Выбрать главу

Шмат чаго ў палешукоў ад гэтых буслоў, шмат чаго і ў гэтых птахаў у белых світках ад людзей, што жывуць у палескім краі. Аднолькава сціплыя яны і маўклівыя. Калі-нікалі кіпе сярод балот свой голас бусел, выб'е пошчак касцяною сваёй дзюбай, ніколі не закрычыць ён у хоры. Толькі на самоце, калі на душы яго спакойна і ціха, ці ўжо калі гняце гэтую душу так, хоць на сцяну лезь, калі, распластаўшы ружовыя на сонцы крылы, выбліскваючы кожным пяром, падрульвае ён задубелымі доўгімі нагамі да сваёй буслянкі, вітальнай песняй азначае сваё вяртанне з далёкіх краін, ці калі па дасвецці выйдзе ён на родныя гоні — палі, дубровы, сенажаці — і кіне яго ў жар і холад ад няўпыннасці і бясконцасці жыцця і зямлі, і тады, не намятаючы сябе, адкінуўшы сціпласць і сарамяжлівасць, безгалосы, зацягне ён сваю, хоць і не зусім удалую, але радасную, шчырую песню, песню нараджэння новага дня. А дзень яго, як і сялянскі,— спрэс у працы, нібыта каморнік, мерае і мерае ён балоты, падоўгу ўглядаецца сумным вокам у нікуды ці то імкнецца зазірнуць, што там, за даляглядам, ці то засяродзіў свой позірк у сабе, слухае сам сябе, слухае шапаценне мяцёлчатых і вастралістых траў, як здатны слухаць гэтыя травы касец, белы, сівы дзед-паляшук, які махаў-махаў касой і раптам замёр, ап’янеў ад раскошы мурожнага лугу: жыццё квяцістае і стракатае, як гэты луг, але ж і кароткае — недзе па гэтым мурагу ўжо нячутна крадзецца і вечнасць — другая касарка і хтосьці цяпер падае пад узмахам яе нябачнай касы, як падаюць травы.

Маўкліва і засяроджана будуе антон сваю хату. Як пад сілу, носіць ён у дзюбе голле, маўкліва сунецца пасля навальніцы ў высокае жыта збіраць там жаб, што вылезлі на вольную зямлю... Вераць свайму суседу-буслу, прыглядаюцца да яго жыцця, прадугадліва будуюць сваё жыццё і палешукі. Недарэмна мае бусел-антон і яшчэ адно імя — лелька — бог кахання і жыцця. Збудаваў ён на сядзібе палешука сабе буслянку — неўзабаве загукаюць і ў хаце палешука лелькі. А пакінуў антон сваю буслянку — пара ў далёкую апошнюю дарогу збірацца і гаспадару хаты — прыспеў яму час рыхтаваць сабе белую сарочку...

Вось людзі гавораць, што вясну да пас прыносяць ластаўкі. Пэўна, так яно і ёсць у мясцінах, дзе не ведаюць антонаў. Па Палессе ж, у палескую вёску, нясе вясну па сваіх магутных крылах бусел. Прыляцеў ён у родную вёску ды сеў адразу ў буслянку па высачэзнай вясковай грушы, што расце за гумном,— гэта яшчэ не вясна. Марна чакаць пакуль цяпла і сонца — яшчэ і мяцеліца завіхурыцца, і марозік прыцісне — будзе окіць на бусліка, як гавораць на Палессі: антон лепш за чалавека ведае пра надвор'е.

Была такая окіць і сёлета. Ужо дваццаць сёмага сака віка. Барздыка, настырны мужык, пачаў садзіць на сваім гародзе бульбу. Паўкняжбора выйшла надзівіцца на такі цуд.

— Картопля ў цябе, Аркадзько, азімая? — пыталі сяляне ў Барздыкі.

— Азімая, марозаўстойлівая...

— Адсыплеш, Аркадзько, восенню і нам па мяшочку, мы ў снег пасадзім...

Барздыка маўчаў, сваё ён ужо сказаў усё. Мацвей глядзеў на яго і прыкідваў, ці не пара ўжо сеяць і ў калгасе: вясна і на самай справе была ранняя, зямля прасохла, хоць бокам каціся. Але тут азваўся дзед Дзям'ян:

— А бусліка ты ўжо бачыў, Аркадзя? Што ён табе на вуха шапнуў?

— А тое і шапнуў, каб не лезлі кошкі лапай у мае сабачыя справы.