Могілкі былі завалены снегам. Старыя хвоі пасівелі ад густога інею, дубчыкі кустоў тырчалі з высокіх сумётаў, у белых стаўбунаватых шапках стаялі крыжы. Сцежачка ў два сляды прывяла іх за каплічку. Андрэй з Броняю спыніліся пад сасною, дзе ляжала мёрзлая, перамешаная са снегам гліна, аскабалкі карэнняў і чарнела вузкая неглыбокая яма. З яе цягнула вільгаццю свежай зямлі.
Калі абыякава адгугнявіў поп, адгаласілі жанкі, адгрукалі мёрзлыя камякі па веку дамавіны і ўсе разышліся, Андрэй з Броняю яшчэ доўга стаялі каля матчынай магілы. Яму было сорамна і прыкра, што не адважыўся ісці за труною, пабаяўся, каб ніхто не ўпікнуў, што камсамолец ідзе разам з папом, каб не напісалі ў інстытут, а там бы ўжо зрабілі арганізацыйныя вывады! Ды і Броні не было як ісці — яна ж настаўніца. За гэтую думку ўхапіўся Андрэй і хацеў апраўдацца перад самім сабою і перад Броняй, прыкрыць страх, які ўсё глыбей і глыбей раз'ядаў сэрца.
Броня моцна сціснула яго рукі:
— Ведай, што цяпер я для цябе буду і маці, і сястрою, і ўсім на свеце. Што б з табою ні здарылася, я заўсёды буду побач.
Разам з воблачкамі пару яна выдыхала праўдзівыя, гарачыя і шчырыя словы. Пасля Андрэй іх часта ўспамінаў на ўсіх цяжкіх дарогах, верыў на першым часе, што хутка вернецца, што вось-вось кончыцца дзікае непаразуменне. Але міналі гады, і траціліся надзеі.
На другі дзень пасля пахавання Андрэй паехаў у Мінск.
— Да вясны! — крыкнула ўслед Броня.
Колькі прайшло з тае пары вёсен? Хлапчукі і дзяўчынкі, што нарадзіліся пасля іх развітання, выраслі, пасталелі, пажаніліся і павыходзілі замуж, а яны так і не сустрэліся. І ці сустрэнуцца? А можа яна тут, недзе зусім блізка? Пра што ж гаварыць? Каго вінаваціць, што яны не сустрэліся і не знайшлі свайго шчасця? Няма каго. І ўсё ж нехта вінаваты, але толькі не ён і не яна.
Думаючы, успамінаючы, абмінаючы сустрэчных, Андрэй прыйшоў на плошчу. На слупах гарэлі цьмяныя ліхтары, у скверы смяялася і спявала моладзь, на лавачках сядзелі парачкі. Андрэй спыніўся каля нізкага плота. Вось прыйшлі на зямлю новыя людзі, са сваімі радасцямі і клопатамі, са сваім каханнем і шчасцем. Так, шчасцем! Ім ужо ніколі не давядзецца зведаць пакуты, якія перажыў Андрэй і многія яго равеснікі. Каму гэта і навошта спатрэбілася?
Ён яшчэ доўга хадзіў па начных вуліцах, завярнуў туды, дзе некалі стаяла іх хата, і нічога не пазнаў.
У поўнач ён вярнуўся ў гасцініцу, але доўга не мог заснуць.
* * *
На канцы мястэчка была бальніца — тры доўгія жоўтыя будыніны. Каля іх раслі старыя стромкія таполі і стаяла абшмуляная лейцамі канавязь. За бальнічным плотам, пад грыбком, некалькі хворых у піжамах і мультановых халатах «забівалі казла».
Андрэй увайшоў у двор і пачуў знаёмы голас. Ён пазнаў не столькі голас, колькі інтанацыю, манеру гаварыць, хуценька і катэгарычна:
— А вам, баценька, хто дазволіў курыць? Мы вас лечым, а вы нам самасадам «дапамагаеце»,—прабіраў Аляксандр Сцяпанавіч старога чалавека, а той стаяў перад ім, як вінаваты вучань. Андрэй патушыў недакурак і пайшоў да доктара. Ён нібыта мала змяніўся: крыху пацяжэў у хадзе, ужо не такі рухавы і порсткі, збрыў сваю востранькую бародку, і ад гэтага яго твар пакруглеў.
Доктар, відаць, здалёк заўважыў яго, але ўсё яшчэ сварыўся на старога з цыгаркаю ў рукаве. Пасля зрабіў крок насустрач.
— Рад вас бачыць жывым і здаровым. Чуў, што прыехалі, э-э-э,— ён замяўся,— Аляксеевіч... Скляроз пракляты. Я часам і сваё імя забываюся. Вы ўжо даруйце.
— Андрэй, проста Андрэй,— яны моцна паціснулі адзін аднаму руку. Доктар паглядзеў яму ў вочы прафесіянальным позіркам, нібы збіраўся загадаць: «Скажыце а-а». Пасля ўзяў за локаць і запрасіў да сябе ў кватэру. Ён заўсёды жыў тут, пры бальніцы.
— Ну, расказвайце, дзе што і як. Словам, выкладвайце ўсё па парадку. Гэта ж прайшло не менш як дваццаць гадоў. Юнаком помню вас, а цяпер сівізна, хоць і выглядаеце малайцом. Слухаю, слухаю, толькі гаварыце, калі ласка, крыху мацней.