Але яны абодва мужна трывалі, Шахрай быў у панцыры, у брані сваёй варожасці да балота і дарогі. Упершыню праблукаўшы тыдзень па Палессі, здолеў закаваць сябе ў тую ж самую браню і Мацвей. Ён сам з Княжбора, здавалася, ведаў аб ім усё, з галавы вылецела толькі вось гэтая гаць, мо таму, што ніколі не даводзілася ездзіць на машыне. Усё больш пехатою, на сваіх двух. А на сваіх двух ніколі не дрогка.
Не вытрымаў вадзіцель:
— Калі ж скончыцца гэты здзек, душу ўжо нудзіць. Машыну шкада.
— Ужо трошкі засталося, зараз выскачым,— паабяцаў Мацвей і сурочыў. Парвалася і тая нетрывалая нітка, якая вяла іх да Княжбора. Газік упёрся ў размыты паводкай масток.
— Прыехалі...— вылаяўся Шахрай.
— Справа, здаецца, аб'езд,— і Мацвей з вадзіцелем, не адчуваючы знямелага цела, прайшліся па гэтым аб'ездзе.
— Тут не на машыне, а ў пасталах добра было б,— сказаў вадзіцель, калі яны зноў выйшлі на дарогу.
— Уключай раздатку, выдзірайся сам, а мы пешшу,— і Шахрай не ўседзеў больш у газіку.
— Мо пачакаем, пакуль праскочыць аб'езд, дапаможам, калі што? — Мацвею было няёмка перад шафёрам, якога яны пакідалі аднаго, нібыта гэта ён, Мацвей, знарок разбурыў той мосцік. Але Шахрай адмахнуўся ад яго:
— Залезе, закапаецца, мы яму не дапаможам. Прышлём трактар. Рушылі.
I яны рушылі. I адразу за мосцікам, за аб'ездам, Мацвей адчуў, што пачаўся ўжо Княжбор, хаця яго і не відаць, і не чуваць было. Не відаць было і загонаў, дзялянак, мільганула толькі між чорных вольх, шэрых дубоў, асветленых сонцам бяроз прасла, мільганула і згубілася, знікла, каб праз крок-два выбегчы да самай дарогі: дзень добры, блудны сын, гэта твая бацькаўшчына, вось яе пачатак. Княжбор гэтым праслам пазначыў свае ўладанні, свае межы. I гэта нічога, што шэрыя і чорныя ад часу, ветру і дажджоў жэрдкі даўно ўжо спарахнелі і паламаны нават. Галоўнае — жэрдка працягнута і слупкі стаяць, лазою перавітыя, нераўня, канечне, яны тым, пагранічным слупам. Але ўсё ж уладарны герб Княжбора нябачна ёсць і на іх, прыкладзена была да іх сялянская рука, і яна перасцерагае: не чапай, не пераступі з благой думкаю, гэта наша, гэта мы. Тут мы жылі, жывём і будзем жыць вечна. I яшчэ адным знакам гэтага іх жыцця была пазначана зямля — могілкамі, павязана сцежкамі, абкружана сцяжынкамі, ледзь прыкметнымі, што пратоптаны зусім нядаўна, і глыбокімі, даўнімі, выбітымі, сходжанымі да белага пяску. I гэтыя сцежкі і сцяжынкі, могілкі ўголас уводзілі ў вушы Мацвею: Княжбор, Княжбор, Княжбор.
I як бы яшчэ раз сцвярджаючы гэта, Мацвей адразу ж за могілкамі ўбачыў валоў, што лена валюхаліся па схаваным за кустамі полі, пачуў голас, які падганяў іх:
— Цоб, цоб-цабе, ваўкарэзіны.
Мацвей з Шахраем падышлі да поля. Аркадзь Барздыка —Мацвей пазнаў яго адразу — абганяў бульбу.
— Дзень добры, бог помач вам! — бадзёра павітаўся з Барздыкам Шахрай. Мацвей таксама хацеў сказаць нешта добрае, але перахапіла голас.
— Дзень добры, начальнікі,— панура і неахвотна азваўся Барздыка, мімаходам зыркнуў толькі на Шахрая, як усё роўна і не стаяў побач з ім ён, Мацвей. I Мацвей разгубіўся і пакрыўдзіўся, нібыта ён ехаў толькі дзеля таго, каб сустрэцца з Барздыкам. I той сустрэў яго, але прызнаць не пажадаў. Але крыўда і разгубленасць зніклі імгненна, як і з'явіліся: над'ехаў да іх і спыніўся газік. I Мацвей зразумеў, што ён адвык ад Княжбора. Не Барздыка забыў аб ім, а таму і не прызнаў: ён забыўся пра Барздыку, свайго аднавяскоўца.
Княжборцу, а асабліва Барздыку, кожны чалавек, кожны гараджанін, які вось так вольна крочыць у такі гарачы час па дарозе — начальнік, а калі ў яго яшчэ партфель ці, горш таго, ён яшчэ і пры машыне — вялікі начальнік. I аб чым яму гаварыць з гэтым начальнікам — каб хлебам, сенам ці дрывамі дапамог, не дапаможа. Ці ж варта тады зубы выскаляць, языком мянціць, марна траціць час. Вунь якое ў яго поле, пакуль сонца не зойдзе, трэба ж управіцца з ім, абагнаць кардоплю. I стаіць ён зараз перад імі, начальнікамі, як валы яго стаяць, глядзяць у зямлю, жуюць жвачку, чакаюць каманды паганятага. Панукне ён іх, напнуць яны хрыбціны, худыя і ў гноі яшчэ зімовым азадкі, крануцца і пабрыдуць. Барздыка, Мацвей разумее гэта, знарок не глядзіць на яго, і на Шахрая не глядзіць, утаропіўся ў зялёныя шаты маўклівых дубоў. На голле дубоў ужо сіненька прыпадае вечар, змрок спаўзае з голля, макавак дрэў і хутка-хутка прыпадзе да каранёў, упадзе на траву — і настане вечар. А вечарам у Барздыкі новы клопат: мо ён і цяпер чуе, як рохкае ў сырым закутку парсюк, мо ён чуе, як стогнуць валы, напрацаваліся, просяцца ўжо ў хлеў. А самога Барздыку недзе пад лавай ці пад павеццю чакаюць яшчэ сякера, піла: пакуль вада не сышла, пакуль вада блытае сляды, трэба і дубок які-ніякі па дровы ці слупкі заваліць і да хаты на лодцы па вадзе прыгнаць. А там ужо, глядзіш, і світаць пачне, ночы вясной кароткія. А раніцай зноў за тое ж самае, што не дароблена ўчора, і ўвесь дзень, што кола, паспявай толькі круціцца. Дзецям сваё, жонцы сваё, а яшчэ ж і калгасу яго трэба аддаць. Усюды і ўсім ён павінен. Аніводнай вольнай хвілінкі, на тым свеце толькі адпачне.