Выбрать главу

Андрэй Пуцята разлічыў, што на світанні Чырвоная конніца праскочыць мост і наблізіцца да Парэчча. Ён прыслухаўся.

— Дзядзька Цярэшка, паслухай і ты, здаецца, тупаюць.

Стары ссунуў на адно вуха заечую аблавушку і лёг на разору.

— Эге ж, Андрэйка, чуваць.

— Атрад, плі! — скамандаваў Пуцята.

Грымнуў і пакаціўся, нібы вялікая пустая бочка, гучны залп. То ў адным, то ў другім канцы вёскі адказалі стрэламі. Відаць, ачухалася варта. Да партызан даляталі крыкі, словы каманды, лямант. І раптам на тым баку вёскі пакацілася густое шматгалосае «ўра!». На ўзгорку паказалася конніца, забліскалі шаблі, захраплі коні. Расхіналіся і трапяталі на ветры стаўбунаватыя шлемы. У розных канцах вёскі бухалі несуладныя стрэлы. Жаўнеры выскоквалі ў расхлістаных мундзірах, без шапак, у адных шкарпэтках; як апантаныя, пераскоквалі праз платы, хаваліся за адрынамі і хлявамі. Некаторыя на неасёдланых конях вузкаю вуліцай памчаліся за могілкі, у малады сасоннік. Каля царквы засакатаў кулямёт і перагарадзіў дарогу ў вясковую вуліцу.

Чырвонаармейцы асадзілі коней, спусціліся ў нізіну і пачалі абкружаць Парэчча. Партызаны паўзлі да гародаў, кароткімі перабежкамі пракрадваліся паміж кустоў, што раслі на куп'істым поплаве, каб з тылу прарвацца на вуліцу і заткнуць зяпу кулямёту, які прыкрываў адыход сваіх. Легіянеры, нібы з дзіравага меха, сыпаліся з другога канца вёскі і знікалі ў хвойніку. Дарогу ім перарэзала чырвоная конніца, засвісталі клінкі, загрымелі стрэлы.

Па разорах да царквы паўзлі Карп Жулега і Апанас Раговіч. Яны ўскочылі на цвінтар і залеглі за бэзавымі кустамі. Грымнулі два гранатныя выбухі, і кулямёт змоўк. Партызаны палезлі праз платы, пабеглі па садках і гародах на вуліцу. Яшчэ сям-там з-за хлявоў і хат адстрэльваліся жаўнеры.

Дзед Цярэшка ніяк не паспяваў за маладымі. Ссунуўшы на вуха аблавушку, ён выскачыў з-за высокага агрэставага куста і ўбачыў за адрынаю жоўты мундзір.

— Стой, пся крэў! — крыкнуў стары, падхапіў вінтоўку, але з-за вугла грымнуў стрэл. Дзеда штурханула, ён закруціўся на месцы, ухапіўся за твар і павольна пачаў асядаць на цвёрдую граду з мёрзлымі храпкамі ссечанай капусты.

Яго знайшлі пасля таго, як скончыўся бой. На рэдзенькай бародцы запяклася кроў, незаплюшчаныя вочы глядзелі ў халоднае шэрае неба.

Разгром партызанамі і чырвонай конніцай парэчнага гарнізона нагнаў страху на белапалякаў. Па вёсках папаўзлі чуткі, што з Гомеля прарваўся полк Чырвонай Арміі і разам з рудабельскімі партызанамі вызваляе цэлыя воласці і гарады, вось-вось прыйдзе сюды. Людзі чакалі вызвалення, мужчыны па адным, па два знікалі з вёсак.

Белапольскае камандаванне занепакоілася: адкуль узялася чырвоная конніца? Можа з гэтай небяспечнай палескай зоны пачынаецца планамернае наступленне чырвоных? Па тым, што расказвалі некалькі ўцекачоў з Парэчча, цяжка было хоць што-кольвек зразумець: у страха вочы лупатыя і лыжка здаецца лапатаю.

Паляцелі трывожныя тэлеграмы ў Бабруйск і ў Мінск. У адказ на іх прыбывалі часці ўланаў і пяхоты, палявая жандармерыя і артылерысты. Яны спыняліся ў Глуску. Заходзілі ў хаты па тры, па пяць чалавек, заганялі гаспадароў у запечча, а самі ўмошчваліся на ложках, у куце навальвалі цэлую гару сёдлаў і амуніцыі. Усё мястэчка прапахла конскім потам і дымам паходных кухань.

Знятыя з фронту часці ад'ядаліся і адсыпаліся перад паходам на Рудабелку. У мястэчка прыязджалі на маляваных вазках дзябёлыя шляхцянкі ў доўгіх футрах з жоўтымі лісінымі каўнярамі, у высокіх боціках на гузіках і да раніцы скакалі з афіцэрамі мазуркі і паланезы, гулялі ў фанты з пацалункамі, стараліся размаўляць «па-польскему», хоць іх польскую гаворку варшавякі і пазнанцы разумелі толькі пятае цераз дзесятае.

А Іван Мазалеўскі з шавецкім начыннем зноў пайшоў па сёлах. Цяпер ён ламаў галаву, як прабіцца ў Рудабелку, каб пераказаць, што збіраецца вялікая сіла жаўнераў. Бадзяючыся па хутарах, ён сустрэў Марыльку, Салаўёву сястру.

Цэлы месяц з рэшткамі свайго батальёна Аляксандр Салавей маршыраваў па вуліцах маленькай Сыноўні. Днём чырвонаармейцы паролі штыхамі мяхі з саломаю, стралялі па мішэнях, а вечарамі латалі гімнасцёркі і шынялі, падэшвы густа падбівалі цвічкамі з пляскатымі галоўкамі і спявалі песні латышскія, венгерскія, беларускія і польскія. З латышамі Салавей гаварыў на матчынай мове, з беларусамі — на бацькавай, польскую трохі помніў з маленства ад шляхцюкоў. Цяжэй было з венграмі. Яны добра разумелі каманду, ведалі, што трэба рабіць, калі ім што даручаюць, а вось пагаварыць з кожным байцом па душах камандзір не ўмеў. А як жа камандаваць, калі не ведаеш, хто чым жыве, пра што думае, чаго сумуе ці радуецца. Салавей часта ездзіў у Смаленск у штаб Заходняга фронту і ва Упрафарм,[16] патрабаваў, каб хутчэй батальён адпраўлялі на фронт, даводзіў, што нельга ў такі час адседжвацца ў ціхай Сычоўцы.

вернуться

16

Упрафарм — упраўленне фарміравання арміі.