Выбрать главу

У кнігах Васіля Быкава дзіцячы лёс крайне трагічны. Вайна — заўсёды пакутніцтва чалавека. Але думка пра тое, што вайна — боль і смерць дзяцей, гэта думка, памяць, гэта ўсведамленне ўласнай віны пякельна балючыя для герояў Быкава. Можна развітацца з жыццём, толькі б не было больш такіх трагедый. І прымае на сябе ўсю віну, толькі б вярнуць дзецям маці, Сотнікаў. Вытрымлівае ўсё, што, здавалася б, і немагчыма вытрымаць, але захоўвае дзіця Ляўчук. Шкадуючы дзіця, парушае загад Ляховіч. Здаецца ў палон, калі з-за яго забіваюць дзяўчынку і вось-вось заб'юць яе брата, камбрыг Прэабражэнскі. Вяртаецца ў сяло, каб памерці са сваімі вучнямі, Мароз. Нельга і ўявіць сабе, каб яны былі здольныя пераступіць цераз пакуты дзяцей.

На першых жа старонках рамана Уладзіміра Багамолава «У жніўні сорак чацвёртага...» мы адчуваем хваляванне Алёхіна, чалавека, як запэўнівае пас аўтар, песімістычнага, які шмат чаго пабачыў за гады вайны, калі ён прыкмячае скалечаную руку ўсмешлівага белагаловага хлопчыка двух гадоў ад роду... I ў ваеннай біяграфіі Таманцава, гэтага «жалезнага чалавека», таксама былі сустрэчы з дзецьмі, якія захавала памяць. Ён усхвалявана сачыў, як дурасліва сваволіць дачка нямецкага агента Паўлоўскага, I быў яшчэ хлопчык гадоў чатырох, сып савецкага камандзіра. На самым пачатку вайны, дзесьці каля граніцы, яго падабралі фашысты, дыверсанты, прывучылі называць мамай нямецкую радыстку. Таманцаў помніць, як піхала яна хлопчыку цукеркі, каб маўчаў, выпадкова не выдаў, і як зморшчыўся ён ад болю, калі пры праверцы дакументаў «мама» сцяла маленькую яго руку; помніць перастрэлку, цяжка параненую, акрываўленую немку і хлопчыка, што прыхінуўся да яе, учапіўся мёртва, абедзвюма рукамі і дзіка крычаў... I яшчэ адна кніга Багамолава «Іван». Нават гэтая аповесць, цэнтр якой — скалечаны, растаптаны вайной лёс дзіцяці, таксама пабудавана па тым, як бачаць яго, што думаюць пра яго, ягоную работу разведчыка і што для яго робяць людзі дарослыя...

Дый інакш у кнігах пісьменнікаў гэтага, што прайшло вайну, фронт, пакалення, пэўна, і не можа быць. Толькі яны маглі расказаць, як прагне чалавек, якога праз некалькі імгненняў чакае смерць, каб запомніў і памянуў яго добрым словам незнаёмы хлопчык у старой армейскай будзёнаўцы, што нечакана апынуўся побач. Але ж толькі тыя, чыім дзяцінствам была таксама вайна, здольныя растлумачыць, што ўбачыў той хлопчык сваімі шырока адплюшчанымі на бледным твары вачыма, што ён падумаў і адчуў, што запомніў...

Сам для сябе спрабуючы разабрацца ў гэтым, Віктар Казько напіша пра маці, з жыцця якой у яго памяці «захавалася толькі смерць яе, не засталося ў памяці ні твару, ні вачэй, а толькі чобаты, у якія яна была абута, бушлат, які быў на ёй...». Ён напіша аб адчуванні віны за смерць сястры: калі маці забіла шалёным снарадам, яны засталіся ўдваіх з сястрой, ён быў старэйшы, яму было тры гады, а сястры два, і ён уцёк, заблукаў у начной вёсцы, а сястра замерзла. Калі дарослыя героі кніг Быкава, Баклапава нясуць у сабе віну за дзіцячыя пакуты, то хлопчык, герой Віктара Казько, будзе вінаваціцца тым, што столькі ведае пра людзей «не вельмі добрага», прыме на сябе віну за ўсё тое нядобрае, што вакол яго, што творыцца на свеце.

Пісьменнік прызнаецца: «Мне часам гавораць, што ўсё, пра што я расказваю, успамінаю, я прыдумаў. У чатыры, нават у пяць - шэсць гадоў я не мог бы столькі запомніць. Але я сам помню ўсё. I гэта цяжка».

I цяжка, і страшна тое, што помніць яго герой.

Як запрагаюць у барану і гоняць па замініраваным партызанамі полі бацьку і маці, і поле выбухае.

Як бяжыць ён усю ноч па дарозе, якая вымашчана нябожчыкамі.

Як цягнуцца да яго шчупальцы з іголкай, смокчуць, смокчуць, смокчуць яго кроў...

Памятаеце, дырэктар дзетдома з астаф'еўскага «Крадзяжу» быў перакананы: калі свет расколецца, расколіна раней за ўсё пройдзе па сэрцы дзяцей. У дзяцінстве хлопчыкаў Віктара Казько свет быў расколаты — вайной. Дарога памяці аголіць, расчыніць шчыліну. I як ні імкнуцца дарослыя ўберагчы, спыніць, як ні ўгаворваюць не хадзіць на суд над былымі паліцаямі, ірвецца да самага краю Колька Лецечка. Лецечка-ліхалецечка, якому здаецца, што ён заўсёды быў дзетдомаўцам. Мікалай Мікалаевіч Лецечка, якога няма і ніколі не было на свеце — прыдумалі яму такое імя, калі запісвалі ў дзетдом. Пашанцавала яшчэ, што не паленавалася прыдумаць праважатая са шпіталю нянечка, а то выпала б Лецечку звацца па дзетдомаўскай традыцыі Валерыем Паўлавічам ці Васілём Іванавічам... I хоць знітаваўся Колька з гэтым сваім прозвішчам, хоць лічыў родным і дзіцячы дом і любіў яго і пражыў там семнаццаць гадоў, цяпер яму трэба было ведаць, хто ён, адкуль і навошта. Трэба, каб жыць далей. Але адказу... ні ў сэрцы, ні ў памяці не было. Калі ж крыкам: «Мама, ратуй мяне» прарвецца памяць і наблізіцца да яго рукі тая страшная іголка, каб высмактаць з яго кроў, і металёва бліснуць дужкі акуляраў па мужчынскім твары, хворае сэрца дахадзягі, «недаробка» з дзетдомаўскага ізалятара Колькі Лецечкі не вытрымае. Таму што больш жахлівага за тую дзіцячую памяць нічога на зямлі не было і не магло ўжо быць... Але і цвярозай дарослай жыццёвай мудрасцю — ёсць сонца, сябры, каханне, шмат чаго прывабнага і прыгожага ёсць па свеце, чым можна жыць, трэба толькі пазбавіцца ад памяці, інакш згарыш —гэтым ён таксама не можа засланіцца. Не можа. Тады гэта будзе ўжо не ён. Ды ён і не імкнецца, не жадае. «Ён ужо столькі разоў паміраў за свае семнаццаць гадоў... Ён ужо стаміўся паміраць...»