Выбрать главу

А Андрэю хацелася перш паслухаць яго, хутчэй дазнацца пра ўсё, што непакоіла і хвалявала яго. Але ж трэба мець вытрымку, нельга адразу лезці са сваімі пытаннямі. І ён коратка расказаў, што пасля рэабілітацыі прыехаў у Мінск, атрымаў пакойчык і працуе завучам вячэрняй школы, ёсць жонка, пяцігадовая дачушка. Ён прыгадаў даўнюю прыказку: «Сам сіў, сіў, а дзеткі ціў, ціў» — і горка ўсміхнуўся. Не любіў Андрэй успамінаць свае цяжкія гады, расказваць пра пакуты і знявагі, каб не падумалі, што хоча расчуліць, шукае спагады і скідак. А калі часам і расказваў, дык толькі смешнае і кур'ёзнае, хоць самым вялікім кур'ёзам было тое, што здарылася з ім. Але хіба з ім адным? Колькі такіх, як ён, прайшло праз камеры, этапы, лагеры і ссылку! А колькі іх вярнулася? Таму Андрэй лічыў сябе шчаслівым.

— Я не пытаюся, за што і чаму. Цяпер гэта ведае кожнае дзіця. Але скажыце, як вам удалося вытрымаць усё, што вас ратавала? — дапытваўся доктар.

— Вера,— адказаў Далініч,— і неадольная прага дажыць да сённяшняга дня, вярнуцца на радзіму і адкрыта паглядзець у вочы людзям, якія ведалі мяне з маленства. А цяпер хочацца жыць не абы-як, а так, каб нешта зрабіць добрае, чаго не мог зрабіць у тыя марна страчаныя гады. Час жа іншы, і людзі думаюць інакш, шчырасці і адкрытасці больш, дыхаецца лягчэй, відно намнога далей,— Андрэй нават збянтэжыўся ад свайго пафасу.

— Так, так,— прамармытаў Быліновіч.— Памятаю, калі тут дачуліся пра ваша няшчасце, колькі плётак хадзіла. І шпіён, казалі, і трацкіст, і нацыяналіст. Чаго толькі не плялі. Многія дзівіліся: «Такі спакойны і разважлівы хлопец, камсамолец, студэнт — і на табе. Значыць, хітра маскіраваўся». А быў тут такі нягоднік, па прозвішчу Касоўскі, следчым працаваў...

— Фама? — усхапіўся Андрэй.

— Здаецца, Фама. Але ён сабе змяніў імя на больш мілагучнае. Феліксам назваўся. Хацеў святое імя апаганіць. А вы хіба яго ведаеце?

— А як жа, да сёмага класа вучыліся разам.

— Дык гэты Фама на камсамольскім сходзе, калі выключылі Браніславу Аляксандраўну за сувязь з вамі, казаў, што Далініч і тут хацеў арганізаваць контррэвалюцыйнае падполле, што збіраў студэнтаў у гэтага... як яго? Ну, сляпы такі быў, на канцы каля могілак жылі...

— Зяма Чэрнін,— падказаў Андрэй. Сэрца яго калацілася, вушы гарэлі, але ён не адважваўся перапыняць доктара.

— Так, так, Зяма. І яго, небараку, цягалі. Ён дзён пяць са мною ў адной камеры сядзеў. Але, мабыць, нічога з яго не выбілі, ды і марокі многа было са сляпым — выпусцілі.

— Дык і вы там былі? — здзівіўся Андрэй.

— А як жа. Хіба ж магла без мяне абысціся такая кампанія? Месяцаў восем прамарылі і выгналі.

— Ну а вас за што?

— За тое, за што і ўсіх. Са мною быў наогул анекдатычны выпадак, хоць і мог кончыцца трагічна. Вы ж, мабыць, помніце, як адразу пасля рэвалюцыі ўсе захапляліся спектаклямі? Ігр.аў і я. У Дваццаць другім і дваццаць трэцім годзе служыў я ўрачом у Самарскай кавалерыйскай дывізіі. Ставілі мы нейкую п'есу, не то «Апошні дзень залатога арла», не то «Пад залатым арлом», ну і, вядома, стралялі ад першага да апошняга акта. Мне давялося іграць царскага палкоўніка, а наш капцінармус пастараўся і адкапаў на нейкім складзе ўсю палкоўніцкую амуніцыю, вусы з авечай шэрсці прыклеілі, крыжоў з кансервавых бляшанак начаплялі і ездзілі з гэтай п'есай з палка ў полк. А пасля ўзялі ды здуру ў поўнай форме сфатаграфаваліся.

Колькі я ў тыя гады пагубляў усяго, а картачка гэтая, як на тое ліха, засталася. Вось за яе я восем месяцаў і парыўся, даводзіў, што не «вярблюд». А ваш былы аднакласнічак скрутачкам з газеты лясь мяне па патыліцы, а пасля вадою адлівае і рагоча: «Далікатны ж вы, палкоўнік Быліновіч, што ад газеткі падаеце. А можа і зусім не Быліновіч, а?» І зноў усё пачыналася спачатку. А ён, нягоднік, у газету гумавую палку загортваў. Ды што вам расказваць, вы болей за мяне бачылі і ведаеце. А ў вайну гэты самы Фама немцам прадаўся, паліцаем служыў, у крыві — па самыя вушы. Гэта доўгая і цяжкая гісторыя. Давайце лепш вып'ем чаю, а тады і пагаворым. Прабачце.

Ён хуценька знік за дзвярыма.

Андрэй, ашчарэпіўшы рукамі схіленую галаву, моўчкі, нерухома сядзеў на старамоднай плюшавай канапцы і думаў. Яму хацелася адразу, як толькі вернецца доктар, спытаць пра Броню, але рабілася страшна пачуць адказ, таму адцягваў яго як прысуд. Ён разумеў, што з Броняй яны даўно чужыя, што ўсё толькі ў мінулым, але хацелася, каб яна жыла і была шчасліваю.

У пакой увайшла сівенькая, але зграбная сястра Аляксандра Сцяпанавіча. Андрэй устаў і пакланіўся. Яна падала яму маленькую, яшчэ моцную руку: