Выбрать главу

Батальён з крыкам «ура» падняўся ў поўны рост і кінуўся следам. Рэха страляніны з возера дакацілася да Асвеі. Рэшткі белага гарнізона кідалі ўсё і адступалі на Краслаўку.

Змораныя чырвонаармейцы прыпыніліся ў невялічкім маёнтку. Трэба было адпачыць і агледзецца, каб не трапіць у нерат. Вораг адкаціўся за пералескі і хмызнякі. Узводныя расстаўлялі баявую ахову, разводзілі пасты.

Да чырвонаармейцаў падышоў высокі худы мужчына ў рызманах, разбітых лапцях. Ён пазіраў чыстымі, па-дзіцячы наіўнымі вачыма. Сцягнуў з лысай галавы шапку, пачаў нешта мэкаць, паказваць рукою, па-каталіцку жагнацца ўсёю далоняй і некуды клікаць. Хоць чалавек быў нямы, але настойлівы. Ён ухапіў узводнага за рукаў і пацягнуў да касцёла. За імі пайшло некалькі чырвонаармейцаў. Невялікі беленькі касцёл стаяў на ўзгорку, вакол яго раслі старыя ліпы. Каля касцельнай сцяны байцы ўбачылі страшэннае відовішча. На снезе стаяў голы, нібыта зашклёны, чалавек. На спіне глыбокаю ранай запяклася і заледзянела пяціканцовая зорка. Адно вока было выбіта і заплыло крывавым камяком, другое мутна пазірала з глыбокай тугою і папрокам.

— Гэта ж наш камісар Ясюнас! — крыкнуў узводны.

Байцы паздымалі шапкі і стаялі, як знямелыя. Такога яны ніколі не бачылі: парэзанага кінжаламі, праторанага штыхамі камісара целяшом выгналі на мароз і аблівалі вадою, пакуль ён не зайшоўся. Вось і стаіць, як помнік мужнасці, як абвінавачанне азвярэлым катам...

Калі на касцельным узгорку хавалі Ясюнаса, арганіст расказаў Салаўю, як нябожчыка, апранутага ў світу і ў лапці, затрымалі за аселіцаю белыя салдаты, распыталі і хацелі адпусціць, але нарваўся афіцэр і пацягнуў чалавека ў лапцях у плебанію. Там нехта пазнаў яго. Казалі, той юда ведаў яго некалі яшчэ да вайны, нібыта нават вучыліся разам. І пачаўся допыт.

— І вось так ён скончыўся,— сумна сказаў арганіст.

На сыпкія камякі мёрзлай зямлі ўзышоў камандзір батальёна і загаварыў па-латышску.

— Вайна ідзе даўно, але такое зверства мы бачым упершыню. Неразумныя людзі скажуць: латышы замучылі латыша. Няпраўда! Гэта звяры знішчылі добрага, чулага чалавека, які хацеў свабоды і шчасця для сваёй зямлі і для латышскага народа. Мы павінны не толькі адпомсціць за смерць таварыша Ясюнаса. Вызваліць гарады і сёлы Латвіі ад наймітаў капіталу, ад бандытаў і галаварэзаў — наш абавязак. Паклянёмся выканаць яго,— закончыў Салавей па-руску. І ў адказ грымнулі галасы латышоў, беларусаў, венграў, палякаў:

— Клянёмся!

— Клянёмся! — падхапіла рэха.

...Раніцою батальён выступіў з надзеяю прарваць абарону праціўніка, злучыцца з асноўнымі сіламі палка і вызваліць ад белай арміі Рэжыцу.

За ноч сціхла завея. Пацягнула цёплым адліжным ветрам. Снег набракаў вільгаццю, намакалі чаравікі, дубянелі ногі, і дрыжыкі праціналі аж да самай патыліцы.

Цяпер Салавей высылаў разведку невялічкімі групамі, яны прыкрывалі і падтрымлівалі адна адну.

Вярсты за дзве ад лесу праходзіла лінія варожай абароны. Яна замыкала кола, у якое трапіў полк чырвоных камунараў. Пра гэта дазнаўся Салавей ад сваіх разведчыкаў. Абставіны і задачы мяняліся. Трэба было нечакана напасці на белых. Узняць сярод іх паніку, разарваць кола і разам з палком ужо не прабівацца з акружэння, а наступаць, граміць белалатышоў па ўсім фронце.

Занятая белымі вёска стаяла за невялічкім узгоркам у зацішнай нізіне. З яе і збіраўся камандзір пачаць прарыў. Наўкол было бела і ціха, сыпаўся лёгкі іскрысты сняжок, прыцярушваючы шапкі і плечы. Батальён стаіўся ў лесе. Раскладваць агні было забаронена. А холад працінаў навылёт. К вечару зноў браўся марозік і люта хапаў за ногі ў намоклых за дзень чаравіках.

На змярканні мароз прыціснуў яшчэ мацней. Чаравікі і боты грукаталі, як каменныя, і пакрываліся белаю ігліцай інею. Чырвонаармейцы тупалі ўсё жвавей і жвавей, ляпалі па спінах рукамі, хукалі ў дзіравыя рукавіцы. Здавалася, заледзянелыя яловыя лапы, мігатлівыя сняжынкі і нават высокія колкія зоры — усё працінае вострым холадам схуднелыя салдацкія спіны.

У поўнач Салавей з латышскай камуністычнай рота» пайшоў на вёску, занятую белымі. Астатнія дзве рсты прыкрывалі флангі.

У вокны сонных хат паляцелі гранаты, успыхвалі вінтовачныя залпы, тарахцелі кулямётныя чэргі. Паднялася страшэнная паніка.

Белалатышы вырашылі, што іменна тут прарываецца акружаны полк, зняліся з акопаў, каб затуліць прарэшыну, кінуліся на помач сваім, але іх у полі спыніў шквал кулямётнага агню — білі абедзве роты, пакінутыя Салаўём на флангах.

Да раніцы варожае кола было разарвана больш, як на пяць вёрст. Неспадзеўны ўдар з тылу так напалохаў белых, што ім здалося — на прарыў ідзе цэлая дывізія. У бой увязаліся перадавыя часці акружанага палка чырвоных камунараў.