— Калі сонечна — трэба,— падахвочваў іх настаўнік,— і каб урокі пароблены ўжо былі, тады кольца само вас знойдзе, як толькі прамень сонечны на яго ляжа.
Яны ішлі да дубоў, калі было сонечна, чакалі таго промня, а настаўнік расказваў ім пра Тураў, Пінск, пра крывічоў і дрыгавічоў, дрыгавічамі, як ні дзіўна, былі самі яны, а кольца ўсё аніяк не паказвалася ім. Яны спрабавалі залезці на дуб, але духу хапала толькі да сярэдзіны яго, далей кругам ішла галава.
— А зарасло тое кольца,— супакойваў іх Махахей.— Было, было, калі я яшчэ не нарадзіўся. А я нарадзіўся — яно ўжо зарасло. Паглынуў дуб, дуб не трывае чужога па сваім целе, ён жа расце не толькі ў неба, але і ўшырыню, паглынуў, з'еў паганскую жалязяку.
Мацвей забыўся пра гэтыя дубы, іх адметнасць і дзівоснасць, на Палессі ж дубоў і больш магутных вялікае мноства, сучаснікаў самога Дзмітрыя Данскога, і што з таго. Вось раслі б тут пальмы, баабабы — іншая справа. А што ў старых дубах, у старых людзях, Махахеях, Дзям'янах? Ну, прайшоў дзед Дзям'ян праз тры вайны — японскую і дзве сусветныя. Усе старыя Палесся прайшлі праз гэта, ніводнаму не выпала адлежацца на печы, грэючы старыя косці. На гэтай апошняй вайне па вачах дзеда Дзям'яна забілі яго сына, дзядзьку Мацвея. На коніку ехаў дзед Дзям'ян ад партызанскага лагера, вёз хворага сына, каб ён ці то паправіўся, ці то памёр у сваёй хаце, пры маці сваёй, калі наканавана яму смерць. Немцы перастрэлі Дзям'яна на дарозе, спынілі коніка.
— Сын хворы на тыфус, на тыфус,— паспрабаваў адбіцца ад іх Дзям'ян. Тыфусу немцы баяліся, што тых партызан. Не сталі абшукваць падводу, пароцца ў сене, перакулілі яе — і на дарожны пыл разам з сынам Дзям'яна накацілася і яго вінтоўка. Сына кончылі на месцы. А дзеда Дзям'яна — у аглоблі і пугаю, дубцамі ўскач да Княжбора. У Княжборы ён упаў пасярод вуліцы, з вушэй і рота яго лінула кроў. Немцы палічылі, што і яму капцы. У іх і думкі не было, што пасля такога галопу, бізуноў чалавек Дзям'янавага веку здольны выжыць. Дзям'ян выжыў. Быў ён з тых палескіх Дзям'янаў, што лагодныя і незласлівыя да той пары, пакуль не дапякуць іх. А калі ўжо дапякуць, хай тады ўжо ўсе іх баяцца, са свайго яны не саступяць. Хто толькі зубы на іх не наламаў, ні перад адной уладай яны на каленцы не станавіліся, дазвалялі расказваць пра сябе казкі, часам і самі такога туману, куродыму маглі напусціць — соль сеяць, валоў у зямлю садзіць ці па сцёбку іх зацягваць, але жонак сваіх, сваіх дачок на глум і здзек чужынцам не аддавалі. Было ў іх душы нешта ад гэтага суровага краю, ад нелагоднай зямлі, ад іх птушак, звяроў, дрэў, нібыта душа іх жыла ва ўсім, да чаго датыкаліся іх рукі, што бачылі іх вочы, адусюль чэрпалі сілу і моц, служылі ўсяму — вадзе, дубу, сваім волікам, свайму чоўну, хаце, буслу на ёй, сваім дзецям, і ўсё служыла ім. Яны былі неаддзельныя ад апошняй травінкі, ад бы ліпкі, што расла па іх зямлі. I іх зямля была неаддзельная ад іх, з яе яны нараджаліся, у ёй і знікалі. I пасля смерці захоўвалі вернасць ёй.
А Мацвей Роўда восем гадоў назад пакінуў Княжбор, пакляўся, што пакінуў назаўсёды. Восем гадоў назад ён спяшаўся, але не да бацькі і не да маці — да нявесты. Бацькі ўжо не было на свеце, не было і маці. Маці дачакалася б яго: яна ўмела чакаць. Усё жыццё яе — скрозь чаканне. Такой яна і засталася ў яго памяці — унікліва затоена, незмігнутна, нязводна пазірала ў сябе і некуды ў далячынь, нікому невядомую, акрамя яе самой. Варта яму толькі прыжмурыць вочы — і перад ім ажываюць запытальныя вочы яго маці. Чаго яна хацела ад яго, што было ў яе пытанні, мо яна наперад ужо ведала гіра свой лёс і звярталася да яго — ці даруе ён. Як і ў маці, такія ж вочы былі і ў Алены, гэта ён зразумеў потым ужо,— вочы Палесся, яго лясоў і рэк, таго Палесся, у якое дадзена зазірнуць не кожнаму, але калі яно ўжо расчынілася перад табой, даверылася табе, то ў кожным дрэўцы ты адчуеш спагаду і пяшчоту, убачыш і пытанне, і здзіўленне, і чаканне: ці той ты, за каго выдаеш сябе, ці не ідзе следам за табой хто-небудзь непажаданы, ці не вядзеш ты следам за сабой ліха, ці не падманеш ты іх, ці не будзеш строіць кпінаў з іх, такіх простых і шчырых, што мохам-травою ўсцілаюць табе дарогу. Вось так даверліва, проста і шчыра, чакаючы чагосьці невядомага, пэўна, і ёй самой, жыла маці Мацвея. Не, яна, канечне, ведала, чаго чакае: спачатку бацьку яго, свайго мужыка, потым яго, Мацвея, і зноў мужыка, ужо з фронту, з вайны. Але кожны раз за гэтым вядомым чаканнем было і патаемнае, чаканне сэрца: вось адбудзецца адно, народзіцца сын, прагоняць нашы немцаў, вернецца з вайны чалавек, і прыйдзе, настане штосьці неверагоднае, да слёз, радаснае, прыгожае. З тым яна і пайшла ад Мацвея, пайшла да бацькі назаўсёды, туды, адкуль не вяртаюцца. Пайшла, здолеўшы перадаць яму веру ў сябе, ва ўсемагутнасць жаночага чакання. I Мацвея больш за ўсё ўразіла, калі яго не дачакаліся. Цяпер ён разумее: хапіла васьмі гадоў, каб пабыць гэтае разуменне, чаму яго не дачакаліся. Маці перадала яму веру ва ўсё лепшае, але не здолела перадаць чагосьці іншага, цярплівасці сваёй, ці што. Ён не набыў, не навучыўся цярпліва трываць, пакуль наступіць гэтае лепшае, яму здавалася, што гэтае лепшае ўжо чакае яго, угатавана яму за першым паваротам, за вуглом уласнага дома, інакш жа і не магло быць. I ён кінуўся наўздагон, за ім, за вугал уласнага дома, і толькі замільгацелі скрыжаванні і ростані дарог. Мо яму не варта дакараць за гэта сябе, такі быў час, усе кудысьці беглі, усім штосьці мроілася за вуглом сваёй я?а хаты. I ён, як некалі. яго бацька, пайшоў у салдаты, на службу ў армію, а з арміі, здаецца, па дарозе дамоў, збочыў у Сібір. У Сібір на камсамольскую будоўлю ён наладзіўся разам са сваім аддзяленнем. Алене адпісаў, што так і так, маўляў, зямля такая вялікая і грэх абмяжоўвацца толькі сваім кутам, абжывецца і адразу выклікае Алену. Але з Сібіры ён неўзабаве махнуў у Казахстан, пра гэта ён ужо не даў звесткі Алене, упэўнены, што яго ўсё роўна чакаюць, павінны чакаць, пакуль ён будуе плаціны і ўздымае цаліну. Але там, на цаліне, яму раптам зрабілася вельмі сумна, абрынулася на яго і апанавала яго новая нецярплівасць, ён схапіў і кінуў у свой салдацкі яшчэ чамадан пару свежых сарочак ды майкі і скіраваўся ў новую дарогу — назад у Княжкбор. Не, ён не думаў, што Алена не дачакаецца яго, гэта было не ў характары Княжбора, Княжбор чакаў усіх — ад першага і да апошняга — з вайны і з турмы, з таго свету толькі ўжо нікога не чакалі, самі ішлі туды, як маці яго пайшла. Ён згадаў раптам пра сваю нявесту, усплылі ў памяці ўсе васемнаццаць старыц і азёр, успамянуліся трынаццаць мосцікаў па дарозе да роднай хаты, чарапахі на трухлявым і цёплым бярвеп- пі, і ён заспяшаўся да ўсяго гэтага. I трапіў на вяселле. Толькі на чужое. Алена Махахей не дачакалася яго. За апошнім мосцікам, каля могілак, за якімі пачынаўся ўжо Княжбор, ён сустрэўся з ёю, сустрэўся вачыма. Ніхто з аднавяскоўцаў не бачыў яго. Яшчэ здалёку, падыходзячы да Княжбора, а праўдзівей кажучы, падбягаючы, ён пачуў скрыпку, бубен і гармонік, узрадаваўся: музыкаю сустракала яго вёска. Узрадаваўся асабліва бубну, таму што любіў яго, быў ён свой, мог не толькі спяваць, але і плакаць. I было ў яго звоне, песні ці плачы нешта ад звону спелага жытняга коласа на зары. Па жытнім полі больш за ўсё і сумаваў Мацвей, адлучаны ад свайго Княжбора. I ён, не адчуваючы ні рук, ні ног, сцежачкай пашыбаваў напрамкі на голас бубна. Трэба сказаць, што з гэтай сцежачкай яму моцна пашанцавала, найшоў бы па дарозе — наскочыў бы на вясельны поезд, і цяжка прадказаць, што б з таго атрымалася. А тая сцежачка скіравала яго да дуба каля могілак, і далей не пайшлі, адняліся маладыя ногі. Але на тую хвіліну ён яшчэ нічога не паспеў згледзець, толькі стужкі на шасце, толькі стужкі на ярме ў валоў, што брылі па дарозе. Нявеста плыла на чоўне побач з дарогаю, і яна не бачыла Мацвея; ён схаваўся за дубам. Толькі Алена ў чоўне раптам замітусілася, утаропілася вачыма ў дуб, за якім ён стаяў, човен закалыхаўся і як не перакуліўся, Махахей ледзь утрымліваў яго на вадзе вяслом, ён таксама нешта адчуў і таксама пазіраў на дуб. Бубен змоўк; зацёхкаў, зашчоўкаў спрасонку ці з перапуду салавей, што жыў на могілках, скрушліва так, жалобна зашчоўкаў, нібыта спалоханая нечым маладая падала голас ці сам ён, Мацвей, не вытрымаў. I твар, і пагляд Алены надаліся яму здалёку дзікімі, як і не яго Алена сядзела ў чоўне, а бабуля яе, старая Махахеіха, вядзьмарка, як гаварылі пра яе ў Княжборы. Кляліся і бажыліся некаторыя з княжборцаў, што і жыла тая старая Махахеіха ў чорнай Чортавай прорве, не раз бачылі яны, як сыходзілася яна там то з Жалезным Чалавекам, то з Галоскай-галасніцай. Каля прорвы бачыў яе і сам Мацвей. Ён пасвіў коней, разамлеў каля цяпельца, нутраны рык балотнага быка абудзіў яго. Мацвей, перамагаючы жах, стрымліваючы дрыжыкі, пайшоў да гэтай прорвы, як уцягваў яго хто туды. Пайшоў, але не дайшоў. Зноў да мурашак па скуры рыкнуў балотны бык, і вось да сённяшняга дня не ведае, ці прымроілася яму, ці было на самай справе, але ўяўна так адчуў ён, як уздыхнула прорва, і з прорвы, з твані, дрыгвы пачаў расці чалавек, на самай справе жалезны, нібыта з помніка нейкага сыходзіў. А на беразе стаяла, цягнула да яго рукі старая Махахеіха, была яна чамусьці ў белым, як вясельным, убранні, нібы з туману выткана таго самага, што курэў над прорвай. Мацвей не вытрымаў, асеў, схаваў босыя ногі ў кашулі і раўнуў сам куды больш гол