Выбрать главу

— Дробязь,— адмахваўся Шахрай,— Гэта ў мяне проста алергія на балоты. Цяпер яна ўжо не адстане, пакуль не завершым справу. Моцная і ўчэпістая хвароба нашага веку.

— Пакалення, а не веку,— паправіў яго Мацвей, і Шахрай пагадзіўся з ім:

Няхай і пакалення, сутнасці гэтым не змяніць. Адно да аднаго, а ўсё на тое, каб нам з табой упраўней быць, дзейнічаць больш акрэслена і рашуча.

А яны павінны былі знайсці пляцоўку пад будаўніцтва саўгаса ці калгаса. Добры надзел зямлі, балот і лесу, дзе можна было распачаць меліярацыйныя работы і будоўлю. Але пакуль што такога зручнага надзелу ім не трапляла: то лес быў ужо вельмі стары і магутны, першай групы, то зусім ужо непраходнае балота ці, наадварот, балотца з мізэрным пластом торфу, а калі ж і было што вартае, то ў такой глушэчы — не пад'ехаць і не падысці.

— А трэба ж, каб з мінімальнымі затратамі,— засмучана ўздыхнуў Шахрай,— капейку дзяржаўную трэба берагчы. I тарфянікі глыбокія, каб паўсюдна, каб на вякі, і дарога недалёка — на першы выпадак хоць тэхніку, матэрыялы падвезці. I каб усё паказальна, каб сляпы і той убачыў, што такое меліярацыя.

— Княжбор,— адказаў Мацвей, са спачуваннем наглядаючы, як пакутуе Шахрай, расціраючы скамянелыя лыткі. Ён яшчэ на пачатку гэтага падарожжа ведаў, што выбар падзе на Княжбор, прадчуваў, але не спяшаўся гаварыць пра яго Шахраю, штосьці стрымлівала яго, невядома чаму, нібыта таксама штосьці прадчуваючы, смуткавала сэрца. Была нейкая ненадзейнасць і штучнасць у той хуткасці, з якою вырашылася ўсё гэта — і пераход на новую пасаду і працу, і гэтая вандроўка па Палессі — гульня нейкая: ідзі туды, не ведаю — куды, вазьмі тое, сам не ведаю — якое. А само падарожжа падабалася, камары, мошкі не дапякалі яго, не назалялі яму, ён пасвяжэў у дарозе, абветрыўся, загарэў, хаця загар да гэтага амаль што і не прыставаў да яго: лупілася цела, але не прымала сонца. Нос дзям'янаўскай пароды лупіцца і зараз, як у дзяцінстве, сонца на гэты раз перамагло дзям'янаўскую пароду, кінула чарноты на скулы, лоб, дадало блакіту, нябёс вачам. I вочы глядзелі зараз на неба, на зямлю, на балоты больш пільна, прыкмячалі ўсё, на што раней і не звярталі ўвагі, слізгацелі з абыякавасцю вандроўніка. Мо вінавата ва ўсім было надвор'е. Дні стаялі ціхія, без подыху ветрыку нават, і сонца не дакучала, у небе і на зямлі задумлівасць, засяроджанасць на нейкай адной думцы. Думка гэтая была спрадвечнай, але не старой. Яна была і ў Мацвею, толькі ён аніяк не мог ухапіць яе, звязаць з тым, што бачылі вочы, што было вакол яго, што адбывалася з ім. Не было ў ім спакою і суцэльнасці, усё ўспрымалася паасобку, раздроблена: асобна дрэвы, асобна куст, асобна рэчка і птушка ў небе. А ў прыродзе ўсё было адзіным, хаця і патаемным, апаслівым. Вось гэтай апаслівасці ў сабе таксама не здольны быў зразумець Мацвей. Чаго было перасцерагацца рэчцы, калі яна бярэ пачатак з-пад бярозы, бяроза тая не ведае свайго веку, з надломанай галінкі яе капае сок, бярозавік, і там, дзе датыкаецца ён зямлі, дзе праточвае капелька зямлю, з жоўтага разлому гліны, як са шкарлупінкі арэха, б'е крынічка, клякоча бурбалкамі бярозавік, сцюдзёнай празрыстасцю збягае па гліне ў лагчынку і зліваецца з сінню і празрыстасцю іншых крыніц, з цёмнай адстоенасцю вады балот. I крынічка няхай сабе яшчэ і не рэчка, але ўжо ручаёк. I ручаёк гэты з кожнай лукавінкай, з кожным выгібам пашыраецца, ператвараецца ў рэчку, а яна, пачаўшыся з крынічкі над бярозай, з арэхавай шкарлупінкі, беражліва збірае росы Палесся, дажджынкамі па кроплі, кроплі, што прынеслі ў дзюбах птушкі, вялікай ужо ракой скіроўваецца і коціць да самага сіняга мора. Казка, толькі ніхто яе не прыдумляў, складзена Палессем, яго дубровамі, барамі, балотамі, ніцымі лозамі і ракітамі, мо знарок складзена, каб укалоць, пацвяліць чалавека ўбоствам яго фантазіі, убоствам тых прамых і панурых рэк, што стварае ён. Мацвей глядзеў на гэтую пераменлівую, кожны дзень новую казку, і яму карцела адцягнуць, адтэрмінаваць тое імгненне, калі ён застанецца адзін на адзін з зямлёю, даручанай яму тэхнікай, насцярожвала само слова «меліярацыя». Мялі, перамолвай. Хаця, што ён ведаў аб ёй. Бачыў неяк хлапчуком яшчэ, як загарэліся асушаныя тарфянікі. Жыў ён тады ў невялічкім і сумным некалі пагранічным, паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю, гарадку, і адбітак пагранічнасці, раз'яднапасці, вайны, якая толькі што скончылася, адчуваўся там яшчэ ва ўсім; пачуццё абяздоленасці і нейкай закарэлай як бы пакрыўджанасці згадвалася ў крывых і прапыленых вулачках, ацалелых, але напаўразбураных цэрквах і касцёлах, у той журбоце і асуджанасці, з якой глядзелі на свет маленькія, з накіднымі жалезнымі заваламі польскія і яўрэйскія крамы; гэта згадвалася і па тым, як паводзілі сябе людзі, негаваркія, задуменныя, яшчэ не зусім усвядоміўшы, што ж такое адбылося. У вёсцы Мацвея, у Княжборы, была толькі школа-сямігодка, і ўсе княжборцы, якія вучыліся далей, прайшлі праз гэты гарадок. Жылі на прыватных кватэрах, толькі па выхадныя ездзілі дамоў. Рабочым паяздком, а то і на таварняку ехалі да раз'езда, ад якога да Княжбора сцежкамі рукой падаць — пятнаццаць кіламетраў. I вось па гэтым перагоне ад гарадка да раз'езда Мацвей упершыню ў тое выпускное лета ўбачыў меліярацыю, убачыў з акна вагона і запамятаў як нешта шчымліва сумнае, як само жыццё ў пагранічным гарадку.