Выбрать главу

Махахей ужо ўправіўся з жакам, але кіраваць дамоў не спяшаўся. Гэты лес, куст лазы, вада, неба — таксама хата, хоць не ім, не яго рукамі пабудаваная, і драбніцу толькі трэба чалавеку ў гэтай хаце, што не ведае сцен,— закутак невялічкі з акенцам неба, з адным-адзіным дрэвам, лапікам зямлі, стужкай вады. Усё гэта бачыў ён, як толькі пачалі бачыць вочы, і ўсё гэта ён павінен і несці з сабой, бачыць павінен і з-пад крыжа. Інакш атрымаецца, што і не жыў ён, не нараджаўся на свет і няма нічога роднага яму на гэтым свеце. I няхай паўсюдна ёсць вада, растуць дрэвы, аднакава на ўсе чатыры бакі зямля, але яго дрэва, яго зямля, яго вада адметныя, чужое ўсюды чужое, на чужыне і сонца ўсходзіць інакш, і не грэе, і не свеціць. Махахей жадае памерці на роднай зямлі, прымае смерць на роднай зямлі, як прымаў жыццё. Магчыма было б загадаць наперад — ён скапаў бы тут, сярод вады, у дзедавым чоўне. Калі толькі б магчыма было, не будзь у яго столькі клопату, быў бы вольны ён, пусціў бы гэты човен за вадой — плыві, куды плынь вынесе. I дзень, і ноч, і месяц, і год не стаміўся б плысці, глядзеў бы на ўсе вочы: якія дрэвы растуць, якія каровы па беразе ходзяць, якія хаты стаяць, якія людзі ў гэтых хатах жывуць, глядзеў бы наперад, якое дрэва паўстане там, за каленам ракі, за касою пяску, за чаротам і лозамі, за лукавінай чорнай, што там, у тумане, у мроіве далёкім, прыхавана, ці варта зямля цікавасці і болю, глядзеў бы з чоўна ў ваду, у патаемную глыбіню яе, што паказала б яму гэтая глыбіня, чым бы прывабіла, рыбінай, вялікай і разумнай, ці рыбінкай маленькай, дураслівым пячкурыкам, пясчынкаю, што дрыжыць і свіціцца па дне. А мо б убачыў ён і самога сябе. Плыў бы так і плыў, глядзеў бы, дзівіўся і дзівіўся, пакуль не захапіла б дарэшты яго рака. А рака, агонь ды яшчэ колы машыны, што імчыць немаведама куды, заманьваюць чалавека, загад нейкі ад іх зыходзіць: кроч, ступі, кінься, забудзь пра ўсё — і да нас. I сам ты ператворышся ў агонь, у дарогу і ваду — у тое, што спрадвечна. Слізгані, слізгані ў гэтую нехапатлівую плынь, ты ж з'явіўся з яе, ты прыгадаеш і Жалезнага Чалавека, і Галоску-галасніцу, ты прыгадаеш усё, што з табой некалі было, як ты выйшаў з гэтай вады, выпластаваў, атросся і рушыў ад яе, запалаў полымем кастра, прапыліўся пылам дарогі і сам зрабіўся дарогай, пылам яе каляін, скрыжаванняў, травою ўзмежкаў і ростаней. Такую ж растваральнасць і злітнасць з далеччу і дарогамі адчувае ён ноччу, седзячы каля цяпельца, маркотна паглядаючы, як убіраецца ў сілу полымя, слухаючы поскач спутаных коней, як тужліва ржуць яны ў тумане, нібы выклікаюць некага з гэтага туману. Махахей слухае, наглядае і міжволі чакае, што вось зараз нацешыць ён цяпельца, падкорміць яго, падкіне сухога голля, усхопіцца, скруціцца тугім скруткам полымя, і з гэтага полымя крочыць нехта жывы (мо сам ён крочыць) і скажа: здароў, Махахей, чаго ты тут смуткуеш, навошта клічаш мяне, што табе ад праху майго трэба?

Махахей палохаецца і пытання гэтага вогненнага, і чалавека агнявога, і вады — сябе палохаецца.

— Што табе, бацька, трэба? — з гэтым жа, як з нажом да горла, прыстаюць да яго і дзеці, і жонка з той жа сама песняй.

«Што табе, бацька, трэба, што трэба табе, чалавеча?» — запытальна цурчыць вада. А бог яго ведае, а чорт яго ведае, што трэба яму, каб быць шчаслівым. Сына вось трэба, нашчадка, толькі спазніліся яны з Ганнай мець сына. Усё жыццё чакаў ён сына, кожны раз спадзяваўся: ну, на гэты раз будзе ўжо сын. Але нязменна нараджаліся дочкі, толькі дочкі. Чатыры разы дочкі. Тавар ненадзейны, чужым людзям, а не сабе. Усе, акрамя апошняй, ужо вылецелі з яго кубла. I гэтая апошняя не затрымаецца ў кубле, не заседзіцца ў яго хаце. А што за хата, калі ў ёй пуста, калі ў ёй толькі старая ды стары, кошка ды сабака. I што за век такі пайшоў, што здарылася з людзьмі, размежаваліся яны на маладых і старых, на гарадскіх і вясковых і яшчэ бог ведае на каго. Раней хата была дык хата, каля старых маладыя, пры дзецях — бацькі. А зараз дзеці ўсе ў горадзе — у жалезе, у каменні, старыя — у вёсцы, у гноі. I лягуць хутка гноем у зямлю, і хату, вокны і дзверы, крыж-накрыж дошкамі.

Яго, праўда, дочкі напярэймы адна перад адной клічуць іх са старой да сябе. Усе яны няблага ўладкаваліся ў горадзе. Трое паканчалі інстытуты. Адна толькі, першая, з тэхнікумам, медсястра. Некалі ёй было, гаротнай, вучыцца, глядзець меншых трэба было. Да яе, да Алёны, мо й пайшоў бы Махахей жыць, толькі адчувае: не ўсё добра ў яе жыцці. Чалавек упадабаў яе неблагі, але толькі не яе гэта чалавек, іншаму яна была ўгатавана. Алёна маўчыць аб гэтым, але ён жа не сляпы, сам бачыць. I шкада яму таго чалавека, і дачкі шкада, а як парадніць іх, ён не ведае. У кожнай — кватэры гарадскія, прасторныя, толькі што яму ад той прасторы, калі не ляжыць яго душа да гарадскога.