Лецечка памрэ. Дзіма Прыгода і Андрэй Разорка застануцца жыць, каб несці цяжар сваёй памяці і шукаць адказу на тыя ж пытанні — хто я, адкуль, навошта, як ісці, у чый след ступаць і дзе мая хата?..
У дзіцячы дом — «сваю хату», «родную хату» — Дзіма ўцёк ад бацькі і мачыхі, Разорка — ад цёткі з дзядзькам. Адтуль, дзе «крык, папрок, папружка, пакоі, чорныя ад мух, з кожнай шчыліны цікуе цябе галеча». Але не ад папругі і галечы ўцяклі яны, ад неразумення і абыякавасці навучэнцаў, ад дробязнай падазронасці і спадману. I калі пагадзіцца з аўтарам—каб зведаць шчасце, трэба спачатку быць няшчасным, пэўна, і сапраўды і дзетдомаўскае дзяцінства павінна было быць ім шчаслівым, таму што адчуванне абароненасці, дах над галавой і сто верных сяброў знайшлі яны ў дзетдоме.
Але ж вельмі горкая гэта логіка.
Дый ці так усё проста.
Толькі з кніг даведаліся яны, што «свет вялікі і не ўсюды, не на ўсёй зямлі, аказваецца, была вайна», хлопчыкі Віктара Казько, абапіраючыся на ўласны жыццёвы вопыт, назаўсёды ўсвядомілі, што верыць на гэтым белым свеце можна толькі маці, «а што такое маці?», што той, хто падаў руку дапамогі, праз хвіліну можа быць супраць цябе, і руку, што дае цукар, трэба кусаць.
Дзетдомавец, які пагарджае хатаю — спадчынай, якая была нечага варта там, у мінулым іх жыцці на Падольскай, тут, у дзетдоме, майструе з дошак сабе чамадан, каб прыхаваць у ім кніжку без вокладкі, што ён падпяў недзе на сметніку, нейкія нікому не патрэбныя ржавыя жалязякі — непатрэбныя, але і неацэнныя, таму што ў хаце, дзе вопратка, ежа, прытулак,— усё казённае, яны належаць толькі яму. I як сто Скупых Рыцараў, на змярканні, тоячыся, яны мілуюць і лашчаць вокам свае скарбы.
А вясною, калі паводка не дазволіць прывесці хлеб і дырэктар дзетдома пачне па вёсцы збіраць хлеб хатні, як яны будуць выменьваць гэты хлеб адзін у аднаго...
I нават калі абжывуцца, набудуць дом у дзетдоме, яны шукаюць і чакаюць сваяцтва, роднай душы. I заклінаюць: хай вечна жывуць на свеце маці, бацька і бабуля... Упершыню ў жыцці закаханы Андрэй Разорка ў самае шчаслівае, цёплае імгненне марыць пра звычайную вясковую хату, дзе яны, старэнькія ці дарослыя, будуць жыць з Тамарай, дзе вечарам стогне вецер у коміне, а пад печчу прагаворваюцца спрасоння куры, дзе б'е цвіркун і точыць у сцяне шашаль-тачыльшчык. Ён прагне пачуць, як пакутліва і радасна мыкне карова ў хляве, хоча занесці ў хату рудога, як смолка, аблізанага матчыным языком бычка ці цялічку, якімі толькі што расцялілася карова, напаіць іх з соскі малаком, а потым сядзець з Тамарай, слухаць, як сапе і чмыхае цяля, і ні аб чым не думаць...
Наіўныя, сентыментальныя мары? Але гэта мары дзетдомаўца. I будзе ўвесь час імкнуцца ўстаць на тонкія кволыя ногі цяля, мыкаць і рвацца да маці...
Уцякаюць са сваіх жабрацкіх, шэрых гарадкоў «сыны і пасынкі падольскіх вуліц. Бягуць, каб праз сваю памяць пра вайну працерабіцца да сябе і да людзей, з надзеяй і любасцю. Каб прайсці праз дзетдом і ФЗН, папрацаваць на цаліне і ў шахце, стварыць сваю сям'ю, вярнуцца ў дзяцінства, дамоў, на радзіму: «Я прыехаў, каб стаць сваім...»
ВЯРТАННЕ ДРУГОЕ
«Неруш»
«Спора размахваючы чамаданчыкам», Мацвей Роўда «пакрочыў напрамкі сцежкай праз кусты» ў родны свой Княжбор. Блудны сын вяртаўся да сваёй бацькаўшчыны.
Так было закручана Віктарам Казько кола новага княжборскага жыцця, і раманнае дзеянне падзялілася на два рэчышчы.