Выбрать главу

Кацілася, а больш дакладна, плыло, што вада спрадвеку, жыццё — па старым, мудрагелістым рэчышчы. Плыло, таму што ў гэтым Палескім краі ўсё выйшла з вады і хавалася ў вадзе. Пагаворвалі, што і нараджаліся, маўляў, палешукі ў лодцы, як алтаец у сядле, а калі ўжо выпала б яму магчымасць самому выбіраць сваю смерць, памёр бы ён няйнакш як у лодцы. I лічылі княжборцы, што, калі «ёсць на свеце рай, няма яму лепшага месца». Трывушчай была гэтая зямля. Хутка загойвала рапы, якія прыносіла вайна. Глебы тарфяныя, багатыя, усё само цягнецца ў рост. Вакол балоты, багна, і начальства не вельмі ахвотна па бездарожжы наведвалася сюды. Прыгожая была гэта зямля — аблашчаныя сонцам, парослыя лозамі берагі рэчкі, дубы, ясені і бярозы, старыцы і азёры з белымі. і жоўтымі вочкамі гарлачыкаў. Празрыстае паветра, высокае неба, дзе, перакрываючы сонца, распрастаў крылы бусел, ахоўваючы цішыню, прастор і спакой... Прыгожая зямля, калі адгукнуцца па яе душою.

Але тыя ж княжборцы былі перакананы, калі ёсць на зямлі пекла, то і яму няма лепшага месца, як у Княжборы. Нельга прыдумаць лепшага.

А калі дакладна вызначыць каардынаты — пекла перабралася ў Княжбор не вельмі даўно, гадоў з пяць назад. Здарылася гэта, як і павінна: разверзліся хлябі нябесныя, адчыніліся рэкі і моры падземныя. I хоць звыклі палешукі да паводак, але год ад году з вясны ў вясну ішла ўсё больш вялікая вада, падмывала хаты, і ўжо чухалі патыліцу княжборскія мужчыны, што прыйдзецца ім пакінуць Княжбор, што аднойчы «весняй вадой сплыве адсюль і жыццё».

I пекла, і рай — чаго ж яшчэ жадаць?.. Жывая зямля, нармальнае жыццё. I ладзяць яго палешукі, як гаворыць пісьменнік, прадбачліва. Жывуць, «не прытрымліваючы дыхання». I таксама, не прытрымліваючы дыхання, падрабязна і ўважліва, то з усмешкай, то з заклапочанасцю піша пра іх і роднае Палессе Віктар Казько...

На краі вуліцы, у маленькай хатцы, ахутанай з усіх бакоў грушкамі-дзічкамі, канаплянікам і голлем старога дуплістага дуба, разам з каровай Мілкай жыве цётка Тэкля, па-вулічнаму Ненене (так — «Не-не-не» — яна пачынае ледзь не кожную фразу). Мужык яе Іван пасля вйны быў ужо не жылец, «неўпрыкметку растаў, знік паміж зімой і летам, жнівом і сенакосам». I дачка ў яе была — паехала ў горад і памерла, налажыла на сябе рукі, калі кінуў яе з малым нейкі афіцэр. Толькі і засталося — успаміны. Між іншым, сама яна ўпэўнена: Іван прыходзіць у адведкі да яе ноччу, пасядзець у хаце, памаўчаць, паслухаць, як у мітусні і працы — дзякуй брыгадзіру, дае работу — бяжыць яе час. I адзінае, чаго яна хоча — «гэта сама давесці сваю жытку да канца, да круга, таго, што выпала, як выпадала ўсім, з кім побач жыла, з кім разам нарадзілася, дзяліла ўсё па гэтай зямлі ў роднай ёй хаце. Давесці да канца, нікуды не збочваючы, ні перад кім не крывячы душой».

У гэтых раздзелах рамана Віктару Казько ўдаецца выканаць, магчыма, самую цяжкую для пісьменніка задачу — пераканаць у рэальнасці створанага свету, прымусіць нас не чытаць пра яго, а жыць у ім. I ўжо не думаецца пра ўсялякія «мастацкія, стылістычныя асаблівасці»...

Абганяе на сваіх воліках бульбу Аркадзь Барздыка. Цягавіты, як волікі, па «старым часе мог бы і ў кулакі выйсці». Ва ўсім шукае выгоду. На свае не толькі чарку не паставіць — сам не вып'е. Сына вучыць: камбайнер павінен хоць за халявамі ботаў прынесці куранятам зярнятка. За кілаграм-другі рабіны здольны ссекчы цэлае дрэва. Ды што дрэва, рабіна, было, адзіную на ўсю акругу дуброву ледзь не ўсю падвёў пад сякеру. Гісторыя гэта даўняя, пасляваенная, але незабыўная ў Княжборы. Вярнуўся з фронту вышэйшым з княжборцаў па званні—старшыной. Стаў старшынёю калгаса. Жылі на крэдыты. Ад навіны да навіны толькі бульбы і хапала, ды яшчэ калгасы ўзбуйнілі. А Барздыка рашыў вывесці калгас у перадавікі... «I паплылі па рэчцы дубовыя калоды ў вялікія гарады на вялікія будоўлі...» Сёння ўжо састарэў, не старшыня. Абганяе на воліках бульбу. Трэба па гаспадарцы ўправіцца, а потым яшчэ ў калгасе адрабіць. Каб падпяць тут, у Княжборы, сям'ю, каб дапамагчы жыць у горадзе сыну і дачцэ...

А не дазволіў Барздыку зусім звесці дуброву Цімох Махахей. Землячкі ледзь яго самога не засеклі тады — ужо ж да абновак прыцэньваліся. Барздыка першы ахрысціў «урадзіцелям і ворагам калгаснага жыцця». I гэта ў тыя гады! Жонка ўмольвала: «Жыць жа як у вёсцы будзеш, з кім знацца?» I дзеці былі галодныя. Пакуль дапяў да горада — праз гаці, брады і трынаццаць кладак — пакуль начальства ў Княжбор выправілася, плыла па Бобрыку векавая дуброва... Усё жыццё чакаў Махахей сына, а парадзілася пяцёра дочак. Ужо малодшая трызніць горадам, крычыць: «А мне не трэба хаты. I не буду я яе будаваць...» Апусцее хата. I жонка цягне ў горад — пакуль здароўе ёсць, дапамагчы дочкам унукаў падымаць. А яму карціць пажыць тут, азірнуцца. «Нідзе ён ужо не здольны прыжыцца, хоць і вялікая Зямля, вялікі белы свет». Нікому і ніколі не гаварыў Махахей пра тое, што жыло ў ім штосьці — ці то вока ўсёвідушчае, ці то другі чалавек — і гэтае штосьці не дазваляе яму хітраваць, здраджваць сабе, судзіць яго ўчынкі і думкі. Як жа яму пакінуць гэтую зямлю, гэты куст, ваду, неба — усё гэта таксама хата... Усё гэта ўбачыў ён, калі першы раз адплюшчыліся вочы, і гэта ён павінен панесці з сабой... Інакш атрымліваецца, што і не жыў ён, не нараджаўся па свет, няма нічога роднага яму па гэтым свеце...»