Выбрать главу

— Вы ж, можа, доўга тут адседжвацца не будзеце, прыйдзеце нас ратаваць? Толькі збірайце болей сілы. А так не ўстоіце. Іх там, ведаеце, колькі?

— Ну? — спытаў Ляўкоў.

— Як мух на падле.

Раман закінуў за плечы берасцяную вярэньку, нацягнуў аблезлую аблавушку і пайшоў.

Партызаны занялі ўсе дарогі, паставілі за вёскаю трафейныя кулямёты і чакалі ночы. Мароз працінаў навылёт. Вакол месяца разбегся вялікі белы круг, высыпалі буйныя зоры, з хвояў звісалі доўгія блакітныя бароды. Было чуваць, як зрываліся з галін і падалі камякі снегу, як ад марозу палусквала сучча.

Узвод Цімоха Валодзькі прытаіўся за аснежанымі кустамі. Хлопцы ўглядаліся ў зіхатлівую лясную дарогу, перарэзаную чорнымі ценямі елак, прыслухоўваліся да кожнага шолаху настылай да звону ночы.

Недзе далёка, нібы ў пальцах крухмал, зарыпела дарога. Гукі набліжаліся і рабіліся выразныя.

На паваротку паказаўся конь, запрэжаны ў настрамачак саломы. На возе сядзела тры чалавекі, чацвёрты ішоў з лейцамі ў руках. Калі фурманка параўнялася з партызанскаю засадай, хлопцы неспадзеўкі выскачылі з-за кустоў. Трое адразу шуснулі з воза і кінуліся ў лес. Нехта бразнуў затворам.

— Не страляць! — прахрыпеў узводны.— Даганяйце і бярыце, як хочаце, толькі не страляць!

Чалавек шэсць кінулася за ўцекачамі. Толькі трашчала сучча ды сыпаўся з галін снег. Да фурмана падскочыў былы матрос Зянон Раговіч:

— Што вязеш?

Нягеглы шляхцюк увесь калаціўся, аж трэслася рэдзенькая казліная бародка.

— А братачка, не ведаю. Самі яны накладалі. Пад саломаю, здэцца, нестацка ёсць. Я ж не вінаваты, жывасілам у падводы пагналі...

— Нябось, мужыка на такое дзела не ўзялі, шэршань гугнявы,— лаяўся Цімох Валодзька, перакульваючы сані з саломаю.

На снег пападалі скручаныя, як вужакі, кулямётныя стужкі і два тупарылыя кулямёты. Хлопцы іх адразу адцягнулі і паставілі за кусты абапал дарогі. Згрэблі ўбакі салому, каб і знаку не было.

— Ты от што, пакуль цэл, садзіся і, не азіраючыся, паганяй у Граб'ё. Спытаюць нашы, скажы ўсё, як было.

Шляхціц ускочыў на сані, сцебануў лейцамі заінелага коніка і памчаўся па дарозе, аж снег закурэў.

У лесе грымнуў стрэл, потым другі. Відаць, адстрэльваліся легіянеры, што пасаскоквалі з воза. Глухім рэхам азваліся далёкія стрэлы ў розных канцах пушчы.

— Ну, пачынаецца. Чуеш, бяруць у клешчы! — сказаў Цімох Валодзька Раговічу.

— Трасца іх возьме! — ускіпеў матрос. На ім з-пад кажушка стракацела паласатая цяльняшка, а чорныя флоцкія штаны пухірамі звісалі над кароткімі халяўкамі старых падшытых валёнак.

На кані прыскакаў малады, тоненькі, як дубчык, Амяллян Падута і перадаў загад Ляўкова: «У бой не ўвязвацца. Атрадам адыходзіць на Парычы. Пакінуць заслоны па шэсць чалавек. Прыкрываць адыход кулямётным агнём!»

Разам з добраахвотнікамі ахоўваць дарогу астаўся былы матрос.

Бой завязаўся толькі пасля поўначы, калі асноўныя сілы партызан даволі далёка адышлі па лясных сцежках.

Як толькі на паваротак выткнуліся жаўнеры, Раговіч секануў па іх густою чаргой, паводзячы з боку на бок кароткай рулькаю кулямёта. Месяц зацягнуўся аблокамі, цені расплыліся, таму і тыя і другія стралялі ў белы свет, як у капейку. Партызанскі заслон не вельмі спяшаўся адыходзіць, а белапалякі не надта насядалі: ваяваць з дзядамі ды з кабетамі было прасцей і бяспечней, чым адкрыта лезці пад партызанскія кулі.

Кулямёты сакаталі злева і справа ад Раговіча. Значыць, сапраўды, легіянеры хацелі неспадзеўкі акружыць вёску. Каб не папярэдзіў стары Салавей, так бы і накрылі абодва атрады. А цяпер не дагоняць, ды яны і не вельмі рвуцца даганяць.

Партызанскія заслоны памалу адыходзілі ў лес. Страляніна сціхала, пакуль не змоўкла зусім.

Рудабельская партызаны лясамі адыходзілі на Парычы, а там, за Бярэзінаю, ужо стаяла Чырвоная Армія. На яе помач і спадзяваліся рудабельцы: патроны канчаліся, вінтовак на ўсіх не хапала, мала было і людзей. А белапалякі толькі ў Рудабелку прыгналі паўтары тысячы салдат, прыкацілі гарматы і штук трыццаць кулямётаў. От і паспрабуй іх адолець. Хоць з восені ў лесе і паставілі буданы з плашак, але ў такую халадэчу ў іх не ўседзіш. Параіліся камандзіры паміж сабою і вырашылі на зіму прабівацца за Бярэзіну.

Ідучы, па самыя пахі грузлі ў снезе, мароз абпальваў насы і шчокі, яны чарнелі і аблузваліся, распухалі ад холаду пальцы, заядалі вошы, голад падцягваў жываты і круціў перад вачамі зорную мітульгу. А партызаны ішлі і ішлі лясамі, спадзеючыся акрыяць, набрацца сіл, узброіцца і, як толькі сыдзе снег, ударыць па легіянерах і назаўсёды ачысціць сваю воласць.