— Карп, ты жывы?
— Карпілаўскія, сюды!
Камандзіры збіралі сваіх партызан. У кожным узводзе некага не далічваліся. Не верылася, што загінуў Максім Ус, што засталіся ляжаць на снезе маладыя таварышы. А яшчэ раніцою яны смяяліся, частавалі адзін аднаго самасадам, беглі, стралялі, паўзлі па полі.
Стомленыя, галодныя партызаны туліліся спінамі да хвояў і моўчкі адпачывалі. У кожнага дома асталіся свае. Што з імі? Можа на селішчы дагараюць галавешкі, а бацьку, маці, жонцы і дзецям няма куды прытуліцца...
На пянёк ускочыў Максім Ляўкоў. На ім быў падраны кажушок, вялікая авечая шапка і старыя падшытыя валёнкі. З-за папружкі тырчалі наган і дзве гранаты. Да старшыні пачалі падыходзіць партызаны.
— Таварышы,— ціха пачаў ён.— Сёння мы страцілі многіх сяброў. Легіянеры паляць нашы хаты, здзекуюцца з блізкіх. Мы не ўстоялі перад гарматамі і кулямётамі, але і не здаліся. Будзем збіраць сілы, каб хутчэй выбіць ворага з нашай воласці. Адпомсцім за таварышаў, вызвалім нашы сем'і ад панскіх здзекаў.
У лесе ёсць у нас некалькі буданоў, але ў іх у такую халадэчу не ўседзіш. Можа вясною яны нам і спатрэбяцца, а цяпер пойдзем у Граб'ё, апамятаемся, падумаем, што будзем рабіць.
— Чаго там думаць? Адна ў нас работа,— выгукнуў маладзенькі высокі Амяллян Падута,— біцца за савецкую ўласць.
Да Ляўкова праціснулася Параска. Яна з-за пазухі дастала скрутачак у белай хусцінцы і падала Максіму.
— На, старшыня, схавай. Можа скора спатрэбіцца.
Ляўкоў развязаў хустачку. У яго руках было чырвонае палотнішча рэўкомаўскага сцяга. Ён падняў яго высока над галавой.
Па цёмным лесе, прадзіраючыся праз гушчар, праз замеценыя снегам вывараты, правальваючыся ў сумёты, ішлі партызаны шукаць сабе прыстанку.
У вёсках галасілі жанчыны па забітых сынах і мужах, па братах і каханых. Плакалі замурзаныя і закураныя пагарэльцы, просячыся ў хату да радні або да суседзяў.
А пад вечар пайшлі па дварах «канаркі». Так адразу празвалі палявую жандармерыю з жоўтымі аколышкамі на канфедэратках. Вушы белапалякі закрывалі чорнымі аксамітнымі навушнікамі, у кішэнях насілі маленькія бляшаныя грэлкі з запаленым усярэдзіне вугалем. Ад іх заўсёды пахла прыпаленай воўнаю.
«Канаркі» не ішлі абы-куды, а заварочвалі толькі ў тыя хаты, на якія нехта падтыкаў. Бо адкуль бы ім ведаць, дзе хто жыве, колькі ў каго сыноў і дзе яны.
Наводзіла жандараў засцянковая шляхта. А тыя ўрываліся ў хату, сцягвалі з печы старых дзеда ці бабу, свістаў бізун, чуліся крыкі і енкі.
Вельмі ж ужо лютаваў канапаты, з тлустай мордаю Зігмунд Смальц. Ён не глядзеў ні вока ні бока: так хвастаў шомпалам, што аж пырскала кроў.
Чалавек сорак збітых мужчын і кабет сагналі да воласці. Яны панура чакалі, што ім скажуць, куды пагоняць далей. Наўкол салдаты з карабінамі рыпалі падкаванымі ботамі па ўтаптаным снезе. На ганак выйшаў куртаты камендант з бурачковым тварам. Ён нават не паглядзеў на людзей, што стаялі перад ім.
— Ежэлі вашы галганы не пшыдуць до гміны і не жуцяць зброю, іх ойцы і маткі бэндуць растшэляны.
За спіною каменданта стаяў шыракаплечы, з рудымі вусамі, у пацягнутым фабрычным сукном футры шляхціц з Харомнага — Фэлік Гатальскі. Ён лыпаў жоўтымі вачыма і выскаляў пракураныя конскія зубы.
— Вам зразумела, што кажа пан камендант?
Натоўп маўчаў. Нехта ў самай сярэдзіне сказаў голасна і выразна:
— Зразумела, юда, што па табе вяроўка плача.
— Маўчаць, гады,— узвіўся Гатальскі, прызначаны войтам гміны
— Як жа мы скажам сынам, каб кідалі зброю, калі нас заарыштавалі? Ты адпусці, дык мы сходзім і скажам,— выткнуўся наперад Андрэй Падута.
— Пашукай дурнейшага за сябе, можа ён і адпусціць. А тваім бандытам перакажуць і без цябе,— агрызнуўся новы войт.
К вечару заложнікаў адправілі ў Бабруйск і пасадзілі ў крэпасць. Але не сунімаўся Смальц. Ён ездзіў па сёлах, вынюхваў, дзе ёсць бальшавікі і партызаны.
У Гаці Смальц знайшоў жонку Лявона Адзінца Ульяну. Яго ўразіла прыгажосць вясковай маладзіцы. У яе вялікіх чорных вачах бліскалі агеньчыкі нянавісці, а смуглявы твар быў спакойны і горды. Гэта яшчэ больш злавала панскага ката. Спачатку ён ветліва і мякка дапытваўся, дзе яе камісар.
— Захварэў на тыфус і адвезлі ў бальніцу,— спакойна адказала Ульяна.
— Ілжэш, сука! — узвіўся Смальц.— Ён учора быў тут! — І з усяе сілы хвастануў бізуном. Тонкі канец, як змяя, абвіўся вакол шыі. Смальц рэзка смыкнуў бізун да сябе — на шыі наліўся крывавы рубец.— Ну! — закрычаў жандар.
Ульяна моўчкі, з глыбокаю нянавісцю, глядзела на яго, а калі зноў узвіўся бізун, з усяе сілы плюнула ў агідны, разапрэлы ад спірту і лютасці твар.