— Нно, цоб-цабе... Ты, начальнік, па машыне, а я на воліках... Пайшлі, воўк вас дзяры.
I валы пайшлі, без крыўды на пугу і крык, унурыўшы галовы. I толькі зрэдку варушылі вушамі ды пакручвалі хвастамі, адганяючы з'яд, рыпела ярмо, сквірчэла, як сала на патэльні, зямля. Сквірчэнне гэтае і рып паступова затухалі, глухлі, пакуль зусім не патанулі ў цішы дубоў і поля.
Яны стаялі на рагу гэтага поля, глядзелі ў спіну аратаму. Шахрай зрэдку моршчыўся, калі валы збіваліся з нагі, і, пакуль бралі яе, ярмо ажно верашчала. Роўду было няёмка за свайго вяскоўца і за Шахрая, перад вяскоўцам было няёмка. I наогул яму было няўтульна на роднай княжборскай зямлі. Ён вусцішна маўчаў, разумеючы, што нельга зараз чапаць Шахрая, але ўсё ж не ўтрымаўся, калупнуў Шахрая, такая ўжо парода іх, дзям'янаўская. Сыпануў солі на хвост Шахраю.
— Чаго ж вы не спыталі, Алег Віктаравіч, пра волікаў, якіх ён садзіў у зямлю, хвасты абразаў, як соль сеяў?
— Гэты волікаў садзіць і соль сеяць не будзе.
— Чаму не будзе, ён і ёсць галоўны салясей у Княж- боры,— зноў не ўстрымаўся, пакінуў за сабою апошняе слова Мацвей. Ён помсціў Шахраю і за бюро, і за трутняў, і за Барздыку. За ўвесь Княжбор, што ў асобе Барздыкі так няветліва сустрэў іх, жыў па-свойму, па сваіх законах, якія не супалі з законамі Шахрая, а дзесь і з яго, Мацвея Роўды, законамі. Т садзіліся яны з Шахраем у машыну моўчкі, і нейкі час ехалі моўчкі, кожны ў сабе.
Нічога ў цябе землякі,— першым усё ж парушыў маўчанне Шахрай.
— Што вы ведаеце аб маіх земляках? У яго ж сямёра па лаўках, а мы яго гусак, кабанчыка лічыць пачалі. У калгаса гектар зямлі адхапіў... А пра тое мы не думаем, што не ён пры калгасе, а калгас пры ім. Сто — дзвесце гектараў ворнай зямлі — вось і ўвесь калгас.
— А ён з гэтай сотні-другой цэлы гектар адламаў.
— Адламаў... Зубамі выгрыз. Трактар, калі б яго так паганяць, і той бы здох. А без волікаў пагібель яму. I дзед мой пару трымае. Павінен трымаць. I кожны так у Княжборы.
Мацвей, здаецца яму, памятае і ведае цяпер усё аб сваім Княжборы, пра людзей, што жывуць тут, пра самога сябе, нібыта ніколі не пакідаў яго, нібыта дух яго, цень, пазбаўлены цела, з дня на дзень лунаў над гэтымі балотамі і полем, хадзіў па хатах, усё бачыў, усё чуў, убачыў і адчуў і яго ў гэтым газіку, спусціўся да яго, увайшоў у яго, зліўся з ім і перадаў яму ўсё, што сам бачыў і ведаў, разгроб тыя наносы, тое смецце, што затлуміла галаву, агаліў пульсуючую жывую яго памяць. I ён бачыў гэтую сваю ачышчаную памяць, чуў, як яна прыбойна дыхае ў ім, хаця і скавана яго целам, яго сумам, прысутнасцю Шахрая, скавана яшчэ і асцярожнасцю, жыццёвай абачлівасцю, няведаннем таго, як атрымаецца ў яго тут, што ён знойдзе, а што згубіць тут.
Мінулае не вяртаецца. Але ці толькі лепшае ідзе па змену мінуламу. Сённяшняе Княжбора абурае Алега Віктаравіча, хаця ён яшчэ і не нюхаў гэтага сённяшняга, бачыў балота, што атачыла Княжбор, праскочыў па машыне па княжборскай дарозе, пагаварыў з Барздыкам, калі той быў не ў гуморы. Угледзеў толькі тое, што само сляпіцай лезе ў вока, назаляе воку. Які ж багацей, тым больш кулак гэты гарапашны Барздыка. Хворы пайшоў ад гэтай зямлі на вайну, у партызаны, а з партызан і ў войска, здабыў па фронце лычкі старшыны, з тым, ды яшчэ з чужым жалезам у грудзях, вярнуўся ў родную вёску, падымаць на ногі калгас. Нічога не скажаш, сёння жывецца яму куды вальней, чым учора. Толькі ці ёсць у яго час адчуць гэта? Ухопіць раніцай, як птушка, што-небудзь, укіне ў рот кавалак хлеба, зап'е малаком, ну, мо скрылёк сала, калі яно ў яго далежваецца да лета, канечне; удзень — гладышка кіслага малака; вечарам — чыгун паронак ды зноў тое ж малако, вось і ўсё. А волікі ў Княжборы тое ж самае, што лодка ці човен. Машына-ўсюдыход, і яна буксуе на княжборскіх гацях, вунь як раве, а волікі цягавітыя, як і Чыгуны-Барздыкі, як Дзям'яны-Роўды, як Махахеі. Пазбаў ты іх гэтых волікаў — і капцы. Пагібель Чыгунам, Дзям'янам, Махахеям, хоць самім галаву ў ярмо. Цялічка, бычок — яны восенню ўсё роўна будуць у казне. Дзякуючы гэтым бычкам і цялічкам недзе вучацца ў горадзе сын ці дачка Барздыкі, дзякуючы бычкам дзеда Дзям'яна вучыўся ў горадзе і ён сам, Мацвей Роўда. Гэта яны, бычкі і цялічкі дзеда Дзям'яна, вывелі яго ў свет, у людзі. А кабанчыкамі і парасяткамі жывы і сам Барздыка, жыў Княжбор і ўсе іншыя Княжборы Палесся. I шчасце іх, што так дбаюць, цягнуць з сябе жылы палешукі Чыгуны, Дзям'яны, Махахеі, тыя самыя, што сеялі колісь соль і садзілі волікаў. Колькі плётак і баек, сем карабоў бязглуздзіцы вакол іх, вакол гэтага прасла, дубоў гэтых, гэтых буслоў — вакол палешука, які сапраўды не чалавек, а паляшук. I плятуць гэтыя карабы па сённяшні дзень, і кожны сваё лыка ўплятае. Герадот, той пайменаваў гэты куток краінай вады і туманоў. Плеткары больш сучасныя абазвалі палешука дзікуном, лічы, дзікунства гэтае, маўляў, ужо ў самім слове «паляшук». Не зводзяцца плеткары. Наслухаўся іх і ён, Мацвей Роўда. Забяспечылі і яго на дарогу плёткай. Пра тое, як нейкі без меры закаханы паляшук праз балота хадзіў на спатканне да сваёй каханкі, лётаў, сплёў сабе кош-самалёт, запрог у яго дваццаць пеўняў. На гэтай лічбе Мацвей не вытрымаў, перапытаў: