёрдую самастойную лінію, калі яшчэ не хочаш сагнуцца — у нашым стане здарыцца такое можа раз-два!»