Выбрать главу

— Не спяшайцеся, таварыш Салавей,— супакойвалі яго ва Упраўленні фарміравання,— вы яшчэ пакажаце сябе.

— Я ж не клоун, каб паказваць сябе. Я бальшавік і не маю права страляць па мішэнях і патрашыць сеннікі, калі гінуць нашы людзі.

— Скажу па сакрэту,— гаварыў начальнік упраўлення, лысаваты мужчына з выпраўкаю і манерамі былога афіцэра,— мы фарміруем полк чырвоных камунараў. Ён адправіцца на барацьбу з белалатышамі. Якраз вашы стралкі і будуць вызваляць родную зямлю. Камандзірам палка прызначаны ваш зямляк, бабруйчанін Іван Варфаламеевіч Царук. Вось так, Аляксандр Раманавіч.— Начальнік ветліва ўсміхнуўся і ўстаў.— Зайдзіце ў штаб фронту і атрымайце загад аб пераводзе ў Смаленск.

Праз два дні інтэрнацыянальны батальён уліўся ў полк чырвоных камунараў. Заўсёды падцягнуты Салавей цяпер быў асабліва па-дзелавому напружаны, заклапочаны і энергічны. Ён даставаў палявыя карты, гутарыў з ротнымі камандзірамі, асабліва часта заходзіў у латышскую роту, распытваў, хто адкуль родам, доўга гаварыў з латгальцамі, па карце вымяраў дарогі ад Дзвінска да Люцына і Рэжыцы, запісваў латышскія назвы вёсак і хутароў. Гаворачы з байцамі, Салавей бачыў разбітыя чаравікі, лупатыя латкі, не ў кожнага былі рукавіцы ці пальчаткі.

Па цёмных вуліцах Смаленска свістала завіруха, здувала з узгоркаў сыпучы снег, бразгала бляхаю дахаў, гула ў зубцах крамлёўскай сцяны. У такую сцюжу разуты салдат шмат не наваюе. Гэта непакоіла Салаўя. Ён прыйшоў да камандзіра палка і далажыў, што яго батальёну трэба восемдзесят шэсць пар абутку.

— Каб толькі восемдзесят шэсць! — сумна адказаў Царук.— На полк патрэбна сама меней пар чатырыста. А дзе іх узяць? Пачакай, зараз прыйдзе загадчык гаспадаркі. Паслухаем, што скажа Муляўка.

Увайшоў высокі мужчына ў кароткім шынялі, у абмотках і выцертай папасе. Увесь твар Муляўкі быў збіты воспаю, на месцы броваў тырчала некалькі рэдзенькіх валасінак. Ён выслухаў камандзіра палка, памаўчаў і спакойна адказаў:

— Трэба ехаць у Маскву.

— Там для нас назапасілі і толькі чакаюць цябе.

— Можа і не назапасілі, а даць дадуць.

— Хто гэта табе дасць? — пачынаў злавацца Царук.

— Таварыш Ленін дасць,— адказаў Муляўка.

— Ты што, з раніцы п'еш?

— Я з Уладзімірам Ільічом два гады разам у ссылцы быў. Ведае ён мяне. Даложаць — прыме і выслухае, а калі выслухае, паможа.

— Гм, а ты не прыдумляеш? — памякчэў Царук.

— Што тут прыдумляць, Іван Варфаламеевіч. Каб было дзе дастаць, хіба б стаў турбаваць Уладзіміра Ільіна ў такі час?

— Чаму ж ты раней не казаў, што разам у ссылцы быў?

— А чаго хваліцца? Так што выпісвайце дакументы, давайце пару чалавек у помач. Калі пашанцуе, будуць чаравікі.

— Каго табе даць?

— Ёсць у мяне пракідныя хлопцы,— ажывіўся Салавей.— Казначэй Сцяпан Герасімовіч і камандзір узвода Лукашэвіч.

— Прысылай іх сюды,— сказаў Царук.— І сам прыходзь.

Выпраўляючы хадакоў у Маскву, камандзір палка папярэджваў:

— Вы ж хоць вельмі там у вочы не лезьце. Клопатаў у таварыша Леніна па самую званіцу Івана Вялікага, і не да чаравікаў яму цяпер. Дасць — добра, а не, захапіце грошай, можа чым на Сухараўцы разжывемся.

— Грошай у мяне цэлая торба,— пахваліўся Герасімовіч.

— Глядзі, каб не свіснулі,— папярэдзіў Царук.

— А я іх ніколі не пільную, таварыш камандзір. Заходжу ў вагон і кідаю пад лаўку. Спытае каторы: «Чаго гэта, салдацік, напакаваў?» «Бланкі,— кажу,— плечы ўварвалі. Вайна ідзе, а тылавыя пацукі канцылярыю развялі».

— Ой, хлопча, глядзі, каб не знайшлося разумнейшага за цябе. Пільнуйцеся таварыша Муляўкі. Ён чалавек бывалы. Што скажа, тое і рабіце.

Пасланцы крутнуліся і выйшлі з пакоя. За вокнамі скавытаў вецер і гнаў сухі сыпучы снег. У казарме было холадна і цёмна, густы іней іскрыстай поўсцю захутаў сцены. Камандзір палка сядзеў за сталом у белым казловым паўкажушку і ў кубанцы. За кожным словам з вуснаў вылятаў струменьчык пары.

— Белая латышская армія падышла да Асвеі, наступае на Дрысу. Наша задача не толькі спыніць наступленне, але адкінуць белалатышоў назад, замацавацца ў раёне Рэжыцы. Вашаму батальёну даручана абысці ворага з тылу і нанесці першы неспадзяваны ўдар. Будзеце прабірацца па тылах, на Невель, Ідрыцу і Себеж. Калі там не ўдасца прайсці, кіруйцеся на Ізборск. Полк завяжа баі з фронту, прарвём кальцо белякоў і злучымся недзе вось тут.— Царук ткнуў у блакітны кружочак на карце. Салавей знайшоў яго на сваёй трохвёрстцы і адзначыў кружочкам невялікае возера Рэзна.