Выбрать главу

Рабочы паяздок, здавалася Мацвею, калі ён ехаў дамоў, бег праз вайну. Па-за гарадком ён адразу я« трапляў у клубы густога, едкага да слёз дыму, расхлябаныя вокны і тамбуры вагонаў не маглі стрымаць яго. Гарэлі нехаця і чадна маладыя бярозы, хвоі, алешнік. Яны выраслі на балоце, і іх нялёгка было запаліць. Працягвалі расці і піць балотную ваду і тады, калі іх пазбавілі глебы, трактарамі і бульдозерамі зграблі на паласу адчужанасці, сцягнулі ў вялізныя валы, і яны спляліся, пабраліся голлем і скалечанымі стваламі адно з адным, ляжалі — як у брацкай магіле, уставіўшы ў неба сухажылле каранёў, толькі для блізіру прыкіданыя зямлёй. Таму такі едкі быў дым, полымя не прабівалася вонку. Дым слаўся нізам, як на папялішчы паўзалітай вадою хаты. I здавалася, што гэта менавіта так і ёсць: гарыць нейчая хата. Тады, яшчэ падлеткам, Мацвей, ды і ўсе, хто ездзіў рабочым паяздком, не разумелі, як гэта так пусціць агнём, кінуць па вецер столькі дрэва, такога неабходнага, такога дарагога адразу пасля вайны. Было ў гэтым нешта па-за іх розумам, аднолькава па-за розумам селяніна, дарослага і дзіцяці. Сцягнутыя ў кучу, пакалечаныя дрэвы, глыбокія траншэі-канавы з брустверамі свежакопанага белага і чырвона-рудога пяску, куродым, гар, сажа. I нідзе ні душы. Толькі паяздок, што хапатліва бег прэч адсюль на чыстае паветра, да нескалатушанай зямлі. Усё было проста і жахліва, адтуль, з не такога ўжо і далёкага мінулага.

Усё было проста і жахліва і побач з гарадком, у якім вучыўся Мацвей. Непадалёку ад гарадка стаялі дзве вёскі за тры кіламетры адна ад другой. Ляжала між імі напаўсухое балотца, бегла сярод гэтага балотца невялічкая крынічная рачулка, вадзілася ў той рачулцы нават стронга. Рай зямны для дзятвы. Пачынаўся гэты рай з вясны, як толькі сходзіў снег, угравалася зямля і можна было бегаць па ёй і босаму, калі хутка рос даўкі на смак малады і сакавіты аер. Асабліва вабіла рачулка хлапчукоў, калі рак сядзеў у норах яе з ікрой пад хвастом, калі прыспяваў час цвісці аеру, аер яшчэ не стрэліў кветкай, а толькі рыхтаваўся стрэліць, быў зараджаны ёю, песціў між сцяблін каля кораня хрусткую і салодкую завязь яе. Вось па гэтую завязь і ішлі да рачулкі, да балотца хлапчукі. I аднойчы, здабываючы яе, здабылі парашут. Пачалі капаць далей — і адкапалі самалёт. Наш, савецкі самалёт, які збілі немцы перад самым ужо канцом акупацыі. Балота паглынула яго, хлапчукі адкрылі. Быў мітынг. На мітынгу зачыталі пісьмо, якое лётчык не паспеў паслаць сваёй маці. Пісьмо ўратаваў і данёс да нашых дзён цэлулоід планшэткі лётчыка. Захаваўся і лётчык, тое, што засталося ад яго, калі ўпаў самалёт. Мёртвы, у балоце, у кабіне скалечанага самалёта, ён сядзеў больш як дзесяць гадоў, мёртва трымаючы штурвал перабітымі ў локцях рукамі, больш як дзесяць гадоў ён чакаў, калі вырасце над ім аер, калі набракне ікрою рак, калі па гэты аер і рака прыйдуць дзеці. Балота паглынула лётчыка, але захавала яго для дзяцей такім, якім ён быў у апошнія імгненні свайго жыцця. I ён быў не страшны дзецям, таму што на ім не было і адбітку смерці, аб гэтым паклапацілася балота, ён ляжаў, як у маўзалеі, як ляжаць усякія там Тутанхамоны ў сваіх пірамідах. I Мацвей упершыню адчуў вялікую літасць балота, як жывога чалавека з памяццю і розумам адчуў.

Але ж мо гэтая знаходка і прыцягнула да балотца людзей, адразу пасля мітынгу на тым месцы, дзе знайшлі самалёт, паставілі абеліск, а потым пачалося і асушэнне балотца, рачулку спрамілі, паглыбілі экскаватарам метраў да пяці, высеклі кусты, і вёскі, што стаялі адна супраць адной за насыпам белага пяску, за кучамі алешніку і пнёў, перасталі бачыць адна адну. Гэтыя кучы так і не паспелі прыбраць. Над імі закурэў спачатку тоненькім струменьчыкам дым, і струменьчык гэты то знікаў, то з'яўляўся зноў, нібыта хтосьці дыхаў там, у глыбіні, уцягваў і пускаў дым, і дыханне яго рабілася ўсё больш гарачкавым і ліхаманкавым, і дыму большага, пакуль не зацягнула ім абедзве вёскі, якія стаялі паміж гэтымі тарфянікамі, і толькі пасля гэтага захваляваліся сяляне, не было чым дыхаць каровам, кінуліся тушыць, ды было позна, агонь быў ужо глыбока ў зямлі, тачыў яе норамі і хадамі. I небяспечна было ўжо хадзіць па зямлі, па балоце, куды больш небяспечна, чымсьці па дрыгве. Ад дрыгвы яшчэ быў паратунак, а торф, што схапіўся агнём, нічога не аддаваў назад, жэр усё. На вачах у Мацвея гэтае жудаснае пекла паглынула карову. Ён паспеў паглядзець толькі ў вочы ёй і ўбачыў такі жах, што здрыгануўся, вочы яе не наспелі нават набрыняць слязьмі, такая была спякота, яна і не замычэла, не раўнула ад болю, роў яе спапяліўся ў перасохлай, разадранай ад пакут глотцы, карова толькі вываліла даўжэзны да неверагоднасці. язык, нібыта прагла адкусіць яго, і пайшла пад зямлю, абсмаленая і спечаная адразу, пры жыцці яшчэ. Пасля таго балота гарэла месяц, і месяц было не прадыхнуць ні ў адной, ні ў другой вёсцы і ў гарадку таксама.