Не столькі процістаянне канкрэтнага лёсу аднаго і другога чалавека цікавіць пісьменніка, колькі проціборства двух светапоглядаў, перакананняў і сродкаў у самаздзяйсненні. Ідэаліст і прагматык? Чалавек, што ўсё жыццё пражыў для людзей, падпарадкоўваў сябе жалезнаму «трэба», і другі — пераконаны, што не трэба лезці на ражон, на раду яму напісана выкручвацца, выплываць з любога віру, трэба толькі помніць бацькоўскі наказ — прыслужвай усім, а служы толькі сабе. Жыццё Мар'яна было вечным чаканнем жыцця, скажа пісьменнік. Місцюк жа перажывае кожную сваю хвіліну; жыць для яго тое ж самае, што перажыць, выжыць.
Здавалася б, па ўстаялай логіцы, Мар'ян з яго Ідэаламі павінен у гэтым процістаянні перамагчы. Але ж у тым і справа, што перамагчы ідэалы могуць, толькі выжывае жыццё. На жаль, далёка не заўсёды яны трывала спалучаюцца, як паказвае вопыт. Дык што ж, той, мінулы час — быў часам Мар'яна, а гэты, наладжаны, павольна бягучы з цьмянаю, сцёртай канфліктнасцю — час Місцюка? I Мар'ян сапраўды чужы, лішні чалавек у вёсцы? Але чаму ж супраціўляецца гэтаму сэрца? Чаму ж так баліць усім ад яго смерці? Чаму ж сыплецца ўсё пасля яе ў вёсцы, нібыта стрыжня пазбавіліся — разбураецца дзіцячы дом, зводзіцца сад, зачыняецца школа?..
-- Віктар Апанасавіч, дык няўжо ж сапраўды час Місцюка? Пры ўсёй жыццёвай устойлівасці яго існавання ён сапраўды перад безвыходнасцю, тупіком — няма ніякай патрэбы ў духоўным развіцці...
- Па шчырасці, такая перспектыва мяне таксама засмучае. Але ж і сапраўды ўсё так — разбураецца жыццёвы ўклад, памірае вёска, мова, школа — сумленне вёскі знікла, засталося толькі — ухапіць, урваць, выціснуць...
...А пісалася, таму што хацелася ў штосьці верыць. Павінна быць у чалавека святло ў канцы тунеля. Надзея. Не першы ж год мы жывём і не апошні па гэтай зямлі. Ну калі-небудзь усё ж задумаемся...
Наталля Ігрунова
Неруш
Раман
Частка першая
...I ВЯЛІКАГА СЯМЕЙНАГА ШЧАСЦЯ
ОКІЦЬ НА БУСЛІКА
Лета састарыла зямлю, апачварыла яе твар, узарала палі і абочыны дарог глыбокімі чорнымі трэшчынамі. У трэшчынах, грудах запечанай зямлі квола корпаліся зморшчаныя мурашкі. Глядзець на іх было балюча, было незразумела, як і на чым трымаецца іх жыццё. Сонца цягнула сокі ўжо не з галін і лістоты, а проста з каранёў дрэў. Дарога выпхнула гэтыя карані на паверхню, як выракалася, на пясках іх агалілі сухавейныя вятры, машыны і падводы збілі, здзерлі жыўцом з іх кару. I на месцы гэтых здзёраў, драпін, нібыта сукравіца, блякла наплывалі сок і смала, пакалечаныя карані курчыліся ў гарачым, нібы прысак, пяску, браклі пухлінамі, вязаліся, як вужакі, вузламі і ў гэтых вузлах і нарастах хавалі свой боль. Чэзлі прыдарожныя бярозы і хвоі, заўчасна смяцілі жоўтым лістом і іголкамі, нібы імкнуліся хоць як-небудзь захутацца, абараніць сябе ад цяжару машын і спёкі. Вока чалавека, звера спатыкалася і бегла як мага далей адсюль, бунтавала, адмаўлялася прызнаць родную зямлю — шэрую, бурую, няўтульную, што не здолела адстаяць сябе, з перасохлымі крыніцамі, рэкамі, калодзежамі.
Мацвей Роўда адчуваў, што і сам ён высмяг. Усё было жорстка, крохка і хістка ў ім. Пачуццё смагі, лушчыстасці непраходнае. Як той птушцы, як той кнігаўцы, што ўвесь час плача над балотам, кліча дождж, хочацца загаласіць: пі-іць, пі-іць, пі-іць. А ўжо ж можна было і астудзіцца. Хоць на календары яшчэ амаль тыдзень да восені, сонца, заходзячы ў чырвані, вяртаецца на зямлю белым, белымі іскрамі прыпадаюць ужо ў нізінах да траў прымаразкі. Падобна да таго, што само сонца б'ецца спякотнымі промнямі аб скамянелую зямлю, высякае гэтыя іскры, белы, халодны жар. Па-другому ніяк і не растлумачыць таго, што адбываецца: удзень паліць — спасу няма, а ўначы выстуджвае. I месяц над вёскай увесь час у венчыку, у касыначцы — на добрае надвор'е, на спёку і холад. Раней адведзенага ім часу, ці то на бясхлебіцу, ці то прадчуваючы халады, збіраюцца ў цёплыя краіны буслы. Як не сотні збілася іх на сенажаці, каб пагаманіць апошні раз на роднай зямлі. Ні даць ні ўзяць, калгасны сход, гэткае наўгародскае веча, нібыта з вякоў векавечных паўсталі з зямлі дзяды і прадзеды — сівыя, босыя, вусцішныя. Няспешна, спаважна, углядаюцца ў высокае чыстае неба, махаюць яму крыламі: пачакай, маўляў, неба, паспеецца, пакуль што абмяркуем зямное. I гэтае зямное, відаць па ўсім,— важнае, спрэчнае. Вось толькі што птахі гладзілі адзін аднаго крыламі, церліся дзюбамі, нерашуча тупалі на месцы, а цяпер во схапіліся загрудкі, ідуць грудзьмі адзін на другога, як мужыкі княжборскія, як палешукі, што нешта не падзялілі: Роўды, Барздыкі, Махахеі. Недарэмна буслоў на Палессі клічуць антонамі. Мацвей прыглядаецца да птушак, нібыта па самай справе пазнае сярод іх сваіх аднавяскоўцаў. Усе яны, увесь Княжбор тут. Тут і яго Алена, і маці, і бацька, і дзед Дзям'ян, і стары Махахей з Махахеіхай. I рыжы Брытан вунь сярод іх — куды ж яму дзецца ад грамады. Рыжы Брытан — гэта той, з рыжымі падпалінамі на крылах бусел, які першы не вытрываў, пайшоў грудзьмі па чарнявага — бацьку свайго. Л дзед Дзям'ян стаіць збоку, наводшыбе ад усіх: упёрся нагамі ў зямлю і паважна ківае галавой.