— Што гэта вы робіце, чым займаецеся? — Шахраю хочацца пагаварыць з Барздыкам.
— Ай, начальнік, хіба ж ты не бачыш...
— Бачу, многа ў цябе зямлі?
Гэтае пытанне выводзіць са здранцвення Барздыку. Бог яго ведае над чым ці над кім гэты начальнік начальствуе, а пра зямлю пустой гаворкі не мае быць. Барздыка, канечне, не верыць, што яму прырэжуць той зямлі. I Мацвей адчувае, як Барздыка напружваецца.
— А што? — удае ён сябе за глухога.
— Колькі, пытаю, зямлі ў цябе?
— А вось,— непаразумела разводзіць рукамі Аркадзь Барздыка, ці то паказвае толькі на гэтую дзялянку, ці то ўбірае ў свае рукі зямлю, колькі вока можа ахапіць.
— I гэта ўсяго? — не разумее яго хітрыкаў Шахрай.
— Да не, яшчэ трошкі ёсць.
— I колькі ж трошкі?
— Трошкі.
— Ну колькі трошкі: дзесяць, сорак сотак, гектар? Колькі ў сярэднім княжборскі мужык мае зямлі?
— Трошкі... дзесяць, сорак сотак, гектар у сярэднім.
— Не разумею,— круціць галавой Шахрай.— Дык дзесяць сотак ці гектар у сярэднім?
Барздыка ўмольна пазірае на Роўду, хоць усё яшчэ не прызнаецца ў тым, што ведае яго, просіцца вачыма падказаць, што гаварыць, як выкруціцца. Калоцяцца яго душа і сэрца, не паважыцца ён ніяк ні праўду сказаць, ні звесці гаворку на яго, Мацвея Роўду. Звесці можна, толькі вялікае пытанне, ці пагодзіцца з гэтым Роўда, ці захоча ён з ім вадзіць знаёмства. Ён жа чуў дзесь, што гэты Дзям'янаў парастак таксама ў начальніках ходзіць, і цяпер, калі стаіць і не адгукваецца на яго мальбу, не варта і яму ў радню набівацца. Яго справа такая: загадалі ісці — ідзе, стой — стой. А тут нешта ні тпру ні ну, хоць стой, хоць падай.
— Ай, начальнік, ну чаго ты да мяне прычапіўся? У сярэднім, у сярэднім. Колькі ў каго гною хапае, столькі і зямлі ў сярэднім.— Спрытна выкручваецца Барздыка, вылузваецца. Але Шахраю няймецца, пакуль яны ішлі пешкі. з Мацвеем, ён дазволіў сабо паслабіцца, мо й пасумаваць, пашкадаваць каго. Але цяпер ён зноў закаваны ў браню, перад ім штосьці непаразумелае, як бы працяг тых самых балот, праз якія яны ішлі і ехалі тыдзень, з якімі ён павінен змагацца, дзеля дабрабыту гэтага ж негаваркога з хітрыкамі селяніна. А Барздыку такая гаворка ўжо даспадобы. Гной не зямля, гпою ў яго хапае, пра яго ён можа і з начальнікам пагаварыць — што гэты начальнік цяміць аб яго гноі.
— Гною хапае, хапае, колькі худоба дае ды вы яшчэ дабавіце, столькі і будзе, увесь наш.
— А колькі яна дае, колькі жывёлы ў цябе?
Такі паварот зноў, адчуваецца па ўсім, непрыемны Барздыку. Якое ж мноства па свеце рэчаў, пра якія не хацелася гаварыць Барздыку з начальствам. Барздыка непрыязна глядзіць, але не на Шахрая, а па яго, Мацвея Роўду: ці не фінагента навёў на вёску гэты Дзям'янаў парастак?
— Ды волікі во...
— I ўсё?
— Ну, кароўка.
— Не прыбядняйся, не прыбядняйся, і яшчэ там штосьці ў хляве тваім мычыць.
— Ну быцок мыціць...
Роўда не ўстрымаўся, зарагатаў: дапёк Шахрай усё ж Барздыку, зацокаў ажно, а княжборцы калі яшчэ цокаць перасталі. Да таго ж Барздыкі наогул ніколі не цокалі. З цоканнем — гэта іх, дзям'янаўская гаворка. «Быцком» сваім Барздыка ўжо прама звяртаецца да яго, і Мацвей не адмаўляецца ад зямляцтва:
— А да быцка цёлацка, так, Аркадзь Прахоравіч?
— Та-ак. А да быцка цялуска,— ашчэрвае жоўтыя зубы Барздыка.— З прыездам вас, Мацвей Антонавіч, рады, рады.
— А да цялускі кабанцік?
— А да цялускі кабанцік, так, так яно.
— А да кабанціка парасяткі?
— I парасяткі гной даюць.
— Ды гусак з паўсотні.
— Трыццаць гусак... А што, Савецкая ўлада супраць?
— Не супраць, але ж каб столькі,— не вытрымаў усё ж Шахрай,— хоць раскулачвай.