А з варожага акружэння выходзілі абозы, параненыя, тыфозныя і абмарожаныя чырвонаармейцы. Абмарожаных было шмат. Іх адпраўлялі ў Ідрыцу і ў Себеж. Адыход прыкрываў батальён Салаўя.
Апошнім з акружэння прабіваўся настылы і гулкі бронецягнік. На крутым пад'ёме з рэек сышла платформа. Байцы інтэрнацыянальнага батальёна скінулі яе пад адхон, паўмошчваліся хто куды і на цягніку вырваліся з варожага кола.
Пасля адліжных дзён і марознай штурмавой ночы з палка выбыла трыста шэсцьдзесят абмарожаных байцоў, многіх зваліў тыфус, параненых развезлі па тылавых шпіталях.
Рэшткі палка чырвоных камунараў зліліся з чатырыста семдзесят шостым палком пяцьдзесят трэцяй дывізіі.
6...
Пасля каляд вызверыліся маразы. Аж страляла па завуголлю. Перад заходам сонца неба налівалася чырванню, сняжынкі мільгалі ружовымі, сінімі, зялёнымі агеньчыкамі, а над лесам падымаўся вясёлкавы слуп.
— Гэта боскі знак на няшчасце, на пакуты і на слёзы,— боязна пазіралі кабеты і жагналіся.
Трывожна ў гэтыя дні было і ў рэўкоме. Не слуп на небе палохаў Максіма Ляўкова: пераказала Салаўёва Марылька, што ідзе на іх вялікая сіла, з конніцаю і пушкамі. І з Парыч пераказалі: «Наступаюць з Мазыра легіянеры, сцеражыцеся».
Як тут усцеражэшся ад гармат і кулямётаў? Але і здавацца не выпадала. Белапалякі дачакаліся, калі Пціч укрылася тоўстым лёдам і калі маразы закавалі балоты і азярыны, а на снезе відаць нават сарочы след. Вось і падцягнулі сілы, каб прыдушыць бальшавіцкую воласць.
Рэўком цяпер быў падобен на баявы штаб. Усім кіраваў Максім Ляўкоў. Атрад Ігната Жынко размясціўся непадалёк ад Пцічы, узвод Цімоха Валодзькі заняў Карпілаўку і Дуброву, Максім Ус з хлопцамі — Кавалі і Лаўстыкі. Добра, што ў кожным узводзе было па кулямёту, па скрынцы патронаў, а ў кожнага партызана — вінтоўка або карабін і за папружкаю пара гранат.
У атрады прыйшлі старыя і падлеткі, за зброю ўзяліся ўсе камуністы. Параска прывяла ў рэўком чатырох удоў.
— Дай, прысядацель, бабам хоць па якой ламачыне, абы страляла.
У самой за плячыма вісеў новенькі карабін. Кажушок Параска падперазала шырокай папругаю з двума патранташамі.
— Не баламуць жанок, Параска,— сунімаў яе Ляўкоў,— няхай смокчуць сабе кудзелю. Не бабскае ета дзела ваяваць. Табе сядзець дома не выпадае, што праўда, то праўда. Хоць ка дзень ускочаць палякі — не здабраваць. Шляхецкую і панскую зямлю дзяліла? Дзяліла. Камунаю запраўляла? Запраўляла. Значыць, ратуйся. А вы, маладзічку ідзіце дадому, малыя ўжо недзе скуголяць.
Параска засталася вартаваць рэўком. На зборні яна грэлася каля цёплай грубкі, часам выходзіла на ганак, чула, як лапоча залубянелы на марозе сцяг, і зноў успамінала Аляксандра. Дзе ён цяпер? Ці жывы хоць? Калі ўжо так няймецца, хай бы дома ваяваў. Цяпер усе ваююць, у любым засценку, у кожным куточку. А яго недзе носіць па свеце. Тут бы хоць на вачах быў... От прысушыў! Ні ўдзень, ні ноччу з галавы не ідзе...
Раніцою слаўся марозны туман. Досвітак быў сіні, і снег здаваўся сінім. Звонка, нібы драчыны крык, рыпелі дарогі і калодзежныя жураўлі. Раптам, як гром сярод яснага неба, цішыню світанка разарваў гулкі гарматны стрэл і пакаціўся над заінелымі лясамі і ціхім аснежаным полем. Нешта гахнула, аж зыбанулася зямля. Такога яшчэ Параска не чула. Яна тройчы стрэліла ўгору, ало яе сігналу ўжо ніхто не чуў — ішоў бой на ўзлессі каля Пцічы, сакаталі кулямёты каля Смыковіч і Лесак, па Дуброве біла артылерыя. Пачалося!
Здавалася, грыміць і калоціцца ўся зямля, бліскае сухім зеленаватым бляскам. Параска падцягнула цяжкую драбіну, прыставіла яе да ганка, порсценька ўзбегла па ёй і ўзялася адрываць кіёк, на якім трапятаўся сцяг. Цвікі заржавелі і не паддаваліся. Яна цягнула, тузала кій з боку ў бок. Нарэшце з піскам, нібы плачучы, вылезлі цвікі з намёрзлых дошак. Параска зняла з кійка цупкае палотнішча, склала яго ў некалькі рэдзяў, схавала пад кажушок, замкнула дзверы воласці і берагам Нератоўкі пабегла ў Карпілаўку. Там залёг узвод Цімоха Валодзькі. Нешта ж вельмі зрабілася светла. Параска азірнулася і ледзь не ўпала. Злева і справа калыхаліся і шугалі зыркія вогненныя слупы з чорнымі кутасамі дыму. Гарэлі Дуброва і Кавалі. Стаяў доўгі прарэзлівы гул, яго заглушалі гарматныя выбухі і вінтовачныя стрэлы. А над лесам узыходзіла вялікае чырвонае сонца, у бяздонным небе плылі і раставалі лёгкія хмурынкі, на голлі блішчаў пусты іней, ён палахліва асыпаўся ад кожнага вінтовачнага стрэлу. Параска ледзь не выскачыла пад партызанскія кулі.