Так маладушша прымушала Лаўрэна зноў аддавацца неабгрунта-ваным надзеям. Бо гэтак моцна ў чалавечай істоце сядзіць неаб-ходнасць у самаашуканстве і такая неабмежаваная магчымасць існуе ў нас — быць ашуканым.
6
З задумы Лаўрэна вырваў званок. Стала чуваць, як нявестка бяжыць адчыняць дзверы і незадаволена бурчыць:
I каго там нялёгкая нясе?!.
Праз хвіліну ў калідоры пачуліся галасы школьніц:
Нам патрэбен Лаўрэн Яфімавіч!
Бачыць яго можна?
Дома Лаўрэн Яфімавіч?
Дзяўчынкі пыталіся на ўвесь голас — настырна, адна перад адной, бытта выхваляючыся.
Няма ў нас такога! — адказала нявестка непрыемным тонам ды моцна ляснула дзвярыма.
Лаўрэн таксама не прыдаў значэння іхняму пытанню, бо дома на яго гаварылі — «дзед», «бацька», «стары», «тату», «ты» альбо «вы». Старэйшым дагэтуль не прыходзіла ані разу і ў галаву, што і яго можна велічаць па імені і па бацьку. Паддаўшыся агульнаму ў сям'і настрою, і Лаўрэн пытанні дзяўчынак прапусціў міма вушэй. Толькі падумаў, што бессаромная нявестка са школьніцамі магла б, напэўна, гаварыць больш далікатна і зважліва — яе дачка неўзабаве таксама такой стане.
Праз хвіліну пазванілі зноў. На гэты раз са школьніцамі з'явілася ля дзвярэй суседка.
Кіра Трафімаўна, прабачце! Вашага тату, здаецца, тут школьніцы шукаюць!
Вы так думаеце, Лілія Уладзіміраўна?
А хіба ж бацька ваш не ўдзельнічаў у вайне, не ветэран ён?
Дзяўчаткі з крыўдай пачалі апраўдвацца:
Лаўрэн Яфімавіч, а прозвішча — Мар-ке-віч, так?
I ў мяне гэтак напісана!
Эл. Я. Маркевіч — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і ў маім спісе стаіць пад гэтым нумарам кватэры і дома!
Са свайго пакоя як куля выскачыла Святланка:
Мамка-а, ма-ам, а наш дзед ваяваў на вайне з Гітлерам, ваяваў! — закрычала ўрачыста.— I з немцамі на штыкі біўся! Праўда-праўда, біўся! I баба наша ваявала з немцамі!.. Толькі тата тады шчэ маленькі быў і не ваяваў! А дзядзя Павел для іх патроны па лесе збіраў!..
Ой, я няўважліва вас слухала... Адзін з нашых Маркевічаў на вайне быў таксама, гэта праўда... Прабачце, дарагая Лілія Уладзімі-раўна...
Як пад вялікім прымусам, нявестка вінавата да свёкра ўсміхнулася, заглянуўшы ў залу:
Гэта — да вас прыйшлі, сюды ідзіце! Калі ласка, дзяўчаткі, праходзьце далей!
Мы ненадоўга!
На адну мінуту мы!
Тры вучаніцы нешта перапісалі з пашпарта ветэрана сабе ў сшытак. Спыталіся, дзе служыў. Далей выйшла ў іх закавыка.
Бедныя дзяўчаткі аніяк не маглі ўцяміць, што яшчэ за вайна была ў 19З9 годзе і чаго Лаўрэна Яфімавіча вазілі тады аж да Віслы, калі нашыя войскі — усе тры школьніцы ведалі дакладна з урокаў гісторыі — дайшлі да тае польскай рэчкі толькі аж летам сорак чацвёртага.
Дзед не стаў дзяўчынкам талкаваць, не стаў і апраўдвацца. З унучкай абое паблажліва гасцей выслухалі і прамаўчалі, а затым — правялі да дзвярэй.
Калі дзяўчаткі зніклі, нявестка нібы адно цяпер убачыла свайго свёкра ды першы раз пасля сваркі з мужам запрасіла да стала на гэты раз ужо сама:
Пара вам абедаць, Лаўрэн Яфімавіч!
Да я не надто і... Шчэ можно...
Пара, пара! Света, бяжы мыць рукі, сядай да стала і ты!
Мамка, а я ведаю, чаго дзяўчынкі дзеда запісвалі! — малая не спускала з Лаўрэна ўлюбёных вачанят.
Ну, скажы?
Па тэлевізары яго цяпер стануць паказваць!
Адкуль ты ўзяла?
Бо нашай Інкі Пятровай дзеда ўжо ў целіку паказвалі, і цяпер няхай яна не хваліцца, задавака такая! Ужо ва-ажная такая ходзіць у класе!..
Лаўрэн усё маўчаў.
Мо шчэ ў Маскву павязуць, і наш дзядуля ў метро катацца будзе! О-о, дзед, не забудзь свае медалі надзець! Дзе яны ў цябе? Дзед Інкі Пятровай выступаў з медалямі — такімі новенькімі, бліскучымі! Усе-ўсе грудзі імі ўвешаны ў яго — аж да жывата! І ты так зрабі, а мы на цябе з татам, мамкай і Ігарам узірацца будзем! Ма-ам, а ў Маскву нам з ім можна паехаць?
Еш, не балбачы, спознішся ў школу!
Тым часам Лаўрэн усё знаходзіўся ў прыемным здранцвенні, і душу яго падмывала радасць:
«Ты глядзі, пра мяне недзе там, аднак, памятаюць! Хале-ера, ты ба-ачыш — я ў іх цёнгле на ўліку стаю, бы той які хлопец малады, што навабранства чакае! А што, на добры лад, то, вядомо, так і павінно быць! Людзей такіх цяпер надто павінны цаніць ды шанаваць маладыя!..»
Першы раз, відаць, ад самай Нінчынай смерці, на сэрцы Лаўрэна расплылося штось цёплае, свет пахарашэў, і чалавеку захацелася ўсім дараваць свае крыўды і ўсіх абняць.