— Ваша латышская рота будзе весці разведку з большым поспехам, чым хто іншы. Ды і ў штабе ведаюць, што Салавей не ўмее адступаць. Калі пашанцуе, падабуемся, і — у бой. Вы верыце, што Муляўка што-небудзь прывязе?
— Калі толькі ёсць у Маскве, даб'ецца. Гэты чалавек абы-што гаварыць не ўмее. Стары бальшавік. Царскія турмы і ссылкі прайшоў. Пэўна, і Леніна ведае.
— Можа і ведае, але ці ведае Ленін яго? — засумняваўся Царук.
— Нават калі і не ведае, дапаможа. Не для сябе ж чалавек стараецца, для фронту,— пераконваў камандзіра Салавей.
Назаўтра на двары казармы Аляксандр убачыў бацьку і вачам не паверыў.
— Адкуль вы, тата? — кінуўся ён да старога.
— Гэ, браце, доўгая песня. Гляджу я гэта і думаю сабе, чаго тут столькі бэйбусаў назбіралася — морда ў морду, а ў нас старыя і бабы ваююць ды ад вас помачы чакаюць.
— Не, усё ж скажыце, як вам удалося столькі прайсці і цераз фронт прабрацца?
Стары Раман хітра ўсміхнуўся і падміргнуў сыну.
— На шапку-невідзімку разжыўся. Дзе скокам, дзе бокам, дзе дурнем прыкінуся, дзе ў шчыліну пратачуся, от і прабіўся цябе адведаць. Дай, думаю, схаджу, пагляджу, як тут сынок ваюе. А ты нішто, спраўны. Быў бы ў нас добры камандзір.
— А хіба ў вас няма?
— Чаму няма? Максім Ляўкоў у воласці і над усімі атрадамі вараціла; Андрэй Пуцята, Ігнат Жынко за камандзіраў. Даём трохі пытлю панкам. Але і ты быў бы не лішні.
Раман расказваў сыну пра першыя баі з белапалякамі, пра разгром Парэцкага гарнізона, пра смерць Цярэшкі, пра тое, як Марылька і Ліна памагаюць партызанам. Але так і не расказаў, як двойчы пераходзіў праз лінію фронту і як думае дабірацца дадому.
— А я і не думаю,— адказаў Раман.— Можа і мне знойдзецца месца ў вашым палку. Хоць за кашавара буду.
Дні тры ўгаворваў Аляксандр бацьку, каб вярнуўся дахаты. Пераконваў, што баі будуць цяжкія і доўгія, што не ў яго гады ваяваць у рэгулярным войску. Ён даў старому паперку за подпісамі і пячаткамі штаба, каб каменданты і камандзіры часцей садзейнічалі Раману Аляксандравічу Салаўю перайсці лінію фронту для вядзення рэвалюцыйнай работы ў тыле ворага.
Развітваючыся каля цяплушкі, у якой ехалі чырвонаармейцы пад Оршу, бацька з сынам моцна абняліся. Раманаў кажух пах знаёмым хатнім духам, калючая барада напомніла, як у маленстве яна казытала шчокі, калі Аляксандр залазіў да бацькі пад коўдру пагрэцца. Успомніліся сябры, што адстойваюць савецкую ўладу ў Рудабелцы. Прыгадаліся цёмныя Парасчыны вочы, выразна пачуўся голас нябожчыка Цярэшкі, і так зрабілася шкода старога, што аж зашчымела пад сэрцам.
Аляксандр падсадзіў бацьку ў гаманкую, ледзь асветленую агаркам цяплушку, папрасіў чырвонаармейцаў прытуліць старога.
Праходзячы па пероне, Салавей пачуў знаёмыя галасы і глухі грукат. Каля апошняга вагона чырвонаармеец з вінтоўкаю ў руках пакрыкваў на кожнага:
— Правальвай, правальвай, не затрымлівайся!
«Няўжо Сцёпка?!» — узрадаваўся Салавей. Насустрач паднялася вінтоўка.
— Праходзь направа! — крыкнуў вартавы.
— Чаго добрага яшчэ здуру і стрэліш,— спакойна адказаў камандзір.
— Хлопцы, Аляксандр Раманавіч тут! — узрадаваўся Герасімовіч.
— От гэта малайцы,— ускокваючы ў вагон, ускрыкнуў Салавей і пачаў выкідаць звязаныя па некалькі пар чаравікі і боты. Яны пахлі дзёгцем і скураю, рыпелі і з грукатам падалі на платформу.
Муляўка з кута выцягнуў тры вялікія скруткі, абмацаў падлогу, ці не засталося дзе чаго.
— Ну, усё. Добра, што паспелі.
Толькі яны выскачылі з вагона, паравоз прарэзліва раўнуў, зачухкаў клубамі пары, і цягнік павольна пакаціўся па прыцярушаных снегам рэйках.
— Я пабягу па сані,— сказаў Муляўка,— а вы тут пільнуйце.— І, пераскокваючы праз пуці, знік у замець
Пільнаваць на платформе асталіся ўтраіх.
— Расказвайце, як гэта вам удалося? — карцела Салаўю хутчэй пра ўсё дазнацца.
— Прыехалі мы ў Маскву раніцай. Горад завалены снегам. Бачым, рамізнік стаіць; падыходзім, думаем — хутчэй даедзем. А ён ні блізка: конь, кажа, аташчаў і траіх не давязе. Пайшлі пехатою.
— Хіба я ў цябе пытаюся пра рамізніцкага каня? Ты мне скажы, Леніна бачылі? — не стрымаўся Салавей.
— Бачылі, бачылі, таварыш камандзір,— супакоіў Лукашэвіч.— А Сцёпка іначай не ўмее расказваць.
— Калі такі разумны, сам расказвай,— пакрыўдзіўся Герасімовіч
— Прыйшлі, гэта значыць, да Крамля,— пачаў Лукашэвіч,— вартавы стаіць, дакументы правярае. Паказваем свае мандаты. Глядзеў, глядзеў, потым тузануў за дрот. Чакаем. Прыходзіць развадзяшчы. Таварыш Муляўка так яму проста і кажа: «Далажыце, гэта самае, Уладзіміру Ільічу, данясенні з фронту прывёз Іван Муляўка і просіць прыняць». Памуляўся развадзяшчы. Можа, кажа, хто другі прыме? «Не, толькі да таварыша Леніна».