Выбрать главу

— Дваццаць?

— Дваццаць!

— А чаму б не дваццаць адзін, чаму б не ачко?..— Мацвей запамятаў гэтую плётку і плеткара і шмат чаго іншага запамятаў, хаця, па праўдзе кажучы, і сам быў небездакорны. Уступаючы гасціннасці, безжурботнасці чужога краю, на хвіліну, тыдзень, месяц забываўся аб няпростасці, патаемнасці свайго Палесся, грэючыся пад чужым сонцам, забываў аб сваім, пра тое, што на яго Палессі не менш сонечных дзён, чым у той жа Адэсе-маме, дыхаючы чужым паветрам, чужымі азонамі і фітанцыдамі, забываўся пра тое паветра, што было яму як малако маці, пра тое, што дзесь сярод клятага ліхаманкавага Палесся згубілася вёска, якая ўсяму свету дорыць мяту — мятныя бальзамы і эліксіры, таму што ў той вёсцы лепшае ў свеце паветра, больш, чым дзе б там ні было, тых жа самых фітанцыдаў, больш азону. I гэта было прызнана ўсімі, толькі не ім, не тымі, хто нарадзіўся і вырас у той вёсцы. Паважаючы чужое жыццё, чужых бабуль і дзядуль, іх сівізну, іх век, забываўся аб сваіх пра-пра-пра. А іх жа было ў клятым Палессі не меней, чым у самым бласлаўлёным краі. Толькі ў яго Княжборы падкрадаўся да сотага гадка яго ж родны дзед Дзям'ян, памяняла ўжо сваю другую соценьку Махахеіха. I такіх, як Дзям'ян, Махахеіха, было мноства на Палессі. Але не любілі яны пра сябе, пра свае гады гаварыць, дажывалі свой век каля печы ў вясковай хаце, дзе ім было ўтульна і цёпла, дзе мала хто бачыў іх замілаванасць жыццём і сонейкам, сядзелі сабе ў цяньку дзе-небудзь каля хлева, саступіўшы ва ўсім маладым. Яны саромеліся свайго доўгага веку, хаця яшчэ нешта й рабілі. Махахеіха пільнавала, праганяла з гарода курэй, корпалася паціхеньку і ў гародзе, палола грады. А дзед Дзям'ян, той яшчэ і з сякерай у лес хадзіў, падзарабляў сабе да пенсіі аерам, здабываў гэты аер у балоце, у старыцы, нёс дамоў, у засень ліпы каля свінарніка, садзіўся на карытца, скідаў, калі ніхто не бачыў, боты, падстаўляў сонейку ступакі, браў у рукі нечым падобныя на яго ступакі, пакручанасцю і спрацаванасцю, карані аеру, абчышчаў іх абломкам ножыка да белага, пахучага, правяльваў, сушыў па сонцы, беражліва звязваў пучкамі і здаваў нарыхтоўшчыкам.

А ён, Мацвей, у гэты час аж канаў ад захаплення чужымі старымі, іх мудрасцю і гумарам, як пацяшалі яны незаняты натоўп, што глядзеў на іх як на нейкае дзіва. Яны і самі лічылі сябе за дзіва, бавілі натоўп кідкім слоўцам: «А пражыў я столькі таму, што ўвесь час меў справу толькі з авечкамі, а не з людзьмі, быў чабаном».

Яго ж родныя, Мацвея дзяды, не маглі сабе дазволіць такой кідкасці, таму што і мудрасць іх была іншай, у непрыкметнасці. Нічога не было ў іх на пагляд, на выстаўку: чым выстаўляцца, чым выхваляцца старасці — маршчынамі, немаччу, хваробамі, ці ж гэтым трэба ганарыцца, калі спрадвеку зямля была і застаецца маладой, неўвядальная, нязгасная яе прыгажосць і сіла, і кідкае слова — толькі смецце. За сваё жыццё старыя палешукі столькі гэтых слоў наслухаліся, што цяпер і радыя былі памаўчаць: хай маладыя сябе ў словах паказваюць. Мо ў тым была іх і правіннасць, што яны саступілі ва ўсім маладым, мо таму і сам Мацвей, зачараваны сівой старажытнасцю, што так ушаноўвалі па чужыне, забываўся аб старажытнасці свайго краю, захапляўся чужой славай, забываўся пра славу сваіх дзядоў і прадзедаў, пра вытокі і карані, не толькі яго, Мацвея, вытокі і карані, але ўсёй белай і чорнай, вялікай і малой, Русі, пра некалі магутнае Турава-Пінскае яднанне, якое займела, здабыло сябе і сваю моц менавіта тут, на Палессі, што ён некалі ў дзяцінстве яшчэ гуляў татарскай стралой і знаходзіў у зямлі каля старадаўніх курганоў за вёскай шведскія і французскія манеты, а там, дзе тлелі ў зямлі касцякі, астанкі апошняга нашэсця фашысцкай зграі, пасвіў кароў і гуляў у жмуркі. Ён, княжборац Мацвей Роўда, разам са сваімі аднагодкамі — Барздыкамі, Роўдамі, Махахеямі — на дубах, адзін з якіх падтрымлівае хатку Ненене, а другі стаіць тут, каля могілак, шукаў кольца, за якое колісь Напалеон прывязваў свайго каня. Аб гэтым ім неяк расказаў настаўнік гісторыі. Гэта, канечне, быў жарт, але...

Дубы макаўкамі падпіралі неба, былі яны сучаснікамі самога Івана Грознага. Хлопцы праглядзелі вочы, але кольца так і не паказалася ім.