Выбрать главу

«Гэто ве-едаю!»

«То вазьмі сабе абслугоўваць пару дамоў — будзеш напэўна атрымліваць не менш — ты ж упарты і цягавіты! Ты ж, я адчуваю, спіш і работу бачыш! Бо наша пакаленне такое! Бяры, не сумнявайся, велізарнае задавальненне зведаеш ад таго, што пры дзеле, што вялікую карысць робіш, і твае — заткнуцца адразу, я гарантую!»

«Не, маіх дзяцей, Аляксей Аляксандравіч, гэтым не купіш, бо па-лучкі прыносяць велькія. Ох, якія ў іх зарплаты!..— не без бацькоў-скай гордасці пахваліўся ён наследнікамі.— У аднаго і ў другого такія!»

Былы вайсковец на яго паўзіраўся з недаверам:

«Няўжо?! Ну, тады вырашай сам — нянькай табе служыць не збіраюся, а раю як лепш!»

Лаўрэн пару соцень прывёз з вёскі. Атрымаў ужо ад райсабеса тры пераводы і тут, бо з калгаснай пенсіяй дзіва — быў ураджай ці не, добрыя ўдоі дала ферма ці кепскія, азімыя выпралі ці здаровымі з-пад снегу выйшлі, а ты, бы той ляснік на службе, кожны месяц атрымліваеш аднолькава — пяцьдзесят восем рублёў з капейкамі. Вядома, крыху пайшло на марожанае ўнукам. Пусціў на розную «жвачку», шарыкі, самалёцікі з верталётамі, пасвісцёлікі, білеты ў кіно і цырк, на цыгарэты. Але ж агулам на ўсё гэта патраціў ад сілы тры чырвонцы. Бо амаль пасля кожнага выпадку Уладзік, калі толькі даведваўся пра яго трату, грошы адразу вяртаў. Альбо казаў жонцы выдаваць для бацькі такую суму.

I зараз, бы ў той масалянкі, і ў яго таксама скапілася гатоўкі — больш за паўтысячы. Унь, спрасаваныя ў акуратны стосік чырвонцы ляжаць сабе пад пашпартам у бляшанцы на шафе каля мандаліны, тае кніжкі ў жоўтым каленкоры ды Мікалаевых папак з паперамі.

На днях падышла яго калейка ўстаўляць масты з каронкамі ў паліклініцы. Спатрэбілася аж трыста рублёў гатоўкі, і падумаў ужо — ну, Лаўрэне, падчысціш ты нарэшце сваю бляшанку, бо па якога чорта табе аж такі капітал, ты ж не працэнтнік які, на той свет з грашыма не прымаюць, а рублі — штука, якая павінна быць цёнгле ў руху. Але ж — куды там! Якімсьці чынам пра калейку ў паліклініцы разнюхаў Павел, рахунак на аплату ад бацькі забраў ды ўсю суму за золата бухнуў сваімі.

Лаўрэн з палёгкай на душы і з гонарам на сэрцы падумаў: а ўсё ж такі яго дзеці, мабыць, лепшыя, чым Аляксандравіча, хоць той і маёр. Нават хату прадаўшы, гатоўкі паміж сабой хлопцы не сталі дзяліць, а без ніякіх спрэчак усю да капейкі аддалі Уладзіку. Бо з трох братоў толькі ён не меў машыны і гаража, толькі ў яго падрасталі наследнікі. Але, відаць, лепшыя — адно на грошы. Бо калі з іншага боку ўзяць...

Не дай бог, што сыны з ім вычаўплі — горш і не прыдумаеш.

Калісьці Лаўрэн быў пэўны, што ў старасці табе нічога ўжо не трэба будзе, бо станеш адзеравянелым паленам — да ўсяго нячулым. Глупства.

Цяпер, вядома, стамляешся хутчэй. Часамі і там заломіць, і там забаліць, стрэльне ці закруціць, здранцвее адна альбо другая нага. Яшчэ пацямнее і ў вачах, калі разгінаешся. Але ў астатнім адчуваў сябе — як у дваццаць пяць гадоў. Гэта не яму стукнула семдзесят пяць, а — нейкаму дзеду, бо ён разумеў ды адчуваў усё цяпер нават яшчэ лепш. Калі ж доўга не заглядваў у люстэрка, яму нават здавалася, ён — і праўда дваццаціпяцігадовы.

Дык няўжо яму, яшчэ жывому і цікаўнаму да ўсяго чалавеку, вечна тырчаць і тырчаць перад акном, узірацца ды ўзірацца паверх людскіх галоў сумнымі вачыма, бы той шымпанзісе ў звярынцы на Ціміразева? Малпы ж, напэўна, таксама нечага чакаюць, хоць яны жывуць у цяпле, жывуць на ўсім гатовым і пад дахам.

Нагадалася Сонька. Ужо забыўся, чаго на кабету зазлаваў, і пра зямлячку падумаў з павагай:

«Сумела баба ўладкавацца, глядзі ты! Ай, якая малайчына! Схадзіць і мне к дырэктару заапарка, папрасіцца возчыкам да коней ці таго поні ды — дзяцей катаць? Работа пасільная, якраз па мне і пры дзеле буду!..»

Адразу ўзнімецца скандал — хоць не паказвайся дзецям на вочы. Абвінавацяць, што клоуна з сябе строіць і ганьбіць іх.

«Ат, ліхо яго бяры, хай сабе і ўзнімецца. Сонька ж неяк жыве ў гэтым самым горадзе без кватэры і, бачыш, якая здаволеная — нават сватацца ўздумала. Бо яшчэ добро, калі твой апошні дзень наступіць цераз год-другі. А як нябеснай канцылярыяй наканавана табе праз д'яблаў столькі цягнуць, бы твайму дзеду,— дзевяноста шэсць гадоў, што тады атрымаецца? Страх і падумаць! Можа, і параліч, бы тую швагерку, разбіць. Тады яшчэ з пролежнямі валяцца станеш, во будзе мука!

Толькі ж, халера, які дурны дырэктар пойме чалавека ў семдзесят пяць гадоў? Хіба не знайшоўшы іншага. Бо за старога трэба ж адказнасць несці — з такім чалавекам здарыцца ўсё можа...

А хто ведае, мо і не знойдзе і другога выйсця не меціме. Да коней цяпер чалавека падабраць не так і лёгко. Маладыя дуралеі пруцца хутчэй да тае пстрыкалкі, якой атаву ў парку стрыгуць, за абаранку сядаюць...»