Кружыць гэты раман.
Кружыць аўтар. З першых паслярэвалюцыйных гадоў пераносіць дзеянне ў гады васьмідзесятыя, зноў вяртаецца назад — у вайну, у дзетдомаўскае дзяцінства... То спыніцца перад суроваю ніткай, якой з-за недахопу дроту ахоўвалася граніца ў дваццатыя гады, то прымусіць глынуць сіняга цыгарэтнага дыму ў аднапакаёвай хрушчобе, то, імкнучыся прэч ад здушанасці гарадской кватэры, ад нематы белага аркуша паперы, завядзе на масточак над празрыстай рэчкай, дасць спатоліць смагу бярозавікам...
Кружыць Споўдала, забіты некалі каралём браканьераў Барталамеусам Шпаковічам апошні зубр. Зубр, што бачыў на сваім бясконцым веку апошняга ятвяга. Зубр, які ажыў, рукамі чалавека і ў пакутах чалавечага сумлення адроджаны. Ці то ён вярнуўся з «Песні пра зубра» Мікалая Гусоўскага горды сімвал беларускай зямлі, ці то з запаветнай пушчы выйшаў па бетонку, каб ашчадна ўзяць з рук чалавека цёплы акраец хлеба. Вольны, магутны звер, што прыпяў свінец браканьерскай стрэльбы, прыкрыў сабою сям'ю баброў — бездапаможнае, мірнае, крохкае жыццё...
Але ён яшчэ прыйдзе, ён павінен прыйсці зноў...
Новымі і новымі кругамі разыходзіцца па раману гісторыя дзетдомаўскага саду.
Яблыневага саду. Панскага, што ссеклі пасля рэвалюцыі сяляне. Які зноў пасадзілі пагранічнікі. Знішчылі ў вайну па загаду немцаў. Дзіцячымі, дзетдомаўцаў рукамі адроджанага — кожная яблынька тварам да сонца, да цяпла. I які зноў у адну ноч знішчылі... Пасля чаго пайшло гуляць падапне—колькі б ноччу гэты сад ні высякалі, раніцой ён вырасце зноў, пасля трэціх пеўняў садзяць яго дзетдомаўцы...
Але гэта яшчэ і прыгожы зямны сад — так з мітуслівай гарадской далечыні ўяўляецца аўтару вёска, дзе знаходзіцца яго хата. «Не вёска, а адзіны сад, зялёны шар, маленькі, адасоблены шар зямны, дзе не могуць быць няшчаснымі людзі, дзе ходзіць сыты статак кароў, дзе выспяваюць сакавітыя антонаўкі, дзе рэпаюцца на градах, перабраўшы сонца, памідоры, дзе выцягваецца ў хвастатае сонца гарачая радыска, млеюць, лежачы на баку, гуркі...» Ды яшчэ і песня ад ракі даносіцца. Праўда, гэта казка здалёку, а калі паглядзець на яе пры набліжэнні, яна знікне, рассыплецца.
Разыходзяцца, пашыраюцца кругі. I ўзнікае ў рамане вобраз вечнага саду. За якім і гэты, столькі раз пасаджаны і высечаны, шматпакутны сад, і сяло, і хата, набытая і страчаная, разбураная бяспамяцтвам, і людзі, іх мінулае, сённяшняе і будучае...— вечнае Жыццё.
Але як бы ні кружыў аўтар, як бы ні пятляла ўдзірванелая, зарубцаваная сцежка-рана, нязменна выходзім мы ёю да хаты ў яблыневым садзе і да лёсу двух людзей, што непарыўна паяднаны з гэтай хатай і гэтым садам.
Упершыню лёс Мар'яна Знаўца і Сідара Місцюка перакрыжаваўся ў дваццатыя гады, калі абодва яны былі хлапчукамі-аднагодкамі. Перакрыжаваўся, каб разысціся ў вечным трагічным канфлікце. Два хутары на польскай граніцы. Дзве сям'і: бацька Мар'яна Іван, былы будзёнавец, звязаны з пагранічнікамі: ходзіць на заходні бок з разведкаю, бацька Сідара таксама ходзіць «па той бок» — па кантрабанду. Дзве першыя сустрэчы з Савецкай уладай — начальнікам пагранічнай заставы Трубецкім: маленькі Сідар выхваляецца ладнымі штонікамі — бацька з-за кардону прывёз. Мар'ян жа, як прывязаны, ходзіць за Трубецкім, каб узяў яго той садзіць «пралетарскі, агульнасялянскі» сад.
Вось так усё і вызначылася з першых старонак рамана: Мар'ян будзе ўсё жыццё садзіць для людзей сад. Сідар марыць пабудаваць у тым садзе сваю добрую хату.
Праз усе ключавыя і трагічныя моманты нашай гісторыі правядзе пісьменнік сваіх герояў.
Раскулачаць Місцюкоў і рэпрэсіруюць бацьку Мар'яна. Сідар Місцюк і Іван Знавец апыняцца ў адным лагеры. Пачнецца вайна, на прасёлкавай дарозе калона рэпрэсіраваных сустрэнецца з абозам прызыўнікоў, і сашчэпяцца позіркі Сідара і Мар'яна. Але толькі на імгненне. Спікіруюць на дарогу нямецкія самалёты.
На паралелях будуе пісьменнік лёс гэтых герояў. Будзе вяртацца Мар'ян дамоў. Кінецца яму на грудзі, шукаючы паратунку ад сабак, малюпасценькі зайчык. Пасля вызвалення Палесся Місцюк таксама пойдзе з Савецкай Арміяй. Але па дарозе да роднай хаты не жыццё іншага ратаваць яму прыйдзецца, а думаць, як уберагчы сваё,— абложыць яго воўчая зграя. Але не разарвуць ваўкі Місцюка, будзе ён «пазначаны» зграяй. Як свой?..
Абодва яны трапяць на працу ў дзетдом. Знавец — дырэктарам. Місцюк — загадчыкам гаспадаркі. Адзін будзе выцягваць сваіх «шкетаў» у нармальнае жыццё, біцца, каб яны былі сытыя і сагрэтыя, а другі — ціханька падгандлёўваць спісанымі дзетдоумаўскімі трантамі... I ўжо карціць следам за некім, хто пісаў пра «Хроніку...», сказаць пра бясконцую правільнасць Знаўца і няправільнасць Місцюка. Але штосьці ўсё ж спыняе. Мо вось гэтыя думкі Місцюка пра сябе: «Ён прайшоў праз сцены турмы, прыбег сюды, таму што зямля тут да пупа родная яму, яго дыханнем насычана, яго снамі аблашчана. I здавалася яму, самы час яго прыспеў умацавацца на ёй, узяць у свае рукі гэту зямлю і сад». А мо і тое, што ладзіцца ў яго на гэтай зямлі жыццё — і хата харошая, і сям'я моцная, вялікая, і дзеці ў горад не бягуць... Ці тое, што падняў дзіцячы дом, стварыў там сапраўдную гаспадарку, навучыў дзетдомаўцаў шанаваць працу так, што адлучэнне ад гэтай працы стала пакараннем,— не здолеў жа Мар'ян дамагчыся таго ж са сваімі аднавяскоўцамі, калі стаў старшынёю калгаса? I яшчэ рэпліка Місцюка: чужы ты вёсцы. I гэта вялізнае зялёнае яблыка на далоні Мар'яна перад смерцю...