Бізун са свінчаткаю на канцы хвастаў маладзіцу па твары, па руках, па спіне. Ульяніна маці на каленях кінулася да Смальца.
— А паночку, злітуйся! Калі так крыві захацелася, забі лепей мяне, а яе не чапай. Дзіця ў яе будзе.— І ўчапілася сухімі рукамі ў бізун. Жандар носцам жоўтага бота так грымнуў ёй у грудзі, што старая адкацілася пад прыпечак.
Босую Ульяну ён вывалак на двор, зваліў у снег, мясіў нагамі ў жывот і ў грудзі, пакуль няшчасная не залілася крывёю і не страціла прытомнасць.
Смальц выцер аб снег скрываўлены бізун і запырсканыя крывёю рукі, сплюнуў і пайшоў з двара.
На чацвёрты дзень Ульяна апрытомнела, папрасіла піць і ледзь чутна прашаптала разбітымі губамі: «Ратуйце Лявона!» На змярканні яна сканала.
А Лявона ў тыфознай гарачцы вёз ягоны дзядзька Пятро ў Смыковічы. Спадзяваўся там як-небудзь перахаваць, а можа і пераправіць да сваіх у Гомель. Пятро стараўся ехаць нацянькі, далей ад бітых гасцінцаў. Калі сустракаўся хто ды пытаў, адказваў: «Парадзіху да бабкі вязу» або: «Старая занядужала, еду рады шукаць».
Укрыты посцілкамі з галавою, Лявон ляжаў моўчкі. Часам чуваць было, як яго калоцяць дрыжыкі, як ён скрыгоча зубамі. Дзядзька шчыльней прыкрываў хворага сенам, падтыкаў посцілкі і ехаў далей.
За Карпілаўкаю, на ўзгорку, насустрач выскачылі чатыры ўланы. Следам за імі на ўласным гнядым стаенніку ехаў Фэлька Гатальскі.
— Стой, сконт едзеш, стары? — спытаў улан.
Пятро сцягнуў шапку, пакланіўся.
— Старую вязу да шаптухі, паночак. Баюся, каб на возе не кончылася.
Наперад праціснуўся Фэлька.
— А ты пакажы сваю старую,— загадаў ён.
— Калі ж вельмі калоціць яе. Злітуйся, паночак, не чапай,— заенчыў Пятро.
Фалька пад'ехаў да саней, перагнуўся ў сядле і дзяржаннем бізуна адгарнуў посцілкі.
— А пся крэў...— І ён з усяе сілы агрэў старога бізуном па спіне.— Панове, то есть камісаж, большэвік,— аж заекатаў Гатальскі.
Фурманку з хворым Лявонам Адзінцом завярнулі назад. З гадзіну трымалі на марозе каля гміны. Потым два конныя канваіры пагналі на Глускі шлях.
Мароз аж лускаўся: трашчала ў лесе сучча, дарога рыпела, як нямазаныя калёсы. Заінелы конік выдыхаў слупы густое пары і трусіў не вельмі спорнай хадою. Канвойных на сёдлах, відаць, такі добра даймаў холад. Яны бізунамі падганялі каня, але ў таго спрыту хапала толькі на некалькі сажняў, і ён зноў абыякава валюхаўся з боку на бок.
Асабліва прыпякаў мароз у полі. У старога Петрака заледзянелі вусы і барада, рукі, як граблі, ледзьве трымалі лейцы. Ён прыслухоўваўся, ці дыхае Лявон, і ў думках ужо развітваўся з ім — калі не застрэляць адразу, дык замораць холадам і голадам.
У такую сцюжу і ў здаровага душа вылазіць, а гэты ледзьве хаўкае.
У Глуск прыехалі ноччу. Тыфознага пабаяліся пускаць у гміну і ў пастарунак, што быў пры воласці. Зноў доўга трымалі на двары, а потым выйшаў высокі, як хлудзіна, паліцыянт, пасвяціў электрычным ліхтарыкам, адчыніў дзверы доўгае пустое стайні і загадаў «камісара» пакласці туды.
— Як, жывога чалавека, у такі мароз? — абурыўся Пятрок.
— Мільч, мільч, пся маць,— закрычаў паліцыянт.
Стары выграб з палукашка сена, кінуў яго ў кут, трасучыся ад плачу, памог пляменніку дайсці да гэтага смяротнага лагла, прыкрыў пасцілкаю, перахрысціў, як нябожчыка, і, захлынаючыся слязьмі, ціха сказаў:
— Прашчай, Лявоніха.
Зарыпелі вялікія дзверы, бразнуў і заскрыгатаў замок. Пятрок ускочыў у пустыя сані, хвастануў лейцамі заінелага коніка.
Назаўтра, як добра ўвіднела, начальнік жандармерыі загадаў вывезці і закапаць акалелага бальшавіка, каб часам не распаўзлася зараза.
Праз некалькі хвілін прыйшоў той самы доўгі паліцыянт і далажыў:
— Ён жывы. Просіць піць.
— Жывы? — здзівіўся начальнік.— Пачакаем да вечара.
І вечарам Лявон быў жывы. Быў жывы і назаўтра і на трэці дзень. Толькі распухлі і пачарнелі на руках пальцы, а нагамі ён ужо не мог паварушыць.
У жандармерыі толькі і гаварылі пра жывучага рудабельскага камісара, хадзілі паглядзець на яго. Лявон ціха стагнаў і трызніў у гарачцы, клікаў Ульяну, прасіў дзядзьку Петрака, каб наганяў хутчэй. Калі рыпалі дзверы, ён замаўкаў і толькі ціха-ціха прасіў піць.
На трэці дзень у стайню зайшоў сам начальнік. Ён загадаў падняць посцілку. Паліцыянт кійком ссунуў яе з Лявона. Счарнелыя тоўстыя пальцы набрынялі, як налівачы. Але камісар быў жывы. Гэта здзівіла начальніка. Трое сутак на такім марозе не вытрымаў бы і здаровы чалавек, а гэты ўстаць не можа, а жыве. І начальнік загадаў зараз жа адвезці арыштаванага ў Бабруйск і здаць у бальніцу: «Проста для цікавасці, для вопыту. Што за конскае здароўе!»