Выбрать главу

Сымон узбеляніўся, нібы яго шылам парнулі.

— Ах ты, бальшавіцкая морда! — завішчаў ён і так стукнуў Раману ў спіну, што той ледзь не паляцеў потырч, але ўхапіўся за маладзенькую рабінку, утрымаўся, крутнуўся назад і рынуўся на Сымона. Хацеў выбіць у таго рэвальвер. Але, мабыць, ужо не было ў Рамана ранейшага спрыту. Гавароўскі трохі адбегся, затупаў на месцы, ускінуў рэвальвер. Стары адскочыў убок і толькі паспеў крыкнуць «пачакай!», як Сымон націснуў курок. Пырхнулі з галінак дразды, узвіўся і прарэзліва закігікаў сіваграк. Па лесе пакацілася глухое рэха.

Раман спатыкнуўся каля абымшэлай трухлявай калоды і павольна асеў на зямлю. Гавароўскі стаяў з паднятым рэвальверам. Яму здалося, што стары хітруе.

— Паднімайся, чуеш? — Сымон асцярожна пачаў падкрадацца да калоды, каля якое ніцма ляжаў Салавей. Спыніўся за два крокі. Зрэзаная пісягамі маршчын шыя збялела, як папера; пажоўкла і звяла адкінутая назад рука. На кволай траўцы Сымон убачыў кроў.

Ён расшпіліў фрэнч, павярнуўся і ледзь не бягом падаўся назад. Адышоўшыся, яшчэ раз азірнуўся.

Якраз у гэтую ноч, калі ў кожнай царкве правілі ўсяночную, рудабельскія партызаны перапраўляліся праз Бярэзіну ў родныя лясы. Толькі што сышоў лёд. Гула вялікая імклівая вада, ад ракі цягнула холадам, а цемра была, што хоць вока выпары. Такая ноч якраз і трэба была партызанам.

А белапалякі радаваліся, што з каляд не чутно на Рудабельшчыне партызанаў: часці адвялі пад Бабруйск, а тут пакінулі толькі гміну, некалькі паліцэйскіх пастарункаў і палявую жандармерыю. Хадзілі пераможцамі і гаспадарамі аж да самага вялікадня. Ім і не снілася, што якраз на ўсяночную атрады Максіма Ляўкова, Андрэя Пуцяты і Ігната Жынко вярталіся ў дрымучую пушчу і асталёўваліся ў лясных буданах.

Ляўкоў паглядзеў, як па-гаспадарску завіхаюцца з сякерамі хлопцы і абурыўся:

— Ці не зімаваць тут збіраецеся? Кіньце дурную работу! Ночы дзве паначуем, агледзімся, ударым па воласці, выкурым палякаў і — дадому.

— І то праўда,— згаджаліся хлопцы і апраўдваліся,— калі ж бо рукі без работы свярбяць.

Каля маленькага будана ў чыгунным казане Параска варыла пшонны крупнік. На неабструганым кіёчку, прыбітым да будана, вісеў крыху палінялы рэўкомаўскі сцяг. Кабета перахапіла вясёлы позірк камандзіра.

— Перасушваю, а папрасую ўжо дома. Хутка ж над воласцю павесім.

— Хутка, Параска. І цяпер назаўсёды. Не сёння-заўтра Чырвоная Армія ўдарыць па ўсім фронце, а тут мы паможам. Так што хутка і дзетак сустрэнеш.

— Дай жа, божа. Падраслі, мабыць, за зіму. Ці пазнаюць хоць?

— Дзе ж яны цяпер?

— У маці на футары кідаюцца. Картопля е, дык што ім адходзіць? А сэрца ўсё ж ные. Толькі б здаровенькія былі.

Параска нудзілася па дзецях, па сваёй хаце і думала, думала пра Аляксандра Салаўя. Гэта ён перавярнуў усё яе жыццё. Здаецца, паклікаў бы, у агонь кінулася б за ім.

Яна ціха ўздыхала і часам малілася за яго.

На другі дзень вялікадня партызанскія разведчыкі дазналіся, што нехта застрэліў старога Рамана, і ён дагэтуль ляжыць пры дарозе. Ноччу атрад Андрэя Пуцяты акружыў Хвойню. Цішком знялі варту, і за якой паўгадзіны ад ясандармерыі і пастарунка нічога не асталося. Ляўкоў у тую ж ноч захапіў Рудабельскую воласць, а Ігнат Жынко са сваім атрадам выбіў узвод легіянераў з маёнтка.

У сярэдзіне мая 1920 года ў воласці ўжо не асталося ніводнага акупанта. Партызаны перайшлі Пціч, баі грымелі паміж Зацішшам і Ражанавам, а праз Парэчча на дапамогу партызанам ішла Чырвоная Армія. Яна пачала наступаць па ўсім фронце. Скаланулася, захісталася, зрушылася, як веснавая крыга, узброенае, апранутае і адкормленае Антантаю войска. Яно пакідала беларускія мястэчкі і вёскі, гарады і гарадкі. Легіянеры ўскоквалі ў хаты, хапалі ўсё, што можа спатрэбіцца ў дарозе,— слоікі з мёдам, свежыя і вэнджаныя шынкі, сала, масла, яйкі. Адыходзячы, палілі за сабою масты. Яны баяліся лясных дарог: бярэзнікі і хвойнікі стралялі па акупантах,— партызаны адбівалі абозы з нарабаваным дабром.

Конніца і двухколкі ляцелі напрасткі па густым закаласелым жыце: так было смялей. Цягнуліся чорныя дарогі ў зялёным палявым моры — утаптаныя ў зямлю сцябліны сіліліся і не маглі ўстаць, іх зноў і зноў дратавалі капыты ўланскіх коней, цяжкія колы абозаў і пехацінскія боты.

Хлебаробы ўціралі слёзы жалю, крыўды і ўласнага бяссілля. Той, чые палоскі траплялі пад капыты і колы, адразу станавіўся жабраком.

Над гасцінцамі і палямі курыліся воблакі густога пылу, небасхіл зацягваўся дымам далёкіх і блізкіх пажараў — пілсудчык спаганялі злосць на саламяных стрэхах убогіх хацінак і заімшэлых свіронкаў. У спёку яны палалі, як свечкі.